П’еса беларускага драматурга стала лепшай на міжнародным фестывалю ў Адэсе

Лепшай рэжысёрскай работай на ХХІІ міжнародным фестывалі «МОЛОКО», які праходзіў з 1 па 5 ліпеня ў Адэсе, быў прызнаны спектакль Сяргея Паўлюка па п’есе беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка «Пакрыўджаныя. Расія».

На фестываль прывезлі свае пастаноўкі 16 тэатраў. На працягу пяці дзён быў паказаны 21 спектакль. Скандальны спектакль-трагіфарс «Пакрыўджаныя. Расія» ў выкананні Херсонскага тэатра ім. Куліша (рэжысёр–пастаноўшчык Сяргей Паўлюк), быў паказаны адразу пасля адкрыцця фестывалю 1 ліпеня на асноўнай сцэне і стаў пэўным культурным шокам для Адэсы. 2 ліпеня адбылася творчая сустрэча з драматургам Андрэем Курэйчыкам.

Жорсткая і правакацыйная п'еса «Пакрыўджаныя. Расія» з’яўляецца пачаткам трылогіі («Пакрыўджаныя. Украіна» і «Пакрыўджаныя. Беларусь»). П'еса складаецца з сямі маналогаў розных груп людзей сучаснай Расіі і акупаванага Данбаса. Аўтар надае вобразныя імёны сваім героям: Праваслаўны, Ліберальны, Галоўны, Далёкая, Нетрадыцыйны, Раённы, Каўказская. Гэта псіхалагічная вострасацыяльная драма, гісторыі звычайных людзей, якія робяцца закладнікамі і ахвярамі вялікіх геапалітычных падзей і сучаснай палітычнай прапаганды, якая багата ідзе з праўпадных расійскіх СМІ.
У сюжэтных лініях лёгка адгадваюцца рэальныя падзеі: падпал кінатэатра падчас дэманстрацыі фільма «Мацільда», выпадкі забойстваў мірнага насельніцтва на Данбасе, адпраўка наймітаў на Данбас, скандальны арышт расійскага рэжысёра Кірыла Сярэбранікава.

Незвычайны і антураж – рэжысёр размяшчае герояў, так бы мовіць, у грамадскай прыбіральні, дзе ў кожнага героя свая кабінка для «споведзі», і свае «шкілеты».
Галоўны і Праваслаўны

Галоўны і Праваслаўны

Раённы

Адгадваецца пасыл і ўтоены падтэкст маналогаў, прататыпы тых «шкілетаў». Так Праваслаўная чытае свой маналог на фоне патрыярха Кірыла. Вельмі яркі персанаж Каўказскай (чачэнская маці баявікоў) свой маналог чытае поруч партрэта Кадыраву. Галоўны, персанаж якога вонкава нагадвае Ксенію Сабчак, размаўляе манерай і голасам Уладзіміра Пуціна, і паўтарае: «У Расіі жыць стала лепш!». Вобраз Нетрадыцыйнага атрымаўся самым кранальным і тонкім – ён вельмі пакутвае ад таго, што вакол так мала прыгожага і гармоніі, асабліва ў нашых саўковых выродлівых гарадах. А самым драматычным атрымаўся вобраз Далёкай – дзяўчыны, якая засталася без сябровак у акупаваным Данбасе.
Далёкая

Далёкая

Каўказская

Каўказская

Фестываль тэатраў «МОЛОКО» збірае самыя актуальныя, рэзанансныя і яркія драматычныя спектаклі з усёй Украіны на вялікай тэатральнай прасторы. «Асноўная мэта фэсту – практычна, адчувальна, прыкметна садзейнічаць развіццю сучаснага тэатра ва Украіне», — кажа генеральны дырэктар фестывалю Міхась Журавель.

Фота са старонкі Андрэя Курэйчыка ў фейсбуку

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!