Памёр народны артыст Беларусі Аўгуст Мілаванаў

Народны артыст Беларусі Аўгуст Мілаванаў памёр сёння на 82-м годзе жыцця. Такая інфармацыя размешчана на сайце Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

"Пайшоў з жыцця наш калега, сябар, натхняльнік, выкладчык і неверагодна таленавіты артыст Аўгуст Лазаравіч Мілаванаў", — гаворыцца ў паведамленні тэатра.

Аўгуст Мілаванаў нарадзіўся ў 1937 годзе ў Сталінградзе. У 1961-м скончыў акцёрскі факультэт Тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці "Акцёр драматычнага тэатра і кіно". Затым працаваў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. Праз год пераехаў у Мінск (1962 год). З таго часу Аўгуст Лазаравіч стаў адным з вядучых артыстаў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

Творчай манеры Мілаванава былі ўласцівы псіхалагічная дакладнасць характараў, выразнасць ролі, тонкае адчуванне стылю і жанравай прыроды твора. На купалаўскай сцэне артыст стварыў незабыўныя вобразы ў пастаноўках айчынных і замежных драматургаў. Сярод іх — Цяўе-малочнік у "Памінальнай малітве" Рыгора Горына, Восіп у гогалеўскім "Рэвізоры", Гаспадар у "Святой прастаце" Андрэя Макаёнка і многія іншыя. Гэтыя сцэнічныя героі ў выкананні Аўгуста Мілаванава ўжо сталі хрэстаматыйнымі, яркай старонкай у гісторыі Купалаўскага тэатра.

На творчым рахунку ў артыста некалькі дзясяткаў выдатных роляў, у тым ліку ў аншлагавых і вельмі папулярных пастаноўках з рэпертуару тэатра "Памiнальная малiтва", "Ромул Вялікі".

Акрамя працы ў тэатры, Аўгуст Мілаванаў шмат здымаўся ў кіно, на тэлебачанні, займаўся рэжысёрскай практыкай у аматарскіх тэатрах. Гледачы запомнілі акцёра па ролях мастака Кандрація Сцяпанавіча ў дзіцячай прыгодніцкай стужцы "Бронзавая птушка" (1971 год), вядомага рэвалюцыйнага дзеяча Вячаслава Рудольфавіча Мянжынскага ў тэлесерыяле "Дзяржаўная мяжа" (1982 год), у серыяле "Закон" (2001 г.) ён адыграў бамжа, у серыяле "Каменская" (2000 год) — мастака, у серыяле "Вакзал" (2003 год) — прафесара, у фільме "Трэцяе неба" (2007 год) — Кешу, у серыяле "Талаш" (2011 год) — бацьку Сцяпана, у серыяле "Усё, што нам трэба ..." (2011 год) — лесніка.

З 1967 па 1987 год Аўгуст Мілаванаў выкладаў акцёрскае майстэрства ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1988 годзе яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. У 1989 годзе прысвоена званне народнага артыста Беларусі.

zviazda.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!