Падлетак з аўтызмам адкрыў персанальную выставу ў Мінску

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры 4 лютага 14-гадовы Максім Лагун адкрыў персанальную выставу пад назвай «Вакол мяне». Выстава была прымеркавана да паказу інклюзіўнага спектакля «Аднойчы ў вялізным горадзе», які адбыўся ў той жа вечар.


Найвялікшае захапленне Максіма


Аднойчы рэжысёр сямейнага інклюзіў-тэатра «i», дзе займаецца Максім, спытаў у яго, што выклікае ў хлопчыка радасць. Максім адказаў: «Найвялікашая радасць — гэта калі я выкладваю фота сваіх прац на старонку ў Фэйсбук».

Акрамя малявання Максіма захапляе яшчэ і тэатр. Менавіта гэтымі двума відамі мастацтва Максім намагаецца адлюстраваць тое, што жыве ў яго ўнутры.
Чытайце таксама:

Тэатр без межаў. Як інклюзія робіць мастацтва эксклюзіўным


 Маці Максіма Кацярына кажа, што мастацтва вельмі дапамагае падлетку: «Сцэна, тэатр дапамагае пераадолець яго аўтызм, то бок, адыход. А малюнак дапамагае адлюстраваць Максіму тое, што ў яго ўнутры».


Па словах маці, на напісанне працы ў Максіму ідзе чатыры дні. Калі ён сядае за новы малюнак, то дакладна ведае, што менавіта хоча намаляваць. У першы дзень ён робіць контур, у другі — размалёўвае, у трэці і чацвёрты — абводку.

На пытанне, «Ці не страшна вам, як маме, пастаянна выводзіць Максіма на публіку?», Кацярына шчыра адказала, што ў яе быў адмоўны прыклад: «У маёй суседцы быў дзіцёнак з асаблівасцям, таму яна яго закрыла і хавала ад усіх. Але дзіцяці патрэбна грамадства. Калі Максім тыдзень не ходзіць у школу, то адчуваецца, што з ім нешта не тое, бо яму трэба пастаяннае кантактаванне».

Выстава — месца сустрэчы, дзе ён разумее нас, а мы — яго


Юрый Іваноў, кіраўнік арт-студыі «Востраў», дзе займаецца Максім, перакананы, што мы да канца не разумеем таго, што адбываецца з дзіцем з асаблівасцямі, калі ён малюе. У такіх дзетак свае прыёмы, свае інтарэсы, свае героі. «Але калі дзіця пачынае працаваць, то ён выбудоўвае свет, які бачыць менавіта ён, — дзеліцца мастак. — І гэта такі такі цуд, што з’яўляецца прастора, на якую могуць ступіць і іншыя! Мы трапляем у месца сустрэчы, дзе ён разумее нас, а мы — яго».


Мастак перакананы, што працы хлопца вельмі вартыя, іх не сорамна паказаць іншым. Тое, што прадстаўлена на выставе, — толькі маленькая частка ад напісанага Максімам. У падлетка ёсць графічныя працы па тэме кіно і архітэктуры. Максім — з тых мастакоў, у якога ў галаве заўжды ёсць тэмы і ідэі. Трэба толькі паспяваць маляваць.


Працы Максіма ацаніла і выкладчыца студыі Ірына Сарнацкая: «Для такіх дзяцей маляванне — гэта, можа быць, адзіная магчымасць выказацца. У адным з артыкулаў напісалі, што Максім «малюе, як дарослы». Я не згодна з такім выказваннем. Чамусьці дзіцячая творчасць разглядаецца толькі ў кантэксце, ці можа яна канкурыраваць з дарослымі, або — не. Максім — самастойны мастак, у якога выпрацаваны свой стыль. Ён надае ўвагу дробязям, якія збіраюцца пасля ў кампазіцыю».


Юрый Іваноў лічыць, што мы не можам казаць, ці становіцца дзіцёнку з асаблівасцямі лепш падчас таго, калі ён малюе. Хутчэй, мастацтва дапамагае яму рэалізавацца: «У нашым грамадстве асаблівыя дзеці ўспрымаюцца затратнымі. Маўляў, навошта ў яго нешта ўкладаць, калі ўсё адно з яго нічога не вырасце? За мяжой лічаць, што ў такіх дзяцей, нібыта недзеяздольных, трэба ўкладаць. І мы ведаем багата прыкладаў выбітных людзей з асаблівасцямі ў сферы культуры і навукі».
Выставу «Вакол мяне» можна наведаць да канца сакавіка. Генеральны партнёр праекта — кампанія velcom.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!