Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх

22 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры  адбылася штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя — ХХV Гарэцкія чытанні «Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць».
Даследчыкі жыцця і дзейнасці братоў Гарэцкіх

Даследчыкі жыцця і дзейнасці братоў Гарэцкіх

Сёлетняя канферэнцыя была прысвечана літаратурна-мастацкай і навуковай дзейнасці братоў Гарэцкіх (у сувязі з абвяшчэннем 2017 года Годам навукі). Вучоныя, літаратурныя крытыкі, пісьменнікі і журналісты дапамагаюць адкрываць новыя старонкі дзейнасці братоў Гарэцкіх.

Ва ўступным слове да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч падзякаваў арганізатарам за руплівасць. Неабходна і далей працаваць па папулярызацыі спадчыны братоў Гарэцкіх. Дз. Яцкевіч паведаміў пра тое, што лёс сядзібы-музея Максіма Гарэцкага у Малой Багацькаўцы будзе абмяркоўвацца 23 чэрвеня на круглым стале па музеефікацыі літаратурных мясцін ў Магілёве. Навукоўцы лічаць немэтазгодным перанос сядзібы ў Мсціслаў.

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава адзначыла, што яе натхняе арганізаваная, сістэматызаваная, зробленая  з ласкай і захапленнем праца па даследванні дзейнасці братоў Гарэцкіх, якая доўжыцца цягам многіх гадоў.«Поспех суправаджае менавіта такую цяжкую і мэтанакіраваную працу», — падкрэсліла яна.

На навукова-практычнай канферэнцыі ХХV Гарэцкія чытанні

На навукова-практычнай канферэнцыі ХХV Гарэцкія чытанні

Акадэмік НАН Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі праінфармаваў грамадскасць пра важныя падзеі і публікацыі ў друку, якія адбыліся цягам прамінулага году. Выйшаў з друку зборнік матэрыялаў XXIV Гарэцкіх чытанняў з дакладамі Ядвігі Аношка, Розы Зінавай, Лідзіі Савік, Алены Ждановіч, Сяргея Запрудскага, Тамары Тарасавай і іншых. Алена Уладзіміраўна Ярмоленка абараніла дысертацыю ў Гомельскім універсітэце імя Францыска Скарыны, з’явіўся шэраг артыкулаў на старонках «Звязды», «Народнай волі» і «Нашага слова».

Выступае акадэмік НАН Р.Г.Гарэцкі

Выступае акадэмік НАН Р.Г.Гарэцкі

Маштабную працу прайшоўшага году прааналізаваў слынны знаўца спадчыны братоў Граэцкіх член карэспандэнт НАН, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі. Ён засяродзіў увагу на  неабходнасці стварэння гісторыі ўплывовых дынастый, у прыватнасці, дынастыі Гарэцкіх. Радавод сям’і Гарэцкіх ахоплівае 79 асоб. Заслугоўваюць увагі даследчыкаў Еўфрасіння Гарэцкая, маці пісьменніка і акадэміка, Леаніла Чарняўская-жонка Максіма Іванавіча, Ларыса Восіпаўна, жонка Гаўрылы Іванавіча, Галіна Максімаўна Гарэцкая, і іншыя. У іх гэтых асобах праяўляецца непаўторнасць і адметнасць душы народа.

Браты Гарэцкія аказалі значны ўплыў на навуковае, літаратурнае і культурнае жыццё Беларусі, на педагогіку і сцэнічнае жыццё. Пьеса «Дзве душы» паспяхова ідзе на сцэне ў Купалаўскім тэатры ў Мінску.

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, доктар геолага-мінералагічных навук, выступіў з дакладам пра свайго бацьку — «Гаўрыла Гарэцкі: эканаміст і геолаг».  Ён быў вядомым беларускім эканамістам, географам, адным з заснавальнікаў  і самым маладым акадэмікам  Беларускай акадэміі навук, дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі. У пазнейшыя часы ён засвоіў прафесію геолага і стаў доктарам геолага-мінэралагічных навук, заслужаным дзеячам навукі Беларусі. Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі пакінуў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі, археалогіі, артыкулы і ўспаміны пра Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Гарэцкага. Сіла яго духу была такой вялікай, што ён пераадолеў рэпрэсіі, цяжкія ўмовы жыцця і прынёс вялікі плён у навуцы.

Са змястоўнымі паведамленнямі ў пленарным паседжанні выступілі доктар філалагічных навук Тамара Тарасава і кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі з Мінска. Працай у навуковых секцыях кіравалі кандыдаты філалагічных навук Таіса Грамадчанка і Алена Гурская.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!