Палеская вечарына ў Карэтным дворыку

19 траўня, калі паўсюль адзначаюць «Ноч музеяў», у Карэтным дворыку мінскага Верхняга горада адбудзецца Палескі спеўны сход разам з гуртом Vuraj i аўтэнтычным гуртом "Вытокі" з вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна.

На вечарыне палескіх песень можна будзе апынуцца ў атмасферы беларускага Палесся, пабачыць сапраўдны веснавы палескі абрад і паўдзельнічаць у ім, заспяваць разам з аўтэнтычным гуртом “Вытокі” песні вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна.

Будзе сюрпрыз ад гурта Vuraj: прагучаць некалькі новых песень з альбома “Літо”, на выданне якога запушчана краўдфандынгавая кампанія.

Весці імпрэзу будзе Сяржук Доўгушаў. Пачатак а 20.30.

Карэтным дворык знаходзіцца па адрасе: Мінск, вул. Кірыла і Мефодзія, 8.

Гурт “Вытокі” – унікальны калектыў з Палесся, паслядоўнікі аўтэнтычнай традыцыі спеваў свайго рэгіёну. У снежні 2017 яны ўжо былі гасцямі “Каляднага спеўнага сходу” і выступілі перад некалькімі сотнямі людзей у клубе Бругеге на “Зімовым канцэрце” гурта Vuraj.

Спеўны сход – гэта сустрэчы, дзе людзі збіраюцца разам, каб спяваць розныя беларускія песні. Сяржук Доўгушаў, кіраўнік праекту, ладзіць гэтыя сустрэчы, вучыць людзей спяваць ды спявае разам з імі. Некамерцыйная ініцыятыва «Спеўны сход» ужо чатыры гады яднае сотні людзей, якія маюць цікавасць да беларускай музычнай культуры. Ажыццяўляецца дзякуючы ахвяраванням людзей на платформе Talaka.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць