Здымак былой аптэкі ў Глушы прадастаўлены Антонам Астаповічам
З аптэкай звязаны многія падзеі 1941--1944 гадоў, апісаныя Алесям Адамовічам у яго дылогіі «Партызаны». Паводле яе зняты мастацкія фільмы, для якіх Уладзімір Высоцкі напісаў вядомыя песні, у тым
ліку «Сыны ідуць у бой», «Ён учора не вярнуўся з бою» і «Хто сказаў, усё згарэла дашчэнту».
У Глушы Алесь Адамовіч жыў з 1928 года. Па завяшчанні пісьменнік пахаваны на мясцовых могілках. Яго імя прысвоена вуліцы, якая вядзе ад пасляваеннага дома Адамовічаў да школы, дзе вучыўся будучы
празаік. Аднак у пасёлку дагэтуль няма ні помніка пісьменніку, ні яго музея. Дый ва ўсёй Беларусі няма аніводнага помніка і музея Адамовіча — чалавека, чыя творчасць і грамадская дзейнасць
добра вядомыя не толькі ў Беларусі.
Ідэю стварэння музея падтрымалі Глушанскі пасялковы савет, Бабруйскі райвыканкам, Магілёўскі аблвыканкам і грамадскасць, у тым ліку Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і
культуры (БДТАПГК).
Восенню 2007 года будынак былой аптэкі з зямельным участкам, размешчаны насупраць даваеннага дома Адамовічаў у цэнтры Глушы каля аўтамагістралі Крычаў — Кобрын, быў прыняты на баланс
аддзела культуры Бабруйскага райвыканкама.
Як паведаміў карэспандэнту НЧ старшыня БДТАПГК Антон Астаповіч, у траўні бягучага году пад час нарады з удзелам прадстаўнікоў грамадскасці і чынавенства пад кіраўніцтвам старшыні Бабруйскага
райвыканкама Міхаіла Шалкоўскага былі вызначаныя накірункі працы па стварэнню музея.
«Згодна з рашэннямі нарады спецыялісты архітэктурнай секцыі грамадскага
аб’яднання выканалі агульнае абследаванне тэхнічнага стану былой аптэкі і зрабілі яе архітэктурна-археалагічныя абмеры. Днямі гэтыя матэрыялы былі перададзены Шалкоўскаму і
начальніку аддзела ідэялагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама Галіне Чарновай», -- сказаў Астаповіч.
Ён паведаміў, што таварыству даручана распрацоўка эскізнага праекта рэканструкцыі і музеефікацыі будынку былой аптэкі ў Глушы, да чаго спецыялісты БДТАПГК прыступяць у верасні.
Антон Астаповіч лічыць, што стварэнне музея Алеся Адамовіча «Вайна пад
дахам» валанцёрскімі намаганнямі грамадскасці пры падтрымцы органаў мясцовай улады
стане «выдатным прыкладам рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўна-грамадскага
партнёрства ў сферы культуры».