Паэтычнаму тэатру «Арт.С» — 15!

23 красавіка паэтычны тэатр «Арт.С» адзначыў сваё 15-годзе! Юнацкі ўзрост, а тэатр ужо мае багатую гісторыю, досвед і аўтарытэт. За гэты час ён стаў адметнай культурнай з’явай у літаратурным жыцці нашай краіны. За 15 год, што існуе тэатр, пад яго дахам выступілі больш за 200 беларускіх творцаў.
Вядучыя Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі

Вядучыя Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі

Пачаткам тэатру сталася промаакцыя «Моладзь ідзе», якую ў красавіку 2006 года зладзілі ў мінскай бібліятэцы імя Цёткі творцы Аксана Спрынчан і Зміцер Арцюх. Штуршком да яго стварэння было жаданне стварыць уласную прастору, дзе можна было б праявіць сябе, вызначыць адметную плынь у літаратурным працэсе. І на доўгі час бібліятэка імя Цёткі была ўтульным домам для тэатра. Але сваё 15-годдзе тэатр упершыню сустрэў на новым месцы — у бібліятэкі №13 (вул. Народная, 43а), якая ў хуткім часе адзначае сваё 70-годдзе.

Чаму менавіта такая назва. «Паэтычны» — нават не патрабуе тлумачэнняў, на яго сцэне паэты — найчастыя госці. У назве ж «Арт.С», як тлумачыць дырэктарка тэатра Аксана Спрынчан — свабода творчасці, таму можна расшыфраваць яе і як артыстычная свабода, і як свята, святло, сустрэча, сяброўства, сонца… На пляцоўцы тэатра галоўным чынам праводзяцца літаратурна-музычныя вечарыны, адбываюцца таксама прэм'еры кніг, праходзяць выстаўкі выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва.

Асаблівай яго разынкай сталі тэатральныя праекты. Так, на працягу года праходзіў задыякальна-паэтычны праект «12 сузор'яў», калі са снежня 2007-га па лістапад 2008-га штомесяц тэатр ладзіў вечарыны, прысвечаныя пэўнаму знаку задыяка. Таксама былі ў тэатры і свае «Сем цудаў Беларусі» — вандроўна-эстэтычны праект, сем вечарын пра самыя адметныя і каштоўныя цуды Беларусі: Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Сафійскі сабор, возера Нарач, раку Нёман, балоты, Белавежскую пушчу. Ёсць нават цэлы паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь», у якім творцы і навукоўцы дзеляцца таямніцамі сакральнага свету Беларусі. Праходзілі вечарыны і прысвечаныя гарадам Беларусі. А яшчэ «Арт.С» з 2009 года, абвясціўшы яго годам Багоўкі, жыў паводле ўласнага, а не ўсходняга календара, ладзіў 12-гадовы праект «Святкуйма беларускае!», які завяршыў у 2020 годзе годам Сонечнага Павука (беларускага саламянага павука).

Ля мікрафона Рэгіна Багамолава

На 15-годзе тэатра прыйшлі павіншаваць і выказаць свае цёплыя словы вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты, а таксама аматары беларускага слова і культуры: Рэгіна Багамолава, Зміцер Арцюх, Наталля Бучынская, Юлія Новік, Міхась Скобла, Алена Масла, Ларыса Мятлеўская, Рагнед Малахоўскі, Серж Мінскевіч, Вольга Абразцова, Алег Грушэцкі, Ігар Сурмачэўскі, Максім Клімковіч, Таццяна Барадуля, Антаніна Хатэнка і іншыя. Вядучыя вечарыны Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі апавядалі не толькі цікавыя гісторыя з жыцця тэатра, але і пра цэлы шэраг беларускіх свят і абрадаў: «Казюкі», «Куры», «Калядныя цары», «Жаніцьба коміна», «Тры каралі», «Чырачка», «Жаніцьба Цярэшкі» і іншыя.

Адкрыла вечарыну Рэгіна Багамолава, у нядаўным мінулым — загадчыца бібліятэкі Цёткі, а цяпер працуе ў бібліятэкі №13, і ў асноўным дзякуючы якой тэатр і мае магчымасці праводзіць свае вечарыны ва ўтульным месцы. Вядучыя параўналі яе з «Каралеўскай зоркай», бо яна мае імя па бацьку Казіміраўна, а свята «Казюкі» мае назву ў гонар св. Казіміра, сына караля Казіміра Ягелончыка. Паэт Зміцер Арцюх у сваю чаргу прачытаў верш «Паэты», які цалкам адпавядае накіраванасці тэатра «Арт.С», і прапанаваў назваць тэатр народным, не здарма ж бібліятэка стаіць на вуліцы Народная.

Выступ Наталлі Бучынскай

А дзіцячая пісьменніца Наталля Бучынская правяла цэлую казачную «жабіную» канцэртную праграму з удзельнікамі і гасцямі тэатра. І нездарма, бо Наталля — аўтар кніг «Прынцэса Алівія і "жабіны вочкі"» і «Рыцар Квых і "жабіны вочкі"», а Аксана Спрынчан — вядомая калекцыянер сувеніраў з жабкамі, іх у яе хатняй калекцыі каля 500! Паэтка Юлія Новік, якая выступала пасля Наталлі, адзначыла, што заўсёды дзівілася неверагоднай колькасці тэматычных вечарын, якую праводзіць тэатр, а да кожнай з іх яшчэ трэба напісаць свой сцэнарый. Як яна заўважыла, па сцэнарыях тэатра ужо даўно можна не адну добрую кніжку выдаць.

Юная творца Альжбэта Малішэўская-Спрынчан стварыла цудоўную музычную атмасферу, зайграўшы на беларускіх цымбалах паланэз з фільма «Пан Тадэвуш». Альжбэту нездарма называюць «дачкой тэатра», бо яна фактычна вырасла на ягонай сцэне і можна нават сказаць, што ўвасабляе сабой яго лепшыя якасці — яна і музыкант, і спявачка, і аўтар: мае для свайго юнага ўзросту ўжо багата публікацый у беларускіх часопісах, і нават пераклады (з украінскай мовы).

Паэт Міхась Скобла, аратарскаму майстэрству якога можна нават пазайздросціць, пажартаваў, што «Арт.С» пераехаў у бібліятэку на вуліцы Народная толькі таму, што ён тут недалёка жыве. А яшчэ ён унёс слушную прапанову. Высветлілася, што паэт Міхась Стральцоў, імя якога носіць літаратурная прэмія, быў чытачом у гэтай бібліятэкі і нярэдка яе наведваў. Таму Міхась Скобла прапанаваў надаць бібліятэцы імя Міхася Стральцова, і нават запоўніў ад імя Стральцова бланк наведвальніка бібліятэкі.

Цэлую асобную імпрэзу зладзіла вядомая дзіцячая пісьменніца Алена Масла. Яна прадэманстравала мультфільм па сваёй кнізе «Лагодны воўк», які аб’ездзіў ужо шмат фестываляў, а нядаўна быў нават адабраны на фестываль у Японіі. А яшчэ Алена правяла дабрачынны адмысловы аўкцыён, лотамі якога былі тыя зёлкавыя зборы, якія збіраў, гатаваў ці меў пры сабе воўк са згаданага твору. Усе грошы, якія былі атрыманыя з дабрачыннага аўкцыёну, пойдуць на рэстаўрацыю старажытнага беларускага абраза св.

Стэфана. Між іншым зёлкі, якія былі выстаўлены на аўкцыёне, уласна збірала вядомая этнограф Ларыса Мятлеўская.

Паэт Серж Мінскевіч, дарэчы — аднакурснік Аксаны Спрынчан, адзначыў, што ягоны вядомы твор «Прыгоды Какоса Маракоса» — аднагодка тэатра і выканаў некалькі сваіх бадзёрых песень. Даследчыца-этнограф Вольга Абразцова распявала пра адметнасці правядзення Купалля на Лысай гары, дзе знаходзіцца лецішча Аксаны Спрынчан, якая ўсім сваім новым гасцям ладзіць падарожжа на поле «Пяці дубоў». Апроч таго, Вольга разыграла аплачаны білет на паход у сямейны музей сям’і Малішэўскіх-Спрынчан «Старасвецкія карункі».

Пісьменнік Алег Грушэцкі коратка прэзентаваў сваю новую кнігу — фэнтэзі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства», якая выйшла літаральна перад святкаваннем юбілею тэатра, і рэдактарам якой з’яўляецца Аксана Спрынчан. А яшчэ ён параўнаў Паэтычны тэатр «Арт.С» з беларускім Парнасам, бо тут, падобна як у грэчаскай міфалогіі ёсць багіня Эўтэрпа — муза лірычнай паэзіі і музыкі, так і ў «Арт.С» ёсць свая «багіня» паэзіі Аксана Спрынчан і «бог» беларускай музыкі Яраш Малішэўскі. Таму, хто пабываў хоць раз на вечарыне «Арт.С» — пабываў на беларускім Парнасе.

А калекцыянер і мецэнат Ігар Сурмачэўскі пазнаёміў з адрэстаўраванымі абразамі — Полацкай Божай маці (1570 г.), не меншай па значнасці чым крыж Еўфрасінні Полацкай, і Дзісненскай Божай маці. Пісьменнік і драматург Максім Клімковіч, у сваю чаргу і як заўсёды, распавёў цікавыя гісторыі з беларускага літаратурнага асяроддзя. Паэтэса Таццяна Барадуля, прыгожыя вершы якой нярэдка вылучаюцца шчырай адкрытасцю, натхнёна прачытала свой даволі смелы, але адначасова з тым вельмі кранальны лірычны верш.

І завяршыла вечарыну сваім выступам паэтка і этнакультуролаг Антаніна Хатэнка, у запасах якой заўсёды знойдзецца стос містычных і загадкавых гісторый. Вось і зараз яна прыгадала, што набліжаецца ноч багіні Жывы, вядомая яшчэ як Вальпургіева ноч, альбо Ноч ведзьмаў, якая прыпадае на ноч з 30 красавіка на 1 мая. Антаніна распавяла, што на яе радзіме, на Зэльвеншчыне (Гарадзеншчына), трэба было правесці пэўны абрад, каб пазбегнуць няшчасцяў — купаліся ў расе і абавязкова трэба было ўмыцца расою.

Цікавых гісторый ва ўдзельнікаў «Арт.С» багата, хопіць яшчэ не на адзін тузін вечарын, як заўсёды разнастайных і цікавых. У сваю чаргу пажадаем Паэтычнаму тэатру «Арт.С» творчых поспехаў і росквіту, і няхай у ім жывуць Паэзія і Музыка, Любоў і Каханне!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: