Непатрэбны Тарашкевіч і ягоны таямнічы арышт

Сёння — дзень памяці Браніслава Тарашкевіча. Шмат хто ведае яго, як аўтара «Беларускай граматыкі для школ» — першага і на доўгі час галоўнага падручніка па беларускай мове.

Бліскучы аратар, унікальны лінгвіст, адзін з лідараў папулярнай у Заходняй Беларусі Беларускай сялянска-работніцкай грамады — ён валодаў дзіўнай для нашых палітыкаў рысай — нацыянальная справа яму была важней за ўласны дабрабыт.

Паводле Леаніда Дранько-Майсюка: «на бясконцых допытах і судах даказваў следчым і суддзям, што Грамада не займалася антыдзяржаўнай дзейнасцю, не мела кантактаў з камуністамі. /…/ следчыя ўсміхаліся, бо цудоўна ведалі /…/ кіраўніку масавай беларускай арганізацыі немагчыма пазбегнуць стасункаў з Менскам і Масквой…»

Польскія ўлады неаднаразова кідалі яго за краты. Самы гучны арышт адбыўся ў студзені 1927 году, калі Тарашкевіча асудзілі на 12 год, аднак праз тры гады выпусцілі.

Самае ж таямнічае затрыманне адбылося ў лютым 1931 года.

У рапарце камісара паліцыі Люцыяна Галчынскага было напісана: «5 лютага 1931 г. у цягніку № 118 Гданьск – Мальборк, які прыбывае ў Тчэў у 21 г. 32 хв., падчас праверкі ў пасажыраў дакументаў кіраўнік Памежнага Камісарыята Дзяржаўнай Паліцыі ў Тчэве падкамісар Скальскі ўстанавіў па фатаграфіі на адным з пашпартоў, што асоба, якая мае чэхаславацкі пашпарт на імя Уладзіслава Паўляка, – гэта збеглы з Польшчы ў Гданьск былы пасол Сейма Польскай Рэспублікі Браніслаў Тарашкевіч…»

У Тарашкевіча знайшлі вялікія грошы: «1792 долары, 1790 злотых, 939 нямецкіх марак, 3 гульдэны і 59 пфенігаў. Такая сума, паводле тлумачэння арыштаванага, была патрэбная для выдавецкай справы, а большая частка – ахвяраванні беларусаў-эмігрантаў.

Але здзівіла следчых не гэта.

Паводле Дранько-Майсюка: «палітык вёз з сабою цэлы архіў – рэфераты, пракламацыі, справаздачы, пракамуністычныя лекцыі, фінансавыя ведамасці, 90 пустых, але заадрасаваных канвертаў, /…/ меў пры сабе картатэку на 537 старонак з прозвішчамі і адрасамі падпісчыкаў… /…/ Чаму ён – вопытны канспіратар /…/ паступіў так легкадумна? /…/ Ці не стаўся палітык ахвярай правакацыі, скажам, таго ж Камінтэрна – выканаўчай структуры АДПУ?»

Гісторык Аляксандра Бергман лічыла, што «арышт быў старанна падрыхтаваны. 5 лютага 1931 года Тарашкевіч павінен быў ляцець на самалёце з Гданьска ў Берлін. Калі ж прыехаў у аэрапорт, то выявілася, што самалёт, на які меў куплены квіток, вылецеў на паўгадзіны раней. Тады купіў квіток на наступны самалёт. Праз нейкі час яму сказалі, што другі самалёт не паляціць, вярнулі грошы і параілі ехаць цягніком. Паколькі меў устаноўлены тэрмін прыезду ў Берлін, сеў у цягнік. У Тчэве ў купэ ўламаўся камісар паліцыі Тадэвуш Скальскі..».

«Тарашкевіч ужо быў непатрэбны камуністам (прынамсі, на свабодзе!); яму прапанавалі з усім рукапісна-машынапісным скарбам перабрацца ў Берлін (зманлівую легенду не цяжка было прыдумаць: тая ж выдавецкая дзейнасць, да якое беларусы заўсёды ахвочыя!); яго забяспечылі грашыма, фальшывым пашпартам і, вядома ж, «стукнулі» пра пераезд у дэфензіву… Дэфензіва ой як узрадавалася! Невыпадкова ж, правяраць падроблены пашпарт узяўся сам кіраўнік памежнага камісарыята пан Скальскі, – нібыты на гэты час усе ягоныя падначаленыя былі занятыя…», – упэўнены Леанід Дранько-Майсюк.

Ці сапраўды камуністы «здалі» непатрэбнага Тарашкевіча, каб затым (якая складаная, амаль шахматная аперацыя) ў верасні 1933 года яго абмяняць на Францішка Аляхновіча, а праз пяць гадоў самім ужо арыштаваць і замардаваць да смерці?

Адназначнага адказу пакуль няма.

Паводле belsat.eu/

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць