«PARTY-zan фільм». Цэнз 18+

Канфлікт паміж стваральнікамі незалежнай беларускай камедыі  «PARTY-zan фільм» і Міністэрствам культуры, здаецца, нарэшце вырашыўся. Дзяржкамісія не знайшла ў фільме парнаграфіі, жорсткасці і экстрэмізму.

Мы пісалі пра ліст рэжысёра фільма Андрэя Курэйчыка ў Адміністрацыю прэзідэнта і Савет Міністраў пра цяжкасці, якія ствараюць чыноўнікі Міністэрства культуры, у прыватнасці — кіраўніца дэпартамента кінематаграфіі Ірына Белякова, з пракатам стужкі. Па словах Курэйчыка, у выніку дзеянняў Беляковай быў сарваны другі тыдзень пракату карціны, і стваральнікі страцілі вялікую суму грошай. Паводле ацэнак Курэйчыка, стваральнікі карціны недаатрымалі прыкладна 40% збораў з-за перашкод чыноўніцы.

Курэйчыку давялося ставіць пытанне: які ў гэтым сэнс, калі беларускае кіно — рэдкасць у кінатэатрах, калі немагчыма пакінуць грошы гледачоў у краіне і накіраваць іх на далейшае развіццё кінавытворчасці? Чаму замест спрыяння беларускае кіно падвяргаецца ганенням?! Намесніца міністра Ірына Дрыга ў сваю чаргу ў інтэрв'ю БЕЛТА выказалася, што прычынай таму стаў фрагмент у стужцы, які, па яе словах, утрымліваў інфармацыю, якая можа быць аднесена да рэкламы прадукцыі сексуальнага характару. У выніку — дыск з копіяй фільма быў накіраваны ў Рэспубліканскую камісію па процідзеянні парнаграфіі, жорсткасці і экстрэмізму.

Хто ўжо паглядзеў стужку, верагодна з гэтага толькі ўсміхнецца. Бо стужка і побач не стаіць па сваім кадрам з тымі ж «50 адценняў шэрага». Дый мае ўзроставы цэнз. Але ў камісіі да гэтага паставіліся на поўным сур’ёзе. Як сёння паведаміў на сваёй старонцы сам Андрэй Курэйчык, і камісія была сабрана, і экспертыза праведзена, і вынік падведзены.



Па словах рэжысёра, у Мінкульце была сабрана Камісія па процідзеянні парнаграфіі, жорсткасці і экстрэмізму, з запрашэннем журналістаў дзяржСМІ, шаноўных экспертаў у парнаграфіі, кінакрытыкаў. Быў нават адзіны ў Беларусі доктар навук па эстэтыцы. Не запрасілі толькі саміх стваральнікаў карціны, як гэта не дзіўна. Падобна, што Ірына Дрыга і Ірына Белякова ўскладалі на камісію вялікія спадзяванні. Бо, каб быў прызнаны факт прысутнасці кадраў парнаграфічнага зместу, — можна было б апраўдаць свае дзеянні па перашкодам пракату стужкі. Але, падобна, што ім з гэтым не пашанцавала. Шаноўныя эксперты, з меркаваннем якіх варта лічыцца, не знайшлі ў стужкі нічога падобнага. Больш таго — па завяршэнні выдалі стваральнікам карціны фінальнае пракатнае пасведчанне. Адзінае, што фільму прысвоілі цэнз 18+.

І цяпер, як кажа сам Андрэй Курэйчык, стужка, як і «Вікінг», — афіцыйна існуе ў дзвюх версіях: для падлеткаў і для дарослых. Праўда, адно горкае «але» засталося — пракат у сталіцы ўжо скончаны, і страчаныя перашкодамі грошы, як і нервы стваральнікам карціны, падобна, ніхто не верне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • д-р СЫЧ
  • 2017-02-03 05:29:23
АХМУРЭЙЧЫК - аўтар неякаснага кітчу прабіваецца на шырокую дарогу... Сумна,панове.