Падзямеллі Пінску: ці адкрыюць іх для турыстаў?

Дзве аркі ў падвале Музея Беларускага Палесся, верагодна, маюць працяг пад зямлёй у бок касцёлаў, — наяўнага і ўзарванага. А таксама да тунэляў, пра якія згадваюць пінчукі — сведкі часу.

Пра аркі стала вядома пасля таго, як набыла розгалас мая кніга «Подземелья Бреста, крепости и…». Праз нейкі час інфармацыя дайшла і да мяне, і я выправіўся ў Пінск. У дырэкцыі музея мяне накіравалі ў навуковы аддзел.

Мне паказалі фатаграфіі арак, знойдзеных у старым будынку (калісьці тут месціўся Калегіум езуітаў). Хады за аркамі, відавочна, маюць падземны працяг за перыметрам Калегіума. Проймы закладзеныя адносна новай цэглай. Кладка адной з проймаў уверсе сарваная з раствору, потым цэглы склалі яшчэ раз. «Рабочыя, мабыць, цікавіліся, што там далей, — кажа адна з супрацоўніц. — Верагодна, ход за аркай, дзе разабраная цэгла, вёў да каталіцкага ансамбля, Кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштара францысканцаў. А тая, дзе вузкая лёха ўверсе, — да месца цераз дарогу, дзе быў Фарны касцёл Святога Станіслава».


Дырэктар Музея Беларускага Палесся Ірына Дзямчук кажа, што было б цікава часткова адкрыць хады для турыстаў: «Але мы тут не галоўныя. Пінскі гарвыканкам у гэтым ключавая ўстанова. Акрамя таго, трэба шмат узгадненняў, мы ж помнік дойлідства. У нас яшчэ археалагічных раскопак побач з Калегіумам не было, і на гэта трэба дазвол». Дык у Нясвіжы, кажу, знайшлі і волю, і патрэбныя дазволы — і пры палацы ёсць дзейны тунэль: «Вы хіба не хочаце быць другімі ў Беларусі?»

Анягож, але замінаюць абставіны. Будынак з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, таму любы праект працы ў ім у разы даражэйшы за звычайны. Раскопкі таксама дарагія. Трэба нямала грошай.

Згадваю фота з Дошкі Гонару пры ўваходзе ў музей: «А ці не мог бы стаць мецэнатам ганаровы грамадзянін Пінска Аляксандр Міхайлавіч Зарыбка? Як-ніяк (чытаю): «генеральный директор группы компаний «АЛМИ» (Беларусь и Россия)». І спрыяў ужо гораду матэрыяльна». Дырэктарка адказвае: пакуль да яго не звярталіся. «Ён чалавек заняты. Калі ў нас бывае, то мімаходзь, спяшаецца», — кажа яна.

У навуковым аддзеле распавялі пра іншага багатага, з Захаду: «Адмыслова дзеля яго ў выходны дзень музей адчынілі, правялі па экспазіцыі — дык каб хоць квіток купіў. То якое ўжо спонсарства?»

А можа тут, у Беларусі, хто падтрымае? Гісторыю ўзняць з руін, з-пад зямлі?

Верагодныя хады з Калегіума — ці спалучаліся яны з сеткай пінскіх тунэляў? Даступны мне народны тэлеграф пашабуршэў, пабзычаў, пазгадваў дзяцінства, параіўся — і вывеў на карэннага пінчука, які сам хадзіў пад зямлёй. Ігар Кулагін малодшым школьнікам годзе гэтак у 1985-м, у кампаніі з больш старэйшымі хлопцамі ў двары дома на рагу вуліц Харужай і Каржа адсоўвалі бетонную пліту, апускаліся ўніз і ішлі хто з ліхтарыкам, а хто са свечкай у бок вуліцы Леніна. Праз метраў сорак-пяцьдзясят мусілі вылазіць у адкрыты люк. Выхад быў таксама ў двары дома. Ісці было няцесна, але часам трапляліся парожкі-падвышэнні, і трэба было прыгінацца. Далей, пад вуліцу Леніна і за яе, ход быў падтоплены вадой.

Што з гэтага вынікае? Дзве рэчы.

Першая — не лазьце самі пад зямлю! Там небяспечна! Могуць быць газы — і даволі раз удыхнуць, каб здарылася трагедыя. Могуць быць боепрыпасы. Можа засыпаць: камунікацыі старыя, узрост не дзесяцігоддзямі мерыцца, цэгла скляпенняў тут і там страціла трываласць, самі хады няцэлыя, пункцірныя.

Другая — наша зямля, як не раскрытая яшчэ месцамі кніга, мае цікавыя старонкі з гісторыяй і гісторыямі. Не пабачыць, не пачуць іх было б шкада, але галоўнае — няправільна.

Фота з фонду Музея Беларускага Палесся

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!