«Ноч музеяў» у гістарычным — упершыню анлайн

Упершыню ў Беларусі штогадовая міжнародная акцыя «Ноч музеяў» пройдзе ў анлайн-фармаце. Спецыяльна да гэтай падзеі, якая адбудзецца 16 траўня, Нацыянальны гістарычны музей, відэасэрвіс VOKA і каманда рок-фолк оперы «Чарадзей» адаптавалі музычны спектакль для паказу ў прамым эфіры.

Рок-фолк опера «Чарадзей» напісаная беларускім кампазітарам, сцэнарыстам і прадзюсарам Раманам Арловым па матывах летапісных крыніц, у якіх згадваецца легендарны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Прэм'ера адбылася ў 2016 годзе ў Белдзяржфілармоніі, затым спектакль быў паказаны каля дзесяці разоў на іншых сцэнічных пляцоўках і ў розных версіях.

Для першай анлайн-праграмы «Ноч музеяў» у гістарычным падабраныя асобныя нумары з рок-фолк оперы «Чарадзей», якія прагучаць у акустычным выкананні. Разам з галоўнай гераіняй — багіняй Марай (салістка гурта «У нескладовае« Кацярына Пацюс) — гледачы VOKA ў прамым эфіры адправяцца на пошукі Усяслава Чарадзея, сустрэнуцца з яго ўнучкай Ефрасінняй Полацкай, князем Мікалаем Радзівілам Чорным і іншымі знакавымі фігурамі.

Прамы эфір 16 траўня будзе даступны ў мабільным дадатку VOKA або на сайце voka.tv з любой прылады і ў сетцы любога аператара Беларусі і іншых краін свету без аўтарызацыі. Бясплатная трансляцыя пачнецца а 21.00. Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу стаць удзельнікам першай у Беларусі «Ночы музеяў» у анлайн-фармаце і ўбачыць усё, што адбываецца ў выставачных залах, з розных ракурсаў, нават знаходзячыся ў сябе дома.

Нагадаем, у анлайн-фармаце пройдзе Ноч музеяў і ў Літаратурным музеі Пятруся Броўкі. Вы зможаце разам экскурсаводам віртуальна наведаць пастаянную экспазіцыю музея і часовую выставу, убачыць новыя музейныя праекты, падрыхтаваныя адмыслова для ночы музеяў. Не абыдзецца і без фондавых сюрпрызаў — супрацоўнікі музея сабралі для вас калекцыю недарэчных прадметаў, якім шанец быць выстаўленымі выпадае раз на 100 год. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: