«Оскара» ў Беларусі пакуль не будзе — «Возера радасці» не трапіла у шорт-ліст

Фільм Аляксея Палуяна «Возера радасці» выбывае з барацьбы за прэмію Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар». На сайце прэміі з’явіліся спісы намінантаў, і стужкі Палуяна сярод іх няма.

Кадр з фільма "Возера радасці"


Пасля перамогі на амерыканскім кінафестывалі LA Shorts стужка Палуяна была аўтаматычна кваліфікаваная на «Оскар» у намінацыі «Лепшы кароткаметражны фільм». Карціна знятая па рамане Віктара Марціновіча. У 2019 годзе «Возера радасці» ўдзельнічала ў конкурснай праграме кінафестывалю «Лістапад» у Мінску, піша Еўрарадыё.

Акрамя Палуяна, сёлета пазмагацца за статуэтку «Оскар» планавала здымачная група карціны «Урокі фарсі». Фільм заяўлялі як беларускі, хоць ён быў зняты на расійскія і нямецкія грошы амерыканскім рэжысёрам украінскага паходжання з аргентынскімі, нямецкімі і расійскімі акторамі. Здымкі сапраўды праходзілі ў Беларусі пры ўдзеле «Беларусьфільма».

Аднак згодна з патрабаваннямі прэміі, асноўны творчы ўклад у фільм павінны ўнесці жыхары краіны, ад якой ён намінаваны. Таму «Урокі фарсі» дыскваліфікавалі, карціна не трапіла нават у доўгі спіс.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: