«Новы прадукт». ТБМ у Стоўбцах

Раённая арганізацыя Таварыства беларускай мовы ў Стоўбцах была заснаваная толькі 9 снежня 2016 года — з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Пра перспектывы беларусізацыі ў невялікіх гарадах мы гутарым з яе кіраўніком Міхалам Міхно.

На ўстаноўцы шыльды каля брукаванкі

— Распавядзіце, калі ласка, пра асноўную сваю дзейнасць, прафесію. Калі і як вы сталі сябрам ТБМ?

— Я ўступіў у ТБМ яшчэ ў 1990 годзе. Тады стваралася першая Стаўбцоўская раённая рада ТБМ, кіраваў ёй Генадзь Сцяпанавіч Пяткевіч, намеснікам быў мой брат Ігар Міхно, і я таксама запісаўся ў яе яшчэ пятнаццацігадовым хлопчыкам. Генадзь Сцяпанавіч — вельмі цікавы чалавек, які падлеткам перажыў ваенны час. У вайну многія юнакі станавіліся сябрамі СБМ (Саюза беларускай моладзі — моладзевай нацыяналістычнай арганізацыі, якая дзейнічала на акупаванай тэрыторыі з дазволу нямецкай адміністрацыі) добраахвотна або пад прымусам. Генадзь Сцяпанавіч быў у іх ліку. Пасля вайны яму гэта, канешне, прыпомнілі, і ён адсядзеў у лагерах. Выбітная асоба для Стаўбцоўшчыны, у першае дзесяцігоддзе пасля распаду СССР ён шмат зрабіў для станаўлення тут грамадзянскай дэмакратычнай супольнасці.

Праіснавала тая рада ТБМ да 2004 года — са смерцю Генадзя Сцяпанавіча дзейнасць яе пачала паступова затухаць. Таму наша арганізацыя ТБМ — другая па ліку ў Стоўбцах. Сам я — настаўнік гісторыі ў Залужскай сярэдняй школе, займаюся краязнаўствам, прымаў удзел у складанні кнігі «Памяць» па Стаўбцоўскім раёне.

Міхал Міхно

— Ці сутыкаліся вы з перашкодамі пры адраджэнні арганізацыі?

— У кастрычніку 2016 года тут адбылася канферэнцыя па гісторыі Стоўбцаў. Менавіта тады намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім, якую за месяц да таго абралі дэпутатам Нацыянальнага сходу, узняла пытанне пра стварэнне раённай арганізацыі ТБМ. Пасля гэтай канферэнцыі і быў утвораны аргкамітэт з прадстаўнікоў райвыканкама і грамадскасці. І на першым жа пасяджэнні было вырашана стварыць Стаўбцоўскую раённую арганізацыю ТБМ, а я быў прапанаваны на пасаду яе кіраўніка.

— У чым асаблівасці, цяжкасці ці, наадварот, станоўчыя бакі ў дзейнасці суполак ТБМ у невялікіх гарадах?

— Відавочна, праблема маладых гарадоў — у дэфіцыце працоўных месцаў, адсутнасці крыніц для самарэалізацыі, якія маладыя людзі мусяць шукаць у вялікіх гарадах. У Стоўбцах з-за невялікай адлегласці ад Мінска гэтая праблема асабліва вострая. Шанцаў зарабіць грошы, ажыццявіць нейкія іншыя мары, зацвердзіцца ў жыцці, у сталіцы несуразмерна больш, чым тут. У выніку — недахоп маладых, ініцыятыўных людзей, якія патрэбныя для таго, каб арганізацыя існавала. Бо любая ініцыятыва трымаецца, перш за ўсё, на людзях. Яны — яе сэрца, галоўны рухавік.

Таму, напэўна, у складзе Стаўбцоўскай арганізацыі ТБМ багата людзей сталага ўзросту, нават пенсіянераў. Тым не менш, ёсць у суполцы і маладыя людзі, якія звязалі сваё прафесійнае і асабістае жыццё з Мінскам, але ж каго цягне на малую радзіму пяшчота да бацькоўскага дома і неабыякавасць да лёсу Стоўбцаў. Спадзяемся, паступова сярэдні ўзрост чальцоў суполкі будзе паніжацца.

Другая праблема, агульная для ўсіх сучасных гарадоў — і буйных, і малых, — у вялікай колькасці некарэннага насельніцтва, якое з кожным годам пераязджае з вёскі ў горад. Тут я маю на ўвазе не культурны антаганізм «горад—вёска», а перш за ўсё традыцыі мясцовасці, якія могуць доўгі час стала развівацца ў супольнасці, і якія хутка размываюцца, калі губляецца пераемнасць, парушаецца сувязь паміж пакаленнямі. Новыя людзі, калі прыязджаюць у горад, як правіла, мала цікавяцца яго гісторыяй.

— Колькі людзей з’яўляюцца чальцамі суполкі ТБМ, і якая колькасць з іх актыўных?

— На сёння ў склад суполкі ўваходзіць шаснаццаць чалавек. Актыўных — чатыры-шэсць: гэта людзі, якія прыходзяць на сходы, удзельнічаюць у мерапрыемствах, у тым ліку ў іх падрыхтоўцы. Гэта вельмі важна, арганізацыя мерапрыемства — цяжкая праца, яка патрабуе ўласнага часу людзей.

Падчас суботніку

— Ці можна казаць аб нейкай накіраванасці, характары арганізацыі: краязнаўчая або адукацыйная праца?

— У сувязі з тым, што ў Стоўбцах няма вялікай актыўнасці сярод мясцовых жыхароў, мала грамадскіх арганізацый, наша суполка займаецца рознымі пытаннямі: не толькі распаўсюдам і прапагандай беларускай мовы, але і развіццём турыстычнага патэнцыялу ў рэгіёне. Мы падымаем пытанні пра падрыхтоўку сувенірнай прадукцыі з выявамі Стоўбцаў, якой зараз практычна няма, плануем выданне краязнаўчай літаратуры, займаемся пытаннямі аховы помнікаў гісторыі і культуры мясцовага значэння. Так ці інакш, гэтыя праблемы мы мусім падымаць.

— Што за гэты невялікі час ужо ўдалося зрабіць?

— Напрыклад, у нас атрымалася арганізаваць мерапрыемства да дня моладзі «Застаемся дома», якое адбылося 4 сакавіка. На ім стаўпецкая моладзь абмяркоўвала пытанні і шукала адказы на цяжкія для горада пытанні: «Чаму моладзь адсюль з’язджае і чаму застаецца?»

У пачатку сакавіка адбылася сустрэча з тэатральным і кінарэжысёрам Валерам Мазынскім у фармаце прэзентацыі ім фільма «Кастусь Каліноўскі: апошнія дні», за ёй была праведзена гутарка па розных пытаннях гісторыі і грамадска-палітычнага жыцці Беларусі.

25 сакавіка разам з супрацоўнікамі ДРБУ і калектывам Стаўбцоўскай музычнай школы ў межах рэспубліканскага суботніка была зладжана прыборка захаванага ўчастка брукаванай дарогі «Стоўбцы—Мір», якому ў жніўні 2016 года быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі.

Падчас экскурсіі Л. Назаранка

Дзякуючы намаганням чальцоў ТБМ у красавіку нам удалося паўдзельнічаць у «Фэсце экскурсаводаў», цягам якога мясцовы краязнаўца Людмілай Назаранка для ўсіх жадаючых правяла цікавую экскурсію па гісторыі даваенных Стоўбцаў. Пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі» 14 чэрвеня адбылося беспрэцэдэнтнае для раёна мерапрыемства: ток-шоу «Чым мы адметныя?», дзе ў фармаце дыскусіі абмяркоўваўся турыстычны патэнцыял Стаўбцоўшчыны, падымаліся пытанні гістарычнага і краязнаўчага характару. Папярэдне была праведзеная апытанка мясцовых жыхароў на прадмет вылучэння імі тых аб’ектаў роднага горада, якія маглі б, на іх погляд, быць цікавымі для турыстаў. Вынікі апытанкі можна было пабачыць на старонцы суполкі ў сацыяльных сетках.

Ток-шоу «Чым мы адметныя?»

Спецыяльнымі гасцямі ток-шоу былі гісторык Ігар Мельнікаў і старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ток-шоу актыўна асвятлялася мясцовымі дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ.

 Ігар Мельнікаў 

Чальцы ТБМ раней рабілі і працягваюць працу па прыборцы закінутых яўрэйскіх могілак, выносяць прапановы па адкрыцці краязнаўчага музея на аргкамітэце пры стаўбцоўскім райвыканкаме, ствараюць прывабны вобраз цэнтральнай плошчы праз камп’ютарную распрацоўку і нанясенне на будынках муралаў з гістарычнымі выявамі Стоўбцаў. Улічваючы акрэсленую невялікую коль­касць актыўных удзельнікаў, працы зроблена нямала.

— Ці адчуваеце вы нейкае асаблівае стаўленне да арганізацыі з боку жыхароў і гарадскіх ўладаў?

— З уладамі ў нас ёсць нала­джаныя кантакты. Мы пастаянна сустракаемся, абмяркоўваем розныя пытанні з намеснікамі старшыні райвыканкама, напрыклад, на пасяджэннях аргамітэта па стварэнні музея, мерапрыемствах па ахове брукаванай дарогі. На жаль, у сувязі з цяжкай эканамічнай сітуацыяй, фінансавай падтрымкі з боку ўлады амаль няма, таму для ажыццяўлення сваіх мэтаў мы шукаем сродкі самастойна. Пры арганізацыі мерапрыемстваў, безумоўна, вельмі важным з’яўляецца данясенне інфармацыі да як мага большай колькасці жыхароў, для гэтага мы стварылі суполкі ў сацыяльных сетках, а пра нашы імпрэзы давалі інфармацыю ў раённай газеце «Прамень».

Падчас суботніку

Аднак большая частка жыхароў Стоўбцаў проста не ведае пра існаванне арганізацыі. І гэтую праблему мы мусім вырашаць настолькі, наколькі таго будуць патрабаваць абставіны, у тым ліку запатрабаванасць і паспяховасць нашых ініцыятыў.

Калі я развітаўся са спадаром Міхно, падумаў, што сітуацыя з ТБМ у малым горадзе ў нечым нагадвае канкурэнтную барацьбу на рынку. Яны мусяць прапанаваць прадукт — безумоўна новы, незразумелы для большасці, нязвыклы, але цікавы і прывабны. З апошнімі дзвюма акалічнасцямі сітуацыя складаная, бо па гэтых характарыстыках ініцыятывы ТБМ мусяць паспрачацца з нешматлікімі піцейна-забаўляльнымі кропкамі, якія складаюць у малых мястэчках 70% з прапанаваных спосабаў баўлення часу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!