Падчас анлайн-фестывалю беларускага дакументальнага кіно «BelarusDocs» пакажуць сем фільмаў пра беларускую рэчаіснасць

За тыдзень з 13 па 19 красавіка ў межах чацвёртага анлайн-фестывалю беларускага дакументальнага кіно «BelarusDocs» можна будзе, не выходзячы з дому, убачыць сем адметных фільмаў пра беларускую рэчаіснасць. Кожны з фільмаў праграмы будзе даступны для анлайн-прагляду з англійскімі субцітрамі ў любой кропцы свету на сайце belarusdocs.com.
Беларускае дакументальнае кіно даўно стала брэндам у прафесійным асяроддзі. Калі фільм беларускага рэжысёра трапляе ў праграму ці атрымлівае ўзнагароды на буйнейшых кінафестывалях свету — гэта ўжо нікога не здзіўляе. Апошнім такім яскравым прыкладам з’яўляецца фільм Аляксея Палуяна «Смеласць» («Courage»), прэм’ера якога адбылася на Берлінскім кінафестывалі, і следам фільм быў адабраны на найпрэстыжныя ў свеце дакументальнага кіно «Hot Docs» (Таронта, Канада), «Visions de Reel» (Ньён, Швейцарыя), «CPH:DOX» (Капенгаген, Данія).

Аднак убачыць найлепшыя беларускія дакументальныя фільмы не так проста, асабліва ў той час, калі галоўная пляцоўка, на якой традыцыйна дэманстравалі актуальную айчынную дакументалістыку, — кінафестываль «Лістапад», быў адменены ў мінулым годзе, а на тэлебачанні такое кіно дэманструецца надзвычай рэдка. У такіх абставінах анлайн-фестываль «BelarusDocs» робіць найлепшае беларускае кіно даступным для кожнага ў любой кропцы свету.

Сёлета акцэнт у праграме фестываля зроблены на разнастайнасці форм дакументальнага кіно, а тэматычна — на пытаннях правоў чалавека. У прыватнасці, гледачы змогуць убачыць фільмы, прысвечаныя праблемам хатняга гвалту («Добрых дзяўчынак не б’юць»), зняволення за «незаконны абарот наркатычных сродкаў» («Пакаленне 328»), прэзідэнцкім выбарам-2020 у Беларусі («Маршрут перабудаваны»). Таксама ў праграме фільм пра жыццё шматдзетнай сям’і на тэрыторыі, забруджанай Чарнобылем («Невядомы рай»), антрапалагічнае кіно «Новае неба над новай краінай» пра святкаванне Купалля, арганізаванае мастаком Алесем Пушкіным, філасофскі фільм-эсэ «Межы» і дакументальная love-story у здавалася б непрыдатнах для высокіх пачуццяў дэкарацыях — «Месца кахання».

Характэрна, што 6 з 7 фільмаў праграмы знялі жанчыны-рэжысёркі. І балюча, што двое з маладых дакументалістак — Люба Зямцова і Вераніка Ніканава — загінулі ў трагічных абставінах у мінулым і пазамінулым гадах.


Большасць фільмаў праграмы ўпершыню былі паказаныя публіцы на прэстыжных міжнародных кінафестывалях («DOC NYC» (Нью-Ёрк, ЗША), «Visions du Réel» (Ньён, Швейцарыя), «Jihlava International Documentary Film Festival» (Іглава, Чэхія)), і атрымлівалі ўзнагароды на некаторых з іх (напрыклад, на «Verona International Film Festival» (Верона, Італія)).

«BelarusDocs» — гэта кінафестываль, на якім кожны глядач можа стаць сябрам журы. Для гэтага дастаткова запоўніць адмысловую анкету, паглядзець усе фільмы праграмы і ацаніць іх.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: