Пасол шукае агентаў

А дакладней, федэральнай зямлі Ціроль патрэбныя партнёры.

 



11 кастрычніка ва ўласнай рэзідэнцыі новы (са студзеня 2019 года) амбасадар Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вёргеттэр арганізавала сустрэчу «Ціроль: сэрца Альпаў. Гісторыя, звычаі, спорт як фактары поспеху ў турызме».

Нагодаю зрабілася адкрыццё «Белавія» новых маршрутаў у еўрапейскім кірунку, найперш у нямецкі Мюнхен. З аўстрыйскага боку выступалі прадстаўнікі аб’яднання турыстычных агенцтваў і прадпрымальнікаў з Ціролю з такой самай          назвай — «Tіrol», з беларускага прысутнічалі і дэбатавалі прадстаўнікі турбізнесу, журналісты і нават кандыдаты ў дэпутаты новага парламента.

Відавочна, турыстычная — нават краявідавая — прывабнасць Ціроля надзвычайная. Тут здымаюцца шматлікія рэкламныя ролікі і кіно (адна з апошніх серый Бандыяды прынесла ў бюджэт краю каля 50 мільёнаў еўра), праводзяцца гарналыжныя і лыжна-бегавыя спаборніцтвы вышэйшага ўзроўню. Вырабляецца выкшталцоны шкляны посуд і крышталі Свароўскі (ВУП Ціролю — 21,3 мільёна еўра).


У  краі з насельніцтвам толькі 536 тысяч чалавек, толькі суб’ектаў турыстычнага гаспадарання (апроч не ўключаных у асацыяцыю) — 2800.  Для параўнання: у Беларусі іх — 5200.

Асабліва папулярны ў Ціролі турызм на аграсядзібах, як, зрэшты, і ў нас. Толькі сярэдняя цірольская аграсядзіба разлічаная на 50 месцаў, а патрабаванні па дадатковых параметрах — чысціня, натуральнасць забеспячэння харчаваннем, валоданне гаспадарамі замежнымі мовамі, і нават па псіхалагічным тэставанні на гасціннасць — вельмі высокія.



А навокал — процьма атракцый. Трошкі статыстыкі. Абсталяваных месцаў для гарналыжных спускаў — 80 (плюс каля 200 адпаведных школ-курсаў). 1244 абсталяваных «альпійскіх домікаў» у гарах для пешых шукальнікаў прыгажосці на вяршынях, якім на дапамогу — 900 гідаў. Кіламетраж лыжных трас — 4000 кіламетраў. 220 санных спускаў. 70 «снежных паркаў» (нешта кшталту Сілічаў). 5300 кіламетраў веладарожак. 23 гольф-клубы. І гэта яшчэ не ўсё. Не дзіва, што Ціроль наведвае больш за 10 мільёнаў гасцей штогод (палова — немцы, на другім месцы — галандцы, на трэцім — швейцарцы).

Так што, улічваючы ўзаемную зацікаўленасць, і новыя накірункі авіярэйсаў, перспектывы развіцця турыстычнага аўстра-беларускага абмену відавочныя.

Чакаем Шэнгенскія візы для беларусаў па 30 еўра — і наперад.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!