«Пагоня» супраць «Вершніцы»: слова за экспэртамі

Адзін з аўтараў дзяржаўнага герба «Пагоня» мастак Уладзімер Крукоўскі збіраецца падаць пазоў у Вярхоўны суд на выдавецтва «Кнігазбор», якое выдала кнігу Алеся Плоткі «Байсан».



Уладзімер Крукоўскі лічыць, што малюнак «Пагоні» на вокладцы кнігі, дзе замест вершніка на кані — вершніца, парушае ягоныя аўтарскія правы. Да таго ж новую «Вершніцу» ўжо растыражавалі на паштоўках, цішотках.

Ідэя «Вершніцы» належыць паэту і музыканту Алесю Плотку, эскіз зрабіла Ліза Пастушэнка. Паштоўка з «Вершніцай» (дызайнэр — Юлія Галавіна) у 2015 годзе перамагла ў творчым конкурсе Беларускай службы Радыё Свабода «Віншуем па-беларуску». Нядаўна грамадзкае агенцтва «Арт-сядзіба» выпусьціла па матывах «Вершніцы» цішоткі. А з 12 па 19 сакавіка ў сеціве прайшоў тыдзень #vieršnica.

У выпадку, калі Уладзімер Крукоўскі падасць у суд пазоў, каб абараніць свае аўтарскія правы, якія шанцы ў абодвух бакоў? Ці зможа мастак абараніць сваю інтэлектуальную ўласнасць?

Сяргей ЗікрацкіСяргей Зікрацкі
 

Юрыст Сяргей Зікрацкі тлумачыць: што тычыцца выкарыстання пэўнага вобразу ці ідэі, то гэта заканадаўствам аб аўтарскіх правах не абараняецца. Заканадаўства аб аўтарскіх правах абараняе канкрэтны твор — вынік працы яго стваральніка. То бок, калі мастак Уладзімер Крукоўскі — аўтар «Пагоні», то абараняецца канкрэтна «Пагоня» з вершнікам.

У «Законе аб аўтарскім праве і сумежных правах» Рэспублікі Беларусь запісана: «Адным з асабістых маёмасных правоў аўтара з'яўляецца права на недатыкальнасць твору». Гэта азначае, што без згоды аўтара не дапускаецца ўнясенне ў ягоны твор любых змяненняў, скарачэнняў і дапаўненняў, тлумачыць юрыст Сяргей Зікрацкі:

«Я не магу адназначна сказаць, ці парушана гэтае права на недатыкальнасць, ці не парушана ў канкрэтным выпадку з „Пагоняй“ і „Вершніцай“. Калі яны ўзялі за аснову твор мастака і крыху яго перарабілі, то яны фактычна не зрабілі новы твор, гэта не новы малюнак, а яны ўнеслі змяненні ў ягоны твор. Тады гэта парушэнне. Калі іх праца, якую яны зрабілі, носіць творчы характар, і тое, што ў выніку яны зрабілі, павінна разглядацца як новы твор, то гэта не з'яўляецца перарабленнем твору спадара Крукоўскага, і тады парушэння няма. Прыкладна так і трэба ў гэтай сітуацыі гэта ацэньваць.

Але ці яны перарабілі і парушылі, ці зрабілі новы твор і нічога не парушылі — гэта ўжо пытанне, якое павінны вырашаць мастацтвазнаўцы. І ў выпадку, калі спадар Крукоўскі звернецца з пазовам у суд, то адказ на гэтае пытанне будзе даваць экспертыза, якая мусіць прааналізаваць дзве гэтыя выявы, два малюнкі і вызначыць, ці гэта новы твор, ці гэта проста перароблены ранейшы твор».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: