Пад Мінскам адсвяткуюць Масленіцу

Масленіца пройдзе ў Музеі нацыянальнай архітэктуры і побыту 17 лютага.

Падчас мерапрыемства для наведвальнікаў запланавана вялікая праграма. На пляцоўках беларускага скансэна можна будзе паглядзець традыцыйныя масленічныя абрады «Пахаванне дзеда», «Наведванне бабкі-павітухі», далучыцца да масленічнага квэста, майстар-класаў па вырабу масленічнай лялькі-абярэга ды па пляценні паясоў, прыняць удзел у розных гульнях для ўсей сям'і. Таксама адбудуцца прадстаўленні ад лялечнага тэатра «Батлейка», ценявой батлейкі «Вяртэп», будзе арганізаваная ўнікальная выстава прыладаў, якія выкарыстоўваліся для вырабу сыра і масла.

У музычнай частцы пройдуць выступленні народных калектываў «Траецкія музыкі» з г. Барысава, «Світанак» ЦДАДіМ «Вікторыя», «Гаманіна» БДУІР, «Талака» кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, «Зборная субота» з г. Узда, «Журавушка» з Любаньшчыны, «Явар» СШ № 159, «Святкі» ЦДАДіМ «Золак» і інш.

Таксама сэт адыграе мінскі фолк-рок гурт Re1ikt.

Кульмінацыяй масленічных гулянняў стане спальванне пудзіла зімы – «Марэны».

Масленіца – старажытнае славянскае свята, якое сумяшчае хрысціянскія ды паганскія традыцыі. Падчас масленічнага тыдня праводзіцца шэраг абрадаў і святкаванняў, якія сімвалізуюць провады зімы.
 
«Шырокая Масленіца ў Беларускім скансэне». 17 лютага, Беларускі Дзяржаўны Музей нацыянальная архітэктуры і побыту, 4 км ад МКАД каля а/г Азярцо.

Экспазіцыя музея працуе з 10:00 да 17:00. Каса працуе з 10:00 да 16:30.

Падрабязная праграма мерапрыемства ды іншая карысная інфармацыя знаходзіцца на сайце музея etna.by

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць