«PARTY-ZAN фільм»: магія лічбаў галоўнай навагодняй кінапрэм’еры

«PARTY-ZAN фільм» — першы і адзіны айчынны фільм, які патрапіў на шырокі экран у навагодні пракат. Для новай камедыі Андрэя Курэйчыка гэта не толькі канкурэнтны перыяд, але і містычны.

Чаму містычны? 18 дзён сышло на здымкі карціны і па 18 сеансаў на дзень у вялікіх залах будуць праходзіць паказы. І гэта не адзінае цікавае супадзенне ў пераднавагодняй магіі лічбаў, пры тым што фільм зусім не містычны (нават сыходзячы з назвы). Пра гэта — ніжэй.

Прэм’ера доўгачаканай камедыі адбылася ў кінатэатры «Масква». Пры поўным аншлагу, што ўжо робіцца добрай традыцыяй для фільмаў маладога творчага аб’яднання Bez Buslou Arts. Гэта іх трэцяя карціна, папярэднія — нашумелыя «ГараШ» і «Вышэй за неба» карысталіся поспехам, што радуе, асабліва на фоне правалу некаторых беларускіх фільмаў з дзярждатацыямі.


У фільме Андрэй Курэйчык паспрабаваў з іроніяй зірнуць на тое, як у нас здымаецца кіно, над якім ужо замацавалася вызначэнне «партызанскага».

Коратка пра сюжэт. Двое не самых удалых хлопцаў — прадпрымальнік Аляксей (які прагарае ва ўсім за што не бярэцца) і праграміст Дзяніс (якога па сутнасці выгналі з крутой IT-кампаніі з-за чарговай авантуры ўсё таго ж Аляксея), здаецца, знайшлі спосаб як можна хутка разбагацець.

Яны прадстаўляюцца маскоўскім кінавытворцам сур’ёзнымі кінапрадзюсарамі і за салідныя грошы (па разуменню маладых людзей) бяруцца за здымкі батальных сцэн. Дзякуй, беларускі кінематограф зарабіў на гэтым сабе аўтарытэт, чым хлопцы і скарысталіся. Сума па кантракту за здзейсненую  працу павінна скласці 40 тысяч долараў. А вось тут яшчэ адно цікавае супадзенне —  прыблізна гэтакую суму выдаткаваў і Курэйчык на здымкі свайго «PARTY-ZAN фільма».

Пачынаючыя кінапрадзюсары грошы атрымалі. Падаецца, фартуна нарэшце ім усміхнулася. Можна смела брацца за работу (і сабе не ў чым больш не адмаўляць). А па дарозе у Брэст да іх яшчэ і прыгажуня Марта далучаецца. І тут пачынаецца.


Фартуна памахала ім ручкай, як і грошы, якія ўляцелі ва ўнітаз у прамым сэнсе. А тут і расійскія зоркі прыехалі — Даніла Казлоўскі, Гоша Куцэнка і Рэната Літвінава. А ў след за імі і вядомыя рэжысёр і аператар. Хлопцы разумеюць, што свецяць ім цяпер або сур’ёзныя калецтвы ад заказчыка, або турма за махлярства. І ім даводзіцца напружыць увесь свой талент сапраўдных махляроў, каб выкруціцца з амаль безвыходнай сітуацыі.

Тут у ход ідзе беларуская кемлівасць, здольнасць выйсці з перамогай з любой сітуацыі. У якасці зброі пайшла «настойка на цыбулі, рапсе і журавінах», «настойка на каноплі», пасля якой любы загартаваны арганізм зваліцца на суткі. Ну, і абаянне прыгажосцю беларускіх дзяўчат, вядома.

Узнагарода — хэпі энд. Не гледзячы ні на якія перашкоды пачынаючыя прадзюсары не толькі знялі геніяльныя кадры, але і атрымалі яшчэ заказ — адразу на 300 тысяч долараў.

Цікава, ці выйдзе на гэту суму Bez Buslou Arts у наступнай карціне? Ці ў магчымым працягу, калі ён будзе. Бо канцоўка фільма не закрыта, завяршаецца з магчымым працягам.

Калі аналізаваць гульню акцёраў, то можна заўважыць як вырас у прафесійным плане Аляксандр Кулінковіч, які вельмі ўпэўнена і выразна сыграў сваю ролю. Вядома ж, выдатна сыгралі і самі прафесіяналы — Эвеліна Сакура і Аляксандр Ефрэмаў (мал.). А харызму калегі з гурту Кулінковіча «Neuro Dubel» Юрыя Навумава можна параўнаць хіба што са здаравякам Яўгеніям Маргуновым з «Аперацыя “Ы”».

На добрым ўзроўні зладзіліся са сваімі ролямі і галоўныя маладыя выканаўцы, узыходзячыя зоркі беларускага тэатра і кіно: Аляксандр Тарасаў, Аляксандр Душачкін і Аліса Аўчыннік. Курэйчык ужо паспеў параўнаць Алісу Аўчыннік па таленце (а магчыма дзесьці і па знешніх дадзеных) з Камеран Дыяс.

Як і ў папярэдняй карціне, прайшоўся Курэйчык у мяккай форме і па чыноўнікам, на гэты раз у сферы культуры. У сучаснай стандапаўскай манеры ёсць пародыя і на местачковых кінакрытыкаў. Багата карціна і на вядомыя і актуальныя для беларусаў выявы, жарты і мемэ, накшталт «распранайцеся і працуйце» ці фота Дэпардзьё на беларускай сенажаці з, самі ведаеце кім.

Трэба аддаць належнае Курэйчыку, многія жарты даволі смелыя (як і ўжыванне нацыянальнай сімволікі на працягу ўсёй стужкі), на якія не адважваюцца іншыя творцы, але абмяркоўвае большасць. Пры гэтым Курэйчык сцябаецца не толькі над іншымі, не забывае і пра свайго брата-рэжысёра. «Рэжысёры ў кіно — лішнія людзі. Навошта яны наогул патрэбны?» — кажа адзін з галоўных герояў. Жартаваць і іранізаваць над сабой у нас здольныя не многія.

Што да сюжэта — то ён зразумелы, не распадаецца на часткі, усё паслядоўна. Пры гэтым, падобна і тут Курэйчык не упусціў магчымасці «пасцябацца на кіналяпы». Калі ў  «ГараШы» гэта быў кадр з адбіткам рукі, як у «Тытаніку», на надпісу ў СТА, то тут гэта пэўны перабор з прысыпам зямлі пасля ўзрыву, што нельга не заўважыць.

З сюжэтаў, якія, на маю думку, асабліва атрымаліся —  кадр «бабціна сала». На галодны страўнік лепш не глядзець. Гэта проста сімфонія ці панегірык нашаму нацыянальнаму прадукту! Так яго яшчэ ніхто не усхваляў. Паглядзіце і ўпэўніцеся самі. І тут заслуга не толькі рэжысёра і акцёра, а ўсяго калектыву цалкам — і аператара, і кампазітара.

Работу кампазітара, Дзмітрыя Фрыгі, наогул варта адзначыць асобна — выдатная музыка, там дзе трэба і колькі трэба. Апроч музыкі Дзмітрыя Фрыгі у карціне удала гучыць музыка беларускіх гуртоў «Нейра Дзюбель», «Всё Crazy», «SuperBullz», «Recha», кампазіцыі Тодара Вайцюшкевіча многія іншыя.


Паглядзець фільм можна ў кінатэатрах сеткі SilverScreen, кінатэатрах «Масква», «Беларусь», «Аўрора», «Мір», «Камсамолец» і ў Falcon Club Буцік Кіно з 29 снежня, а таксама ў студзені ва ўсіх рэгіёнах краіны.

 

Напрыканцы трохі кінасакрэтаў і цікавых фактаў:

1. У «PARTY-ZAN фільм» упершыню можна ўбачыць на экране ўсю сям’ю Андрэя Курэйчыка — былую жонку Вольгу Курэйчык (актрыса Купалаўскага тэатра), сына Глеба і дачку Марту.

2. Акцёр Аляксандр Гусеў згуляў у фільме знакамітага маскоўскага кінааператара, па сюжэце ён зламаў нагу. Гіпс наклалі так удала, што ў канцы здымачнага дня яго вырашылі не здымаць, пакуль акцёр не адздымецца цалкам. Так што некалькі дзён артыст змушаны быў перасоўвацца на мыліцах і ў гіпсе.

3. Практычна ўсіх галоўных акцёраў фільма клічуць Аляксандр: Тарасаў, Душачкін, Ефрэмаў, Гусеў, Кулінковіч.


4. У фільме знята самая маштабная ваенная сцэна з часоў к/ф «Брэсцкая крэпасць».

5. Пракатнае пасведчанне стужка атрымала за 10 дзён да навагодняй кінапрэм'еры. Выніковая праграма АНТ «Контуры» назвала сітуацыю з выдачай пракатнага пасведчання «PARTY-Zan фільму» галоўным кіно-скандалам года, а сам фільм галоўнай навагодняй беларускай кінапрэм’ерай.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Вадим Честный
  • 2016-12-30 13:59:22
Фильм получился очень брутальным. Повеяло чернушно-порнушными девяностыми. Половина ленты - реклама, вторая половина - несмешной стёб. Посмеяться можно было разве что в двух-трёх местах. Самолично видел, как из кинозала уходили люди после фразы "В Беларуси все воруют". Стоит ли режиссёру мерять своих земляков собственной меркой? Главные герои - это антигерои, подонки, которые ради денег готовы на всё. Даже оставить умершего и скрыться, не пытаясь вызвать скорую помощь (а вдруг он был без сознания или в коме?). Героиня, бывшая с ними, смахивает на честную блядь, готовую переспать с любым, лишь бы неплохо устроиться в жизни. И всем при этом улыбается. Ну, и наконец, опошливание нашей близкой истории - Великой Отечественной войны. Пусть и глазами нерадивого кинооператора. Стёб над святынями - это в стиле французского еженедельника "Шарли Эбдо". Знаете, так ничего святого не останется. Короче, в этот раз Курейчик здорово разочаровал. Я пожалел, что отдал свои пять рублей за билет.
  • Алена
  • 2016-12-30 15:54:00
А я не согласна с предыдущим комментарием. Ходили вчера на премьеру с друзьями. Нам очень понравилось. В фильме жизнь белорусов показана так, как есть на самом деле. Прекрасная ирония. Тонкий юмор. Зал смеялся не переставая. И сидя в конце зала, не видела, чтобы кто-то уходил.
И если вы не отчаянный зануда, то фильм должен обязательно понравится. Идите, не пожалеете.

Каментаваць