«Паўночнае ззянне» — у «Мiры»

Фестываль кіно Паўночных i Балтыйскіх краiн «Паўночнае ззянне», пройдзе ў Мінску з 19 па 26 красавіка ў кiнатэатры «Мiр» ужо чацвёртым разам.


Сёлетнi слоган фестывалю — «Змяні вугал зроку» — заклікае паглядзець на звыклыя рэчы, з’явы, падзеі, людзей і саму/самога сябе па-іншаму — змяніць вугал зроку. «Паўночнае ззянне» прапануе глядзець на усё з аналітычнага пункту гледжання, паставіць сябе на месца іншай/-га, паглядзець на сітуацыю вачыма сваёй маці, дзіця, каханых людзей, ворагаў або сяброў. Дыстанцыявацца. Нездарма гавораць, што калі не можаш змяніць сітуацыю — змяні сваё стаўленне да яе.

Праграма фестывалю “Паўночнае ззянне” 

19 красавіка

18:00 | Мары каля мора

Рэж. Сакарыс Стоўра

Драма | Фарэрскія астравы, Данія, 80хв.

Цырымонія адкрыцця, фільм адкрыцця + Q&A з рэжысёрам і прадзюсарам

Эстэр жыве на ізаляваным востраве, падпарадкоўваючы сваё паўсядзённае жыццё рэлігійным бацькам. Аднойчы у горад пераязджае бунтарка Рагна. Яна спрабуе абараніць малодшага брата ад іх маці-алкагалiчкi. Рагна бачыць саюзніцу ў Эстэр. Разам яны мараць аб лепшым жыццi i атрымліваюць асалоду ад летніх начэй. Але на Фарэрскіх астравах лета хутка канчаецца, і неўзабаве рэальнасць даганяе дзяўчын.

«Мары каля мора» — гісторыя барацьбы, кахання, пошуку ідэнтычнасці і жадання рухацца наперад, калі здаецца, што ўсё навокал застаецца нерухомым.

Фільм дэманструецца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі

Беларуская прэм’ера


21:10 | Жахлівая жанчына

Рэж. Крысцiян Тафдруп

Драма, Камедыя | Данія, 85 хв.

Калі Расмус сустракае Мары, ён упэўнены, што яна — каханне ўсяго яго жыцця. Тым не менш, пройдзе не шмат часу, перш чым высветлiцца, што Мары — маніпулятарка, якая хітрым чынам падпарадкоўвае жыццё Расмуса і авалодвае яго прасторай. Гэта гісторыя, пра якую мы даведваемся з мужчынскага пункту гледжання. Гicторыя, дзе ў адносінах дамінуе жанчына.

20 красавіка

19:00 | Былая жонка

Рэж. Каця Вік

Камедыя | Швецыя | 90 хв.

+ Q&A з рэжысёркай Кацяй Вік

Клара зноў закаханая, і ўсё, пра што яна марыць — гэта быць бліжэй да Джэйкаба. Ганна з секундамерам правярае на хуткасць, як яе муж гатуе харчаванне для немаўля. Вера не можа адпусціць свайго былога мужа. З гумарам і сур`ёзнасцю фільм «Былая жонка» распавядае гісторыю трох адносін, у якіх сяброўка, жонка і былая жонка збiраюцца разам, каб распавесці сатырычную гісторыю чалавечых узаемаадносінаў — ад закаханасці да разводу.

21:30 | Ззянне Паўночнага дыска

Рэж. Бэн Дэвіс

Дакументальны | Нарвегія, 74 хв.

Дакументалны фільм «Ззянне Паўночнага дыска» распавядае 20-гадовую культавую гісторыю групы падлеткаў у арктычным горадзе Тромсё, якія змянілі музычную гісторыю сваёй краіны. Каб пазбегнуць нуды сталення ў маланаселеным халодным нарвежскім горадзе, яны стварылі ўласную музычную сцэну, радыёстанцыі, вечарыны i папулярныя мелодыі. «Ззянне Паўночнага дыска» натхніла цэлыя пакаленні дзяцей, якія зменяць танцавальную музыку Нарвегіі назаўжды. У фільме з’яўляюцца такія зорныя музыкі як Bryan Ferry, Bjørn Torske, Prins Thomas, DJ Strangefuit, Todd Terje, Nemone (BBC 6 Music), Mental Overdrive, Idjut Boys, Lindstrøm, Bill Brewster і шмат iншых. Вы ўбачыце больш за 200 здымкаў і відэаролікаў з эксклюзіўных архіваў.


21 красавіка

17:00 | Сільвана

Рэж. Алівія Кастэбрынг, Міка Густафсан, Крысціна Цыубанэлі.

Дакументальны| Швецыя, 90 хв.

Шведская рэперка Сільвана Імам штурмуе Скандынавію сваёй бескампраміснай лірыкай i выступае супраць усіх формаў прыгнёту і гвалту. Яна увасабляе голас новага пакалення.

Гэты фільм паказвае шлях Сільваны ад падпольнай мастачкі да рэп-іконы, якая атрымае некалькі буйных узнагародаў і пачне стасункі са шведскай поп-артысткай Беатрыс Элі. Аднак, праз усяго адзін год, поспех раптам спыняецца. Сільвана больш не хоча насіць на сабе цяжар штампа «моцная жанчына». Яна вырашае паказаць сябе з новага боку, «таму што не iснуе супер-герояў, але ёсць проста людзі».

19:00 | DRIB

Рэж. Крыстафер Борглі

Макументары | Нарвегiя, 90 хв.

Амiр — актор і комік, які стварае рэальных персанажаў і гісторыі для медыя ў рэжыме рэальнага часу. Яго пастановачнае відэа пра бойку на вуліцы Осла становіцца пулярным у сеціве і трапляе ў міжнародныя навіны ў 2014 годзе. Рэкламнае агенцтва ў Лос-Анджэлесе прымае відэа за рэальнае і бачыць магчымасць выкарыстаць спрэчную славу Аміра ў сваіх мэтах. Яны хочуць зрабіць яго часткай правакацыйнай маркетынгавай кампаніi энергетычнага напою пад назвай Drib, але Амір мае свае ўласныя планы. Амір выконвае ролю самога сябе ў  эканструкцыі падзей, што адбылiся ў Лос-Анджэлесе. Яго вобраз вельмі памежны, створаны, каб пазбегнуць юрыдычных складанасцяў. Але ўсё ідзе не зусім па плане.... Фільм заснаваны на рэальных падзеях.

21:00 | Том з Фінляндыі

Рэж. Доме Карукоскі

Біяграфічная драма| Фiнляндыя, 115 хв.

Вядомы фінскі рэжысёр Доме Карукоскі стварыў біяграфічную драму пра жыццё і творчасць мастака Тоўка Валіа Лааксанэна (aka Том з Фінляндыі), аднаго з самых уплывовых і знакамітых дзеячаў ХХ стагоддзя. Тоўка Лааксанэн вяртаецца дадому ў Фінляндыю пасля службы падчас Другой сусветнай вайны. У пасляваенным Хельсінкі ён робіць сабе імя, малюючы гомаэратычныя выявы маскулінных мужчын. Але перш чым стаць вядомым на ўвесь свет, Том з Фінляндыі мусіць разабрацца ў стасунках з сваёй сям’ёй і вырашыць праблемы непаразумення паміж яго мастацтвам і фінскім грамадствам.


22 красавіка

17:00 | Рэвалюцыя конікаў

Рэж. Сэльма Вілхунэн

Дакументальны| Фiнляндыя, 88хв.

Гульня з цацачным конікамі з`яўляецца традыцыйнай дзіцячай забавай у Фінляндыі. Але сучасныя фінскія падлеткі надалі новы ракурс старому хобі. «Рэвалюцыя конікаў» — новы погляд на маладых дзяўчат-падлеткаў, якія пераўтварылі свой запал у інструмент пашырэння магчымасцяў і стварылі супольнасць, якая ўжо нешта значыць у гэтым свеце. Дзякуючы сваёй перакананасці, любові і рэвалюцыйнасці, трое маладых дзяўчат: Аіску, Эльза і Аліса — запрашаюць ўсіх нас прыслухацца да нашых уласных унутраных цацачных конікаў. Супольнасці аматараў цацачных конікаў маюць акаўнты ў сацыяльныях сетках, ладзяць спаборніцтвы па ўсёй Фінляндыі. Кожны цацачны конік мае сваё ўласнае імя і асобу. Узроставы дыяпазон аматараў конікаў увесь час пашыраецца, найстарэйшым ужо больш за 20 гадоў. Мода на гульні ў цацачных конікаў ліхаманкава распаўсюджваецца і за мяжой.

19:00 | Хронiкi Мэланi

Рэж. Віестурс Каірыш

Гістарычная драма | Латвія,120 хв. + Q&A з рэжысёрам

Ноч на 14 чэрвеня 1941 г. прынесла смерць больш за 40 тысячам людзей, дэпартаваных з Латвіі, Літвы і Эстоніі ў Сібір па загадзе Сталіна. Сярод набiтых ў вагоны цягніка для перавозкi cкаціны —Мэлані і яе маленькi сын Андрэйс. Наступныя 16 год — штодзённая барацьба за выжыванне; але эмпатыя людзей навокал становіцца вялікай дапамогай у безнадзейнай сітуацыi. Людзі рознага паходжання і нацыянальнасцi дапамагаюць адзін аднаму выжыць, атуленыя велічнай прыгажосцю сібірскай глушы. Гэта гісторыя кахання, гуманнасці і цуду выжывання ва ўмовах жорсткай дэпартацыі.

22:00 | Савецкія хіпі

Рэж. Тэр’е Тоомісту

Дакументальны| Эстонія, 75 хв.

Рух хіпі, які захапіў сотні тысяч маладых людзей на Захадзе, меў вялікі ўплыў на тых, хто жыў з другога боку Жалезнай Заслоны. Унутры савецкай сістэмы група мастакоў, музыкаў, фрыкаў і проста аматараў мастацтва стварала ўласную сістэму, якая аб’ядноўвала тых, хто верыў у мір, любоў і свабоду для цела і душы. Праз 40 год група эксцэнтрычных хіпі з Эстоніі адпраўляецца ў Маскву, дзе такiя ж, як яны, ўсё яшчэ збіраюцца штогод 1 чэрвеня. У гэты дзень у 1971 годзе тысячы савецкіх хіпі былі арыштаваныя. Праз гэтае падарожжа ў часе мы глыбока пранікаем у псіхадэлічны андэрграўндны свет, дзе людзі імкнуліся да свабоды.


23 красавіка

19:00 | Старажытны лес

Рэж. Міндаўгас Сурвіла

Дакументальны | Літва, 85 хв.

Паэтычны і нетыповы фільм пра розных насельнікаў стогадовага лесу: яны жывуць на зямлі, у паветры і ў вадзе. Тут няма закадравага голасу — толькі гукі лесу і мова жывёлаў. У свеце жывёлаў часам складана зразумець, што адбываецца насамрэч — рытуал спароўвання або пачатак бою. Адсутнасць прафесiйнага тлумачэння пакідае нам, гледачам, прастору для свабоднага разважання. Калі дыстанцыравацца і паглядзець на гэты жывёльны свет збоку — то нечым ён падасца вельмі падобным да свету людзей. Чым?

21:00 | Лебедзь

Рэж. Аса Х’ёдлейфсдацір

Драма | Ісландыя, 91 хв.

У сучаснай вясковай Ісландыі наравістую 9-гадовую дзяўчынку, Сул, адпраўляюць да далёкіх сваякоў на лета, каб папрацаваць і пасталець. Прырода здаецца там бязмежнай, жывёлы адчувальнымі, а людзі злымі. Усе, акрамя загадкавага парабка Ёна, які, як і сама Сул, любіць словы больш за людзей. Але дачка фермераў Аста закаханая ў Ёна, і Сул

спакваля апынаецца ўцягнутай ў дарослую драму, якую яна наўрад ці можа зразумець. Гэтым летам адбываецца абрад праходу Солы праз каламутныя воды дарослага жыцця і дзікую прыроду ўсіх нас.

24 красавіка

19:00 | Венера

Рэж. Меттэ Карла Т. Альбрэктсан

Дакументальны | Данiя, 73 хв.

+ дыскусія “Безабаронная” Венера? Размова пра фарміраванне нашых жаданняў.

Дзве рэжысёркi пачынаюць даследаваць свой уласны сэксуальны досвед з мэтай зразумець жаданне з жаночага пункту гледжання. Каб атрымаць больш шчырых меркаванняў, рэжысёркі вырашаюць зрабіць фільм, якi заснаваны на эратычных успамінах і разважаннях рэальных жанчын. Больш за 100 маладых жанчын прыходзяць на відэа-кастынг у Капенгагене. Неўзабаве праект пераўтвараецца ў сапраўднае навуковае даследаванне жаночых жаданняў, фантазій, думак пра сэкс, сорам, юрлівасць і задавальненне. Гэты фільм — рэдкая магчымасць зазірнуць у патаемныя дзверы жаночай сэксуальнасці.

21:40 | Пад дрэвам

Рэж. Хафштайн Гунар Сігурдсан

Чорная камедыя | Ісландыя, 88 хв.

Агнэс кідае Атлі, і не хоча, каб ён больш бачыўся з іх дачкой Аса. Атлі пераязджае да бацькоў, якія ўцягнутыя ў жорсткую барацьбу з суседзямі з-за дрэва, што кідае цень на суседскі ўчастак. Пакуль Атлі змагаецца за права бачыць сваю дачку, спрэчка з суседзямі ўзмацняецца — маёмасць пашкоджаная, хатнія жывёлы таямніча знікаюць, усталёўваюцца камеры відэаназірання, і ходзіць чутка, што сусед быў заўважаны з бензапілой. Тое, што пачынаецца як звычайныя непаразуменні паміж суседзямі ў прыгарадзе, абсалютна нечакана выходзіць з-пад кантролю і пераўтвараецца ў сапраўдную вайну…

25 красавіка

19:00 | Канец ланцужка

Рэж. Прыіт Пяясуке

Драма| Эстонія, 81 хв.

+ Q&A з рэжысёрам Прыітам Пяясуке


Самотны сервіс хуткага харчавання побач з пакінутай запраўкай... Сюды добра завітаць, калі вы хочаце, каб вас ніхто не пазнаў. У дажджлівы восеньскі дзень людзі з’яўляюцца тут адзін за адным — усе яны знаходзяцца на мяжы маральнага распаду — ці, можа быць, духоўнага адраджэння? Галоўная гераіня, афіцыянтка, назірае за наведвальнікамі збоку, у яе галаве складаецца незвычайная карціна чалавечых жыццяў і партрэтаў. Адзін за адным — праз сваю асабістую драму — кліенты падштурхоўваюць афіцыянтку да прыняцця ўласных рашэнняў у сваім жыцці.

21:30 | Каралеўская змена

Рэж. Ігнас Мішкініс

Драма | Лiтва, 112 хв.

Каляды. Прыватная клініка за горадам. Паліцэйскі вартуе пацыента, які падазраецца ў злачынствах у гады Другой сусветнай вайны. Змена Касціціса ўжо даўно скончыласа, але ніхто не прыходзіць падмяніць яго, яго начальства з ім так і не звязалася. Нягледзячы на незвычайныя абставіны і не вельмі прыязных супрацоўнікаў клінікі, Касціціс не пакідае свой пост, бо ён ўпэўнены, што добры паліцэйскі павінен выконваць загады. Медсястра прыходзіць на сваю змену позна ноччу. Вясёлая і гаваркая, дзяўчына знаходзіць агульную мову з усімі. Нават з Касціцісам. Але тое, як неасцярожна яна абыходзіцца з пацыентам пад вартай, прымушае Касціціса страціць самавалоданне. Іх сварка перарастае ў бойку — і медыцынскі вазок з грукатам ляціць на падлогу. Неабходна ўмяшальніцтва дзяжурнага доктара і ахоўнікаў. Мінулыя грахі і ўчынкі выходзяць на паверхню. Цень чалавечай подласці ракрываецца перад вачыма Касціціса, асветленая ўсмешкай Юліі.

26 красавіка

19:00 | Загадка маёй мацi

Рэж. Іева Озаліна

Дакументальны | Латвiя, 104 хв.


34-гадовы Райцic — таленавіты матэматык, псіхалагічна залежны ад сваёй маці, Сільвіі. У адносінах з дзяўчатамі — ён поўны няўдачнік. Райцic абвінавачвае сваіх бацькоў у тым, што яны выхавалi яго эмацыйна непрыдатным да жыцця. Яго брат Марыс рана пакінуў сям`ю, мае поспех у акадэмічным і асабістым жыцці. Толькi Райцic застаецца няшчасным. Ён ходзіць да псiхааналiтыка, якi раіць яму з`ехаць ад бацькоў і ажаніцца. Але замест гэтага Райцic тэлефануе ў паліцыю і абвінавачвае маці ў эмацыйным шантажы. Хаця яго сапраўдныя жаданнi — любоў і помста. Сільвія ж аддае перавагу таму, каб заставацца ў ролі ахвяры, якая ўсё жыццё прысвяціла дзецям…
Стасункі ў сям’і псуюцца яшчэ больш.

21:20 | Дарога

Рэж. Дзмітрый Калашнікаў

Дакументальны | Беларусь, Расія, Сербія, Харватыя, Боснія і Герцэговіна, 67 хв.

+ Q&A з прадзюсаркай Воляй Чайкоўскай.

Усё, што толькі можа адбыцца на расійскіх дарогах, дакладна фіксуюць камеры відэарэгістратараў, якія ёсць амаль у кожнай машыне ў постсавецкіх краінах. Супер-аб`ектыўнае відэа яскрава перадае рускі нацыянальны характар і каларыт: перманентнае чаканне цуду і прадчуванне жыццёвай драмы. Палаючы лес становіцца вобразам так званага «рускага пекла», вайсковы танк каля аўтамыйкі сімвалам абсурду і добрага гумару, а відэа, зробленае каля Крамля ў вечар забойства Барыса Нямцова, сімвалам таго, што зло заўсёды дзесьці побач. А таксама ў фільме шмат іншых смешных і трагічных гісторый, якія чакаюць нас на дарозе ... жыцця. «Дарога» змантаваная з запісаў відэарэгістратараў, зробленых па ўсёй Расіі і адлюстроўвае жыццё як непрадузяты назіральнік. Жыццё як яно ёсць.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!