«Паўлінку» прызналі нематэрыяльнай каштоўнасцю

Спектакль «Паўлінка» Купалаўскага тэатра прызнаны нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.
kupalauski.by

kupalauski.by

Камедыю ў 2-х дзеях «Паўлінка» Янка Купала завяршыў 3 чэрвеня 1912 года. Упершыню п'еса была надрукаваная асобным выданнем у 1913 годзе ў выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца». 

Камедыя адыграла адметную ролю ў станаўленні і развіцці беларускага прафесійнага сцэнічнага мастацтва, увайшла ў залаты фонд беларускай драматургіі і стала яе класікай. Упершыню п’еса была пастаўленая 27 студзеня 1913 года ў Вільні на вечарынцы ў рабочым клубе «Сокал» Беларускім музычна-драматычным гуртком.

У рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы спектакль «Паўлінка» заўсёды стаіць асобна. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжету, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. Менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон. Звычайную гісторыю пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра аздобіў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам. Прэм’ера спектакля ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі.


  

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: