«Памяні мяне, пакуль я жыву...»

25 жніўня 1968 года яна выйшла на Красную плошчу Масквы ў знак пратэсту супраць уварвання СССР у Чэхаславакію. У вазку пры ёй быў малодшы сын. Была арыштаваная ў 1969 годзе, прызнаная вар’яткай, прайшла прымусовае лекаванне ў Казанскай псіхіятрычнай лякарні... Гэтая публікацыя прысвечаная 85-годдзю Наталлі Гарбанеўскай.

Наталля Гарбанеўская прыязджала ў Беларусь прынамсі аднойчы — на 100-годдзе Чэслава Мілаша ў верасні 2011-га. Святкаванне адбывалася ў Мінску, у зале Акадэміі мастацтваў, у межах фестывалю «Вялікае Княства Паэзіі». А на наступны дзень Гарбанеўская сустрэлася з прыхільнікамі сваёй творчасці камерна, у Беларускім ПЭНе.

Пасля сустрэчы мы запрасілі госцю ў рэстарацыю, збіраючыся, канешне, карміць дранікамі. Абралі «Камяніцу». З Залатой Горкі на Пуліхава трэба было пад’ехаць колькі прыпынкаў трамваем-«адзінкай».

Наталля Яўгенаўна была глухаватая і размаўляла голасна, бо сябе не чула. У «адзінцы» яна працягнула размову, што вялася раней, расказваючы нам нешта пра свае творы і пераклады, сваіх паплечнікаў, свой досвед... Гэта было гучна і выглядала з боку як прамова на мітынгу. Гарбанеўская прамаўляла гучней, чым бразгатаў вагон трамвая па разбаўтаных рэйках. Гэта не магло не прайсці незаўважаным.

Да нас падышоў маладзён з доўгімі валасамі. Па старой мінскай завядзёнцы дзевяностых і нулявых, у абед ад яго звабліва патыхала півам.

— А кто такая эта ваша старуха, каб так пафосно говорить о себе в публичном месте? — зласліва спытаўся хлопец.

— Гэта Наталля Гарбанеўская, расійская праваабаронца і паэтка, — адказала я.

— Ну и что? Кому это интересно?

— Але гэта сапраўды знакавая асоба. Яна выйшла на Красную плошчу ў Маскве ў 1968-м… Адна з васьмі…

— Кого это вообще волнует? Это не даёт ей право сейчас орать на весь трамвай. Тем более в Минске! У нас так не принято. Немедленно попросите ее заткнуться.

Я, канешне, не папрасіла. Але сцэну тую запомніла назаўсёды. Азірнулася — рэшта пасажыраў заставалася абыякавай да сцэны. Сітуацыя ўстурбавала толькі майго суразмоўцу. У той час Мінск быў разасобленым, нядружным горадам.

У 2011-м мінчукі ўжо выходзілі на вуліцы з маўклівымі воплескамі, але імёны сусветна вядомых дысідэнтаў былі для іх яшчэ пустым гукам. Ці саступілі б у тым годзе ў мінскай «сотцы» месца Вацлаву Гавэлу, які хадзіў з ляскай? Ці змог бы Нэльсан Мандэла праехацца па «Аўтазаводскай» лініі метро, унікнуўшы дачэпак да колеру скуры? Дзесяць гадоў таму абодва палітыкі і праваабаронцы былі яшчэ жывыя…

А вось ужо ў 2018 годзе легендарны польскі паплечнік Гавэла і Гарбанеўскай Адам Міхнік пры перапоўненай зале выступаў у Мінску, на фестывалі WATCH DOCS. Арганізатарка той сустрэчы Таццяна Гацура-Яворска зазнала сёлета пераслед рэжыму. Яна была прызнаная палітзняволенай, як і сотні іншых беларусаў. І я ведаю, што Наталля Яўгенаўна, калі б была з намі, сёння гучна гаварыла пра гэта на ўсіх маршрутах мінскага трамвая.


Наталля Гарбанеўская нарадзілася ў Маскве 26 траўня 1936 года, была філолагам з адукацыі. Да 1968 года была аўтаркай, рэдактаркай і машыністкай самвыдаву. 25 жніўня 1968 года выйшла на Красную плошчу Масквы ў знак пратэсту супраць уварвання СССР у Чэхаславакію. У вазку пры ёй быў малодшы сын. Была арыштаваная ў 1969 годзе, прызнаная вар’яткай, прайшла прымусовае лекаванне ў Казанскай псіхіятрычнай лякарні. Вызваленая ў 1972-м. У 1975 годзе разам з двума сынамі эмігравала з СССР, неўзабаве пасялілася ў Парыжы, з’яўлялася ў Францыі асобай без грамадзянства. Працавала рэдактаркай і публіцысткай (часопіс «Континент», газета «Русская мысль», радыё «Свобода»). Перакладала літаратуру з польскай і чэшскай моваў.
У 2005 годзе атрымала польскае грамадзянства. У красавіку 2013 года зноў выйшла на Красную плошчу з лозунгам «За нашу и вашу свободу». Памерла ў Парыжы 29 лістапада 2013 года.

Гэтая публікацыя прысвечаная 85-годдзю Наталлі Гарбанеўскай.

ПА ПРАЧЫТАННІ КНІГІ РЭЯ БРЭДБЭРЫ «FAHRENHEIT 451»

Вельмі разумныя людзі
Вельмі разумныя людзі
Вельмі Вельмі Вельмі
Вельмі разумныя людзі
Хто ж ганьбаваць іх будзе?
Хто ж ганьбаваць іх будзе?
Такія разумныя людзі.
Ну проста амаль мудрацы.

Абсмаленыя старонкі
мной не чытаных кніг.
Абсмаленыя старонкі.
Кнігапал непісьменны пры іх.

Вельмі разумныя людзі
сказалі яму: — Спалі.
Сказалі, што гэтыя кнігі —
яго непрыяцелі.

Цяпер падпускаюць да попелу:
— Грабіце дабро ад зла.
Цяпер падпускаюць да попелу:
— Ану, з цемры да святла!

Я разграбаю попел —
рукі па локаць у прыску.
Я разграбаю попел —
ні літаркі, ані рыскі.

Вельмі разумныя людзі.
Усё вельмі добра прадумалі.
Каб усе іншыя людзі
ужо ні пра што не думалі.

1956

***
Усё роўна потым
ні за што не згадаюць
ці быў Дантэ гвельф,
а ці гібелін,
і якога колеру
сцяг
і ці быў падняты,
і ў якім агні
шукаў ён гібелі.

Ох, магіла брацкая,
вольніца арбацкая
у Ф’ярэнцу сігануці,
памаліціся,
Аліг’еры памянуці,
Пакланіціся.

1963

***
Раўчук не родзіць кветак,
і стронга не пяе,
а хто не лічыць гэтак,
той вісне на слупе.

А той, хто лічыць зоркі
ў гірляндзе раўчука,
той ці дзіцёнак горкі,
ці форменны зэка.

Навошта ён іх лічыць?
Пятля яму, пятля.
Вароны смерць наклічуць,
Прымі яго, зямля.

Ды ён і нас загубіць —
ату яго, ату!
………………………
Але не змаўкае сонечны Шуберт
і стронга пяе ў раўчуку.

Верасень 1970, Бутырская турма, бальнічка

***

«Лёс дзяцей яе не турбуе».

Гэту фразу з акту экспертызы,
срабрыстым прапяяную кларнетам,
час пазбавіў фарбаў пагрозы,
але дабяла не вымыў пры гэтым.

Добра, калі дыхаюць за сцяною
два сыны, а не сукамерніцы поплеч,
добра, калі вусны раніцай не сцінае
ядавітай явы горкая горыч.

Добра жыць без абмацвання глузду,
ці не з’ехаў куды, ведаць, хто ты,
удыхаючы не аселы з-пад друзу
прах таго, што, дай Бог, беззваротна.

1973

***
Госпадзе Ісусе, Маці Божая,
што за народзічак неданароджаны?
Як ускудлачанае буслінае пёрка,
ветрыкам гнанае цераз пагоркі,
цераз канавы, цераз сівыя
пусткі, дзе толькі сабакі выюць.
 
Што за народзічак, што за людцы,
што за айчыначка з нас намалюецца?
Як перастаялая, з таго яшчэ году,
вярба віленская, лю́бая Богу,
вярба фарбаваная, вярба сухая,
пясок пялёсткаў на мяне абсыпае...

1975

***
Памяні мяне, пакуль я жыву
пакуль не абмякла ў сырую траву
пакуль паміж ровам і ротай
рукі звязаныя дротам
але ўсё яшчэ над ровам а не ў
не плач на труне не пугач на багне
не вал па-над ровам і каранёў
вярба скрозь мяне не цягне
Яшчэ варушу пясок
удыхаю пясок нагбом
Памяні ж мяне напрамілы Бог
Пакуль не позна напрамілы Бог
пакуль на захадзе не чырванее Ўсход

1977

***
Я не паэта й не грамадзянін —
без грамадзянства, ды з якім акцэнтам,
з якой супраціўляльнасцю ацэнкам,
што мне даюць тутэйшыя чужын,

з якою вернасцю — не ім — рацэ,
што коціцца пад мост-не-на-разводзе,
што залівае брук, калі разводдзе,
мае ўсе слёзы там — не на шчацэ,

мае ўсе слёзы выпалі вясной,
вясной, якая больш чым адбуяўшы...
Адкуль жа ёлкі пах прасянай кашы,
на Сэн-Жэрмене, на рагу Сянной?

1982

***
Здараецца,
здараецца, я разумею,
што яны мелі рацыю —
лекары з Крапоткінскага завулка.
І праўда: быць трэба вар’ятам,
каб з норавамі змагацца,
дый шчэ не дзеля славы гэткая праца
і не дзеля месцейка лагернага паўдурка.

А здараецца,
здараецца, я знову не разумею,
як яны маглі думаць,
што будуць павек мець рацыю —
лекары ў халатах, накінутых на пагоны,
што норавам не памяняцца,
што не надыдзе час —
але не помсты, на плацы,
а праўды, якая цемру шаленства разгоніць.

Канец 1980-х

Пераклала з рускай мовы Марыя Мартысевіч

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: