«Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!»

Слова «прарок» тлумачыцца як прапаведнік волі Бога, пасланы Богам, прадказальнік будучыні, вяшчун. Абраннікаў на гэтую ролю ў жыцці мінулым, цяперашнім і будучым няшмат. Кожнаму народу даюцца свае прарокі, хоць іхняя дзейнасць мае агульналюдскае гучанне.

Фота kupala-museum.by

І тыя, абраныя, ведалі аб сваім пакліканні, аб сваім прызначэнні на зямлі. У іх пераліку — і геніяльны беларускі паэт Янка Купала.

Па ўcвeдaмлeнні знaчнacцi i poлi ў духоўным станаўленні нацыі, выхаванні беларускай самасвядомасці Янку Купалу можна лічыць наступнікам Францыска Скарыны, які ў перакладзеных і выдадзеных ім кнігах Святога Пісання на знак уласнай годнасці і гонару змясціў свой партрэт.

Але для таго, каб адпаведнае ўсведамленне выспелілася, патрэбны час. Той час, калі падсвядомае пакуль адчуванне-прадчуванне не акрэсліцца канчаткова і ўвасобіцца ў высокія паэтычныя радкі. Напачатку мы бачым якраз прадчуванне:

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы ж нікога не маюць,

Няхай жа хоць будзе Янка Купала…

(«Я не паэта», 1905–1907)

Сапраўды, беларусы займелі Янку Купалу, якога чакалі цягам стагоддзяў, калі перажывалі нацыянальны ўціск то з захаду, то з усходу, калі ўжо зусім амаль маглі забыцца на сваю слаўную мінуўшчыну, на «залатое» XVI стагоддзе старабеларускай дзяржавы, пік уздыму нацыянальнага духу.

Цягам наступных гадоў у вершах паэта ўсё больш выразна акрэсліваецца голас прарока, бо пророцтвы, заклікі, прадбачанні гучаць на адпаведным узроўні:

І беларус можа змясціцца

Ў сям’і нялічанай славян!...

Не пагасіць вам праўды яснай:

Жыў беларус і будзе жыць!..

(«Ворагам беларушчыны», 1907)


І ад краю да краю ўсё далей і далей

Моц мая разальецца нязможанай хваляй,

Песняры аба мне будуць песні складаць,

Народ будзе іх пець і мяне праслаўляць…

(«Маладая Беларусь», 1909)

Але надыходзіць час гаварыць аб прароках наўпрост, бо той перыяд для беларускай нацыі — якраз этап станаўлення, і калі ён будзе ўпушчаны, то гэта можа стаць незваротнасцю.

Калі прыгнецены няпраўдай

Які знябудзецца народ, —

Тады з’яўляюцца прарокі

І ўсенародны клічуць сход…

(«Калі пачнуць…», 1912)

Здаецца, усё проста. Але Янка Купала цудоўна ведаў тое, што Іісус сказаў сваім спакушальнікам: «Не бывае прарока без пашаны, хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім». Ты ідзеш да сваіх родных людзей, супляменнікаў са сваім паднебным словам — а ці патрэбны ты ім? Ці патрэбны прарок, «пасол святла», які задае балючыя пытанні і заклікае:

Дзе вашы песні жыватворны?

Дзе ў вас прарокі й дудары,

Што над пагібельнасцю чорнай

Віталі б полымем зары?...

Пара у рукі браць паходні,

Ўставаць, ісці, ноч асвятляць!

Бо што не возьмеце сягоння,

Таго і заўтра вам не ўзяць…

На што людзі адказваюць прагматычна-адстаронена:

— Па колькі нам дасі чырвонцаў,

Калі мы пойдзем за табой?

(«Прарок», 1912)

Але магчымае неразуменне народа, калі «няма прарока ў сваёй Айчыне», ужо не спыніць творцу — ён будзе без прыпынку ісці далей і несці сваё слова. Бо гэта яго пакліканне, яго місія, дзеля якой яму дадзены дар і дзеля чаго ён пасланы на зямлю. Апафеозам разумення Янкам Купалам свайго прарочага прызначэння стаў поўны драматычнага напружання эпічны філасофска-хрысціянскі санет «Сярод магіл». У савецкія часы верш не друкавалі, яго быццам і не было ў творчай спадчыне Янкі Купалы. Між тым, гэта, на мой погляд, адзін з шэдэўраў паэта.


