«Пан Тадэвуш», або Што важнейшае — асветніцтва ці мастацтва?

Па словах рэжысёра Мікалая Пінігіна, пастаноўка «Пана Тадэвуша» — асветніцкі праект, таму што большасць беларусаў не чытала гэтага твору і ўвогуле мала разумее, што адбывалася на беларускіх землях у 1812 годзе.



Паэма Адама Міцкевіча (у перакладзе Язэпа Семяжона) упершыню атрымала сцэнічнае ўвасабленне ў беларускім тэатры.
 
 
Адна з ліній «Пана Тадэвуша» — змаганне за незалежнасць Рэчы Паспалітай. Ксёндз Робак з роду Сапліцаў (Сяргей Журавель), агітуе ліцвінаў да паўстання супраць расійскіх войскаў і змагання на баку Напалеона. Нездарма два варагуючыя шляхецкія кланы, якія змагаюцца за замак, заключаюць мір і разам уступаюць у французскае войска.
 
 
Асветніцкім задачам падпарадкавана і візуальнае рашэнне Зіновія Марголіна.
 
 
Прыемна, што ён ці не адзіны з беларускіх сцэнографаў дасягнуў бясспрэчнага прызнання ў расійскім тэатры. Але адгукаецца на запрашэнні Тэатра імя Янкі Купалы.
 
 
Сцэнаграфія ўяўляе сабой велічную белую браму. Асацыяцый тут багата: шляхецкі палац, скляпенні храма, трыумфальная арка. Цягам дзеі на задніку адбываецца праекцыя гравюраў Напалеона Орды і асобных кадраў з фільма Анджэя Вайды «Пан Тадэвуш».
 
 
Найбольш моцнымі ў пастаноўцы з’яўляюцца пачатак і фінал.
 
 
У пралогу «забранзавелы» Паэт (Павел Харланчук), да якога завітвае Дзяўчына-эмігрантка (Валянціна Гарцуева), літаральна на вачах нараджаецца наноў і думкамі пераносіцца ў любую Літву.
 
 
Фінал спектакля — заклік адмовіцца ад рамантычных ілюзій. Жаўнеры, якія ўступілі ў войскі Напалеона над сваімі нацыянальнымі сімваламі (дарэчы, пасля грамадскага прагляду з харугваў знікла «Пагоня»), вяртаюцца дадому разбітымі.
 
 
Замак, які ўвасабляў сабой сімвал дзяржаўнасці, пачынае гарэць. Дождж загасіў агонь, таму будынак застаецца ацалелым. Яго руіны нагадваюць стан многіх беларускіх замкаў. Такі фінал увасабляе канец старой Літвы і першыя крокі да новай Беларусі.
 
 
Асветніцкі падыход спрацоўвае толькі тады, калі сумяшчаецца з мастацкай інтэрпрэтацыяй і абагульненнем.
 
 
На маю думку, галоўнай супярэчнасцю «Пана Тадэвуша» стала праблема трансфармацыі тэксту паэмы.
 
 
Гэты жанр, дзе амаль няма дыялогаў і рэплік герояў, адзін з самых складаных для тэатра.
 
 
Як адаптаваць яго да сцэны? Магчыма, праз складаную метафарычнасць, як тое зрабіла літоўскі рэжысёр Рамуне Кудзманайце ў «Дзядах» Тэатра Ч (нават калі ўлічваць, што ў тая паэма мае драматычны характар, а «Пан Тадэвуш» — ліра-эпічны). Але такіх спроб у «Пану Тадэвушу» не назіраецца.
 
 
Магчыма, у рэчышчы псіхалагічнага тэатра? Так, у пастаноўцы занятыя найлепшыя акцёры Купалаўскага. Але рэжысёр не дае ім асаблівай магчымасці для самавыяўлення. У выніку на сцэне дзейнічаюць не жывыя людзі, а носьбіты пэўнай рысы характару.
 
 
Напрыклад, ёсць дрэнны (маёр Плут) і добры (капітан Рыкаў) расійскія афіцэры, патрыятычны ксёндз Робак, праставаты Тадэвуш (Павел Харланчук), якія з пераменным поспехам імкнуцца cтварыць складаныя псіхалагічныя вобразы.
 
 
А вось у вобразах Тэлімэны (Святлана Анікей), Зосі (Марта Голубева) і Графа (Раман Падаляка) пераважаюць фарсавыя інтанацыі. Калі Тэлімэна кліча Зосю, тая ганяецца па пакоях за мухамі. Атрымліваецца дысбаланс, які не ідзе на карысць пастаноўцы.
 
 
Паколькі выразнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыі паэмы няма, галоўным у пастаноўцы становіцца класічны тэкст Міцкевіча.
 
 
Дадам, што пры слабой распрацоўцы мізансцэн у «Пане Тадэвушы» пануе статыка. Таму момантамі пастаноўка ператвараецца ў звычайнае дэкламаванне паэмы. Часам дастаткова нуднае. У асобных сцэнах яно разбаўляецца кадрамі з фільма фільма Анджэя Вайды «Пан Тадэвуш».
 
 
Рэакцыя на спектакль паказала, што многія гледачы гатовы згадзіцца і на такі варыянт, што сам факт беларускай тэматыкі і патрыятычнага духу прыносіць ім радасць. Калі ўспрымаць «Пана Тадэвуша» выключна як асветніцкі праект — гэтага дастаткова.
 
 
Але калі рэжысёр жадаў праз інтэрпрэтацыю паэмы далучыць да нацыянальнай ідэі шырэйшага гледача, яму гэта не надта ўдалося.
 
 
Трэ' было смялей адыходзіць ад тэксту. Каб акрамя чытання мелася выразная пазіцыя рэжысёра. А так нічога гэтага няма. «Ідылія» паводле Дуніна-Марцінкевіча моцна выйгравала за кошт харэаграфіі. У «Пінскай шляхце» Пінігіну ўдалося «дастаць» тое, што было ў аўтара, але чаго сучасныя чытачы самі не заўважалі, і ён зрабіў спектакль гамерычна смешным. Разынкай «Адвечнай песні» ў РТБД сталі народныя спевы. А ў «Пану Тадэвушу» купалаўцы механічна прагаворваюць тэкст…
 
 
Таму найвышэйшая планка, узятая Пінігіным у «Тутэйшых», «Сымону-музыку» і «Пінскай шляхце», засталася ім непераадоленай.
 
 
* * *
 
Хочаце пабачыць «Пана Тадэвуша» самі? Трэці прэм’ерны дзень — 17 студзеня. Наступныя паказы — 19 і 20 лютага.
 
 
Дзяніс Марціновіч, nn.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!