Папулярная кніга Арлова і Герасімовіча пра ВКЛ выйшла па-ангельску

Кніга Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча «Belarus.The Epoch of the Grand Duchy of Lithuania» ў перакладзе на ангельскую мову вядомага брытанскага беларусіста Джыма Дынглі (Jim Dingley) з'явілася з друку ў Вільні пад грыфам выдавецтва Technalohija. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода
У арыгінале кніга «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» выйшла шэсць гадоў таму і займела вялікі поспех не толькі ў Беларусі. Яна прысвечаная найцікавейшай эпосе беларускай мінуўшчыны — часам Вялікага Княства Літоўскага, якое сваёй гістарычнай радзімай лічаць не толькі беларусы і літоўцы, але і ўкраінцы, а таксама беларускія татары і габрэі-літвакі.

Беларускія землі адыгрывалі ў ВКЛ вызначальную ролю, а старабеларуская мова была дзяржаўнай. Менавіта таму кніга мае на мэце расказаць найперш пра дзяржаватворчую ролю беларусаў у гэтай магутнай еўрапейскай дзяржаве і дае англамоўнаму чытачу магчымасць даведацца пра гісторыю ВКЛ з беларускага гледзішча.

Belarus. The Epoch of the Grand Duchy of Lithuania — займальны і даступны расповед пра палітыку і гаспадарку, жыццё і побыт, ваенныя перамогі і культурныя дасягненні «літвінаў» у «Літве». Гэтыя назвы на працягу некалькіх стагоддзяў былі назвамі беларусаў і Беларусі, гісторыя якой разглядаецца ў кнізе як частка агульнаеўрапейскага руху цывілізацыі.

Паводле Уладзіміра Арлова, «гэта кніга пра тое, што беларусы гістарычна, ментальна — эўрапейскі народ. У нас еўрапейская гісторыя, і гэта пропуск у нашу еўрапейскую будучыню».

Пад маляўнічай вокладкай Belarus. The Epoch of the Grand Duchy of Lithuania — каля 400 старонак гісторыі і прыкладна 2 тысячы ілюстрацый. Аздабленне выдання — заслуга мастака Змітра Герасімовіча. Для ілюстравання кнігі выкарыстаныя мноства дакументаў, старых мап, летапісных мініятур і сярэднявечных гравюраў, у тым ліку ўнікальныя ілюстрацыі з прыватных калекцыяў Аўстрыі, Нямеччыны, Польшчы і Літвы.

Гэта сапраўдны даведнік па часах ВКЛ і не толькі. Аўтары вырашылі не абмяжоўвацца храналагічнымі межамі існавання ВКЛ: кніга пачынаецца матэрыяламі пра суіснаванне балтаў і славян на беларускіх землях, а сканчаецца аповедам пра сённяшняе жыццё беларусаў у Літве.

Belarus. The Epoch of the Grand Duchy of Lithuania — у пэўным сэнсе працяг першай гістарычнай англамоўнай кнігі Арлова і Герасімовіча, This Country Called Belarus, якая выйшла ў 2013 годзе накладам 3000 асобнікаў і знайшла ў свеце шмат удзячных чытачоў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!