Сярод магіл, на плечы ўзняўшы крыж свой,стану,

Як пасланец з магіл ад спячых там прарокаў,

І ў даль сягну, дзе толькі можа сягнуць вока,

І скрозь туды, дзе вольнай думкаю дастану.


І кліч пушчу скрозь ад кургану да кургану,

Як віхраў лёт па ўсёй бязмежнасці шырокай,

Кліч-заклінанне векавечнага зароку,

Што ў гуслях толькі дрэмле, ў песню ўчараваны.


Прадсмертнаю кляцьбой канаючага раба,

Малітвай грэшніка, зарэзаўшага матку,

Звярнуся к сонцу, сонцу без канца й пачатку.


Хай спаліць мне душу, як ствол разбіты граба.

Хай вочы высмаліць, як кветку ў ліллі слабай,

Але і крыж мой спапяліць хай папарадку!

(«Сярод магіл», 1915)

Янка Купала ў гэтых радках адназначна ўсведамляе, што нясе свой крыж прарока, што ён пераемнік лепшых людзей Айчыны праз усю яе гісторыю, якія таксама аддавалі свой творчы імпэт і духоўныя сілы на служэнне Бацькаўшчыне. І ніхто ў яго гэтага паклікання не адбярэ, хіба што знікне, спапялёны, крыж. Уласна, вобраз крыжа ўжо і не з прарокамі кліча рэфлексіі, а са Збаўцам. Якая моцная і нечаканая вобразнасць у вершы, асабліва ў апошніх трохрадкоўях!

Прарочых слоў, заклікаў, прадвесцяў шмат у паэзіі Янкі Купалы. І сёння мы можам сказаць, што сваю ролю як прарок нацыянальнага Адраджэння паэт Янка Купала спраўдзіў напоўніцу. Ён клікаў да Беларусі — і людзі прыйшлі да яе.

Паўстань, народ! Прачніся, беларусе!

Зірні на бацькаўшчыну, на сябе!

Зірні, як вораг хату і зямлю раструсіў,

Як твой навала злыдняў скарб грабе!..

Сваю магутнасць пакажы ты свету, —

Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.

Паўстань, народ!..

З крыві і слёз кліч гэты…

Цябе чакае маці-Беларусь!

(«Свайму народу», 1918)

Паэт тэму прарока фармальна згортвае ў вершы «Паўстань». Тут таксама заклікі — паўстаць прароку, песняру, ваяку, уладару. Калі ўсё спраўдзіцца цалкам (а гэта азначае нішто іншае, як увасобленую дзяржаўнасць Беларусі), тады паэт нёс свой крыж не дарма.

Паўстань, з народу нашага прарок,

Праяваў бураломных варажбіт.

І мудрым словам скінь з народу ўрок,

Якім быў век праз ворагаў спавіт!

Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю,

Вазьмі з яе прысягу і зарок,

Што не прадасць сябе, сваю зямлю…

Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань,прарок!

(«Паўстань», 1919)

Але годзе заклікаў. Усё, напісанае Янкам Купалам да таго часу, якраз і сведчыла, што ў беларусаў з’явіўся свой прарок, свой пясняр, нават духоўны ўладар. Адно што не ваяр у наўпроставым сэнсе слова як рэальны абаронца Айчыны. Прароча ведаў гэта і сам паэт. Свoй yклaд y дyxoўнae aдpaджэннe нaцыi Янкa Кyпaлa вызнaчыў тaк:

Так іншай не знаўшы навукі і школы,

Ў пацёмках шукаў і знайшоў Божы дар;

Цяпep мaймi cкapбaмi — дyмы-caкoлы,

Цяпep бeлapycкaй я пecнi ўлaдap.

(«Мая навука», 1919)

…На жаль, шмат чаго, аб чым прароча гаварыў вялікі беларускі пясняр, застаецца актуальным і ў нашым часе. Працэс нацыятворства і беларускага дзяржавабудаўніцтва працягваецца. Але нам сёння значна прасцей выконваць гэтую ўрачыстую і цяжкую справу, бо мы маем сваіх прарокаў, песняроў, ваяроў і ўладароў…



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: