Паэтычны флэшмоб: беларускамоўныя іспанка і расіянін прачыталі свае вершы (відэа)

Анхела Эспіноса Руіс жыве ў Іспаніі і піша вершы на беларускай мове, якую пачала вывучаць самастойна і працягнула на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.

А паэт Аляксей Арцёмаў жыве ў горадзе Тула і таксама калісьці вывучыў беларускую мову, каб пісаць на ёй свае творы.

Гэтыя літаратары сталі першымі замежнымі ўдзельнікамі паэтычнага флэшмоба, які праходзіць у падтрымку рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom».

Свой верш «Хацела» Анхела Эспіноса запісала на відэа і размясціла на старонках у сацыяльных сетках. Сама яна прызнаецца, што вывучыла беларускую мову для таго, каб знайсці сябе як літаратара і чалавека. «Калі з'явіўся шанец падтрымаць праект «Чытаем па-беларуску з velcom» я была неверагодна рада і адразу пагадзілася. Хачу сказаць удзельнікам, каб не баяліся быць сабой. Літаратура дапамагае нам у гэтым, і гэтай магчымасцю трэба скарыстацца», — кажа ў сваім відэапасланні Анхела Эспіноса. 

 

Да Анхелы таксама далучыўся беларускамоўны паэт з Тулы Аляксей Арцёмаў. Пісаць вершы на беларускай мове ён пачаў у 2000 годзе.

У падтрымку ўдзельнікаў конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» Аляксей прачытаў свой верш «Ляці, валавока». «Асабіста для мяне беларуская мова пачалася з твораў Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча. Я падтрымліваю удзельнікаў конкурсу і жадаю кожнаму знайсці менавіта сваю кнігу», — распавёў Аляксей Арцёмаў.

 

 

Сваімі відэа Анхела і Аляксей падтрымалі паэтычны флэшмоб, які раней пачалі гульцы футбольнага клуба «Мінск», удзельнікі дзіцячага «Еўрабачання» Хелена Мерааі і Руслан Асланаў, акцёр і вядучы Юрый Жыгамонт, пераможца конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка» Уладзіслаў Пракапенка. Усе яны запісалі на відэа адзін з твораў беларускай літаратуры і словы падтрымкі ўдзельнікам рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom». Любы жадаючы можа таксама падтрымаць юных удзельнікаў конкурсу і запісаць відэа, у якім чытае беларускі верш або прозу.



Першы этап конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» для вучняў 7–8 класаў праходзіць у сацыяльных сетках да 30 лістапада. Удзельнікі запісваюць відэа, дзе яны чытаюць твор са школьнай праграмы па беларускай літаратуры і размяшчаюць відэазапіс на асабістай старонцы ў Facebook, Вконтакте або Instagram c афіцыйнымі хэштэгамі праекта #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom. Лепшыя, на думку журы, канкурсанты, прымуць удзел у рэгіянальных этапах. Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымаюць смартфоны маркі Apple.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: