«Новае паганства», ці Чаму варта тэрмінова чытаць Геймана

Як ні дзіўна, такі раман можна было б напісаць і пра Беларусь, дзе ля кожнага выгіну ракі — рэшткі закінутага капішча.


Віктар Марціновіч на budzma.by распавядае пра амерыканскага пісьменніка Ніла Геймана і ягоны раман “Амерыканскія Багі”.


Ёсць такія кнігі, пра якія ў нашай частцы свету не гавораць агулам ці гавораць з вялікім спазненнем, у той час як па другі бок вялікай мяжы іх называюць вызначальнымі для эпохі. Найлепшы прыклад — “Сэрца цемры” Джозэфа Конрада, пра якую ні ў школе, ні ва ўніверсітэце мне не расказвалі, я дачуўся пра “Сэрца” толькі ў Швецыі, калі ў кампаніі еўрапейскіх выдаўцоў мы загаварылі пра найбольш актуальныя прыклады класікі. Усе ў адзін голас назвалі Конрада, і пазней я з вялікім здзіўленнем даведаўся, што гэты “англічанін” паходзіць з “палякаў” і ягонага бацьку нават ссылалі ў Волагду за тое, што сімпатызаваў ідэям, якія натхнілі Кастуся Каліноўскага.

Гейман не ўзначальвае топ замежных бэстсэлераў на рускай мове: пераклалі яго з вялікім спазненнем і ніякага ўплыву на тутэйшых чытачоў, якія пруцца ад Франзэна і Янагіхары, ён не зрабіў. Але мае замежныя знаёмцы ўвесь час называюць гэтае прозвішча недзе побач з Філіпам К. Дзікам і Тэры Пратчэтам. Я здабыў быў арыгінал “Амерыканскіх багоў”, але закінуў, прачытаўшы сінопсіс: гучала як поўная бздура. Пасля аднавіў цікаўнасць, спампаваўшы серыял, але і серыял таксама ну зусім не зайшоў. І вось неўзабаве зноў пачуў пра Геймана з вуснаў еўрапейскага даследчыка, якога вельмі паважаю, і вырашыў не адкладаць. Хачу сказаць, што кніга, апошнюю старонку якой я толькі што перагарнуў, сапраўды не менш важная за Кастанеду. Бо гэта не пра сюжэт. Гэта пра светапогляд.

Ілюстрацыя: Даніэль Эгнеус


Структурна “Амерыканскія багі” выбудаваныя вельмі незвычайна. У нейкім сэнсе гэта антытэкст, які на першых 100 старонках парушае ўсе вядомыя мне законы літаратурнай кампазіцыі. Герой увесь час робіць тое, што не мусіць рабіць, не задае пытанні там, дзе павінны пытацца, і балбоча там, дзе варта было б маўчаць. Цень, галоўны герой “Амерыканскіх багоў”, падобны на Ліндсэя — пратаганіста рамана “Шантарам” Грэга Робертса. Такая ж немудрагелістая скала, мядзведзь, з якім аўтар можа рабіць што хоча без вялікіх унутраных зрухаў таго, каго апісвае. Гейман і робіць: прыкладна там, дзе Цень выходзіць з турмы, каб наведаць пахаванне жонкі і бачыць, як прыгожая дзяўчына, жонка тамсама загінулага былога работадаўцы, плюе ў твар нябожчыцы, і даведваецца, што ягоная жонка не проста загінула ў аўтакатастрофе, але пры гэтым трымала ў роце чэлес ягонага былога боса, — мы маглі б чакаць выбуху, але яго не адбываецца. У Ценю няма эмацыйнага жыцця, і гэта робіць яго ідэальным апісальнікам усіх тых дзівосаў, сведкам якіх ён неўзабаве зробіцца.

На першай траціне твора мы хранічна не можам зразумець, што тут робіцца: нелагічны ды ірэальны свет апісаны па ўсіх канонах звышрэалізму. Адсюль выбягае адчуванне нестыковак: гэта не Маркесаў магічны рэалізм, гэта не амерыканскі “новы рэалізм”, абедзве з’явы Гейман вярцеў на той самай штучцы, якую трымала ў роце жонка Ценю падчас смерці. Пры гэтым бачна, што аўтар, умоўна кажучы, ну зусім не Стывен Кінг, інакш людзі не заслухваліся б ягонымі оксфардскімі лекцыямі пра чытанне і разуменне. Дарэчы, калі зберацеся чытаць твор, шукайце выданне з footnotes, інакш як вы зразумееце, што тры жанчыны, якія прынітоўваюць героя да ясеня падчас аднаго з магічных рытуалаў, — насамрэч норны, якія ў скандынаўскай міфалогіі апякуюцца магічным дрэвам Ігдрасіль. Мы жывём у той час, калі шмат якім сур’ёзным пісьменнікам хочацца пабачыць footnotes пад сваімі радкамі — інакш крытыкі, якія мусілі б дэкадзіраваць кантэксты, маюць схільнасць хварэць на павярхоўнасць.

І толькі ў той момант, дзе герой сустракаецца з Чарнабогам — выхадцам з нашых мясцін, калі перажывае вельмі прыгожа намаляваны момант з Месяцам, які дзяўчына з імем Зара Начная здымае з начнога неба і ператварае ў срэбны долар (і дорыць гэты долар Ценю) — тэкст захоплівае да той ступені, пасля якой нас ужо не мусіць цікавіць пытанне пра жанравую прыналежнасць “Амерыканскіх багоў”. Робіцца зразумела: папярэдняе неразуменне выбягала з таго, што дагэтуль ніхто не вытвараў светаўспрыняцця, на якім грунтуецца твор Геймана. І так, тут няма хлусні: як і сказана ў анатацыі, гэта раман пра тое, што робіцца з багамі пасля таго, як людзі перастаюць у іх верыць. Проста відовішча Бога-стваральніка, Айца ўсіх багоў, які разам з Ценем бамбіць па драбязе невялічкі банк у аднапавярховай Амерыцы, каб здабыць хаця б якога кэша на ежу, занадта шакуе, каб адразу ўцяміць, who is Mister Wednesday.

Ілюстрацыя: Даніэль Эгнеус


Але, паўтаруся, гэты раман не пра сюжэт і не пра герояў. Ён пра светаўспрыняцце. Пра тое, што мы ездзім сэлфіцца ў сія-тыя “турыстычныя месцы” не таму, што сапраўды думаем, нібыта гэта зробіць нас разумнейшымі ці багацейшымі. А таму, што насамрэч тыя месцы маюць пэўную сілу, якая і цягне нас да сябе. Як ні дзіўна, такі раман можна было б напісаць і пра Беларусь, дзе ля кожнага выгіну ракі — рэшткі закінутага капішча. І нават той момант, што напрыканцы гісторыя ператвараецца ў суцэльна хрысціянскі апокрыф пра Сына, які быў ахвяраваны Айцом на пакуты, не робіць “Амерыканскіх багоў” менш паганскімі. Так, гэта гімн “новаму паганству” і так, мас-медыя, Фэйсбук, Інстаграм — гэта наймагутнейшыя багі сучаснасці, якім мы ўзносім хвалу сваім штодзённым служэннем.

Вельмі спадзяюся, што неўзабаве “Амерыканскія багі” з’явяцца на беларускай мове.

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!