
На Ясельдзе. Фота Паўла Куніцкага

Паводка. Фота Паўла Куніцкага
У Кудрычах на
сёння — 12 жыхароў, пераважна сталага веку, жывуць з уласнай гаспадаркі. На ўсю
вёску — адна карова, некалькі коней. Няма ніякай працы, калгас далёка, моладзь
раз’ехалася. Будынкі, крытыя чаротам, паступова разбураюцца, але вёска не
губляе папулярнасці сярод турыстаў і фатографаў ужо амаль 100 гадоў.
Адной з першых “адкрыла” Кудрычы свету амерыканская географка Луіза Арнэр Бойд, якая наведала Палессе з экспедыцыяй у 1934-м, шукаючы “экзотыку сярод балот”, а ў 1937-м выдала ў Нью-Ёрку фотаальбом “Польская правінцыя” (Піншчына тады ўваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай).

Павел Куніцкі
Павел Куніцкі здымае Кудрычы амаль 10 гадоў. Вёска месцiцца ў рэчышчы Ясельды. Па словах фатографа, “калі талая вада выходзіць з берагоў, то там як у Венецыі: ад хаты да хаты можна дабрацца толькі чоўнам. У 1980-х туды пабудавалі дарогу, а да таго сувязь з горадам была выключна па вадзе — па Ясельдзе, па Прыпяці”.

Перавозка сена. Фота Паўла Куніцкага
Павел Куніцкі супрацоўнічае як карэспандэнт па Палескім рэгіёне з газетай “Вячэрні Брэст”, для якой робіць рэпартажы ў Пінскім, Лунінецкім, Столінскім, Іванаўскім і Драгічынскім раёнах. Цікавіцца традыцыйнай культурай. Яго папярэдняя фотавыстава была прысвечана, па словах творцы, “народнаму, простаму Палессю. Там былі не гарадскія пасёлкі і не аграгарадкі, а насельніцтва маленькіх вёсачак, што выміраюць, незвычайная прырода, людзі і іх побыт, твары, асобы…”

Сані. Фота Паўла Куніцкага
Было выстаўлена 110 фотаздымкаў, спачатку ў пінскім Музеі беларускага Палесся, потым, частка з іх, — у краязнаўчым музеі Лунінца, Музеі выратаваных каштоўнасцей у Брэсце, пружанскім Палацыку, Століне, розных бібліятэках — выстава атрымалася перасоўнай і вандравала каля трох гадоў.

Фота Паўла Куніцкага
У выставы пра Кудрычы фактычна тая ж тэма, што і ў папярэдняй — Палессе — але раскрытая на матэрыяле ўсяго адной вёскі, якая захавала да сённяшняга дня сваё аблічча сярэдзіны ХХ стагоддзя. На погляд Паўла Куніцкага, такая архаіка тлумачыцца рацыянальна: “Добра крытая чаротавая страха служыць 70 год. Навошта мяняць на шыферную, калі яна не цячэ? Чарот — вельмі надзейны матэрыял: узімку трымае цеплыню, улетку — прахалоду. Канечне, жылыя будынкі разбураюцца, гаспадары памерлі, іх няма каму даглядаць. А на гаспадарчых пабудовах чаротавыя стрэхі захаваліся ў большай ступені”.
Выставу можна паглядзець да восені. Павел Куніцкі плануе выдаць па яе выніках фотаальбом.
