
Адзін з дамоў Луцкевічаў. Фота з кнігі Юлі Андрусішн "Забыццю не адданае"
Чытайце таксама: Памятаюць Купалу, перажылі вайну. Ці захаваюцца падмуркі дамоў Луцкевічаў?Спачатку планавалася, што праз падмуркі дамоў Луцкевічаў правядуць трубу для адводу вады, але яе, на шчасце, праклалі міма, хоць і ўшчыльную да падмуркаў. Цяпер праз іх мусілі пракласці траншэю з кабелем для новага фантану, які будуе «БПС-Банк».
— Удалося дамовіцца з рабочымі, што кабель абыйдзе падмуркі. Я таксама звязваўся з банкам, яны сказалі, што выступаюць за захаванне спадчыны, — распавёў Павел Каралёў. — Адзінае, што не ўдалося зрабіць — спыніць пракладанне сцежкі праз падмурак аднаго з дамоў, там некалькі ўзроўняў цэглы прыбралі. І цяпер яшчэ капаюць траншэю пад асвятленне, таксама часткова бетон і кладку прыбяруць.
Каб зберагчы падмуркі і надаць ім ахоўны статус, Павел Каралёў падаў заяўку на ўнясенне іх у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
— Але, ведаючы сітуацыю, спадзеву на ўключэнне падмуркаў у Спіс мала, — зазначае вядучы навуковы супрацоўнік музея. — А далей трэба будзе зрабіць мемарыялізацыю, паказаць межы гэтых падмуркаў. Ёсць думка звярнуцца з такой прапановай у «БПС-Банк», гэта не патрабуе вялікіх выдаткаў.
Павел Каралёў спадзяецца, што калі-небудзь можна будзе надбудаваць на падмурках драўляныя дамы, каб паказаць, як яны выглядалі ў арыгінале, і зрабіць там музей.