«Паўторыцца жыцця тварэнне…»

Адно жыццё, аддадзенае паэзіі. Адно жыццё, што ўмясціла столькі, колькі не агледзець зрокам, бо надта багатым на разнастайныя плёны сталася яно. «Адно жыццё» — такую назву даў кнізе выбранага знакаміты паэт Ян Чыквін. Выдадзеная грунтоўна і густоўна. Адно жыццё ў паэзіі…
У 2018-м годзе літаратурнае аб’яднанне беларускіх пісьменнікаў Польшчы «Белавежа» святкуе сваё 60-годдзе. Даследчыца творчасці «белавежцаў», кандыдат філалогіі Ала Петрушкевіч (Альжбета Кеда) падрыхтавала да друку кнігу «Белавежа: учора і сёння». Прапануем у скароце артыкул пра паэзію старшыні «Белавежы» Яна Чыквіна.

Кніга выбранага ўмясціла ўсё самае значнае, што створана ледзьве не за паўстагоддзя творчасці. На пачатку — вершы з першага зборніка «Іду» (1969 г.), назва якога, па словах самога паэта, увасобіла імкненне выказаць унутраны пратэст тым стомлена-заспакоеным станам, што панаваў у жыцці грамадства. Маладому творцу хацелася падкрэсліць неабходнасць зрухаў, прагрэсу найперш у духоўным жыцці, хацелася падштурхнуць гэтыя немінучыя зрухі. Таму зачынны аднаіменны верш успрымаецца не толькі як вяртанне да роднага, да першавытокаў, да самага роднага чалавека — мамы, а як скіраванасць да зменаў, руху наперад.

Вершы маюць свой лёс. Між тых твораў Яна Чыквіна, якім асабліва пашанцавала, верш «Даўно нежывы бацька полем ідзе…» са зборніка «Кругавая чара» (1992 г.). Вечнасць жыцця зашыфравана ў вершы ў вобразе бацькі-сейбіта. Бацька, ён жа і Творца, — сейбіт жыта — жыцця, адначасна аб’ект гэтага найвышэйшага акту-чыну, і ягоны суб’ект:


Ён і плуг.

Ён і скіба раллі, і зерне.

І водсвет далёкага раю.


Вечнае адбіваецца ў штодзённым праз канкрэтныя рэаліі земляробчага побыту: плуг, скіба раллі, зерне, радно. Але кожная з гэтых выяваў прадметнага свету вырастае да вобраза глыбока сімвалічнага. Да прыкладу, зерне, з якога растуць каласы, а каласы — гэта людзі, засеяныя і ўзгадаваныя Творцам, штохвілінна знаходзяцца пад сярпом ягоным, прад вечнасцю.

Прыём люстэрка, характэрны сімвалісцкай паэзіі, ствараецца ў гэтым вершы праз самы яскравы вобраз — вачэй, што і ёсць люстэркам патаемнага, Боскага ў чалавеку — душы, а гэта значыць, неразрыўнай повяззю Творцы з ягоным тварэннем:


 Вочы, якімі ён глядзіць на свет,

Тыя самыя вочы, што яго

сузіраюць.

Вечныя пытанні пра пачатак пачаткаў, вечная нязгода праўдалюбцы, вольнага птаха з выгодамі «падкантрольнага раю», вечныя шляхі-дарогі вандроўніка-мужчыны ў пошуках адказаў і вечнае чаканне жанчыны, маці, каханай, сястры, — усё гэта прываблівае ў вершы Яна Чыквіна «Размова з сястрою» з кнігі «Крэйдавае кола» (2002 г.). Адно з самых актуальных пытанняў, сфармуляванае ў беларускай літаратуры на пачатку ХХ ст. пісьменнікам-аналітыкам Максімам Гарэцкім, — «Што яно?» Яно як нейкі першапачатак, перашааснова, таямніца. Якую гэтае яно мае форму, у чым палягае змест, якія сэнсы выяўляе? Ян Чыквін, безумоўна, не абыходзіць гэтыя пытанні. У вершы «Размова з сястрою» скарыстаны матыў ірэальнага падарожжа, калі герой вяртаецца да вытокаў, у дадзеным выпадку на радзіму, дахаты, да сястры, якая назаўсёды засталася там як вартаўніца скарбу, бачыцца носьбіткай народнай, спрадвечнай маралі, ісціны.

Што ёсць пачаткам пачаткаў? Адказ на гэтае філасофскае пытанне шукаецца праз побытавае, штодзённае, сялянскае, вясковае, што цалкам лагічна ў кантэксце твора:


Што ж было на самым пачатку

яна, тая курка, ці — яйка?


Філасофская сентэнцыя, выказаная сястрой, мае зместам і вяртанне да вытокаў, у родную хату, дзе тое кола замыкаецца, дзе «спакой … вячэрні». Але дайсці да душэўнага спакою, суладдзя няпроста, як і вырашыць загадку быцця, бо тая дарога роўнавялікая жыццёваму шляху. У фінале верша асабліва адчуваецца нязменнасць, адвечнасць таго, што адбываецца там, дома — у пачатку-канцы…

Адна з самых глыбокіх высноваў, якую паэт укладвае ў вусны сястры, прамаўляецца, між іншага, як звычайная рэч: «Жыццё імкнецца ў форму кола». У свядомасць вясковай кабеты, мажліва, гэта ўвайшло, падказана тою ж формай яйка, яшчэ не кола, але пазначана імкненнем да колавай правільнасці, замкнутасці, завершанасці.

Наогул, Ян Чыквін стварыў адметную мастацкую канцэпцыю чалавечага існавання найперш праз вобраз кола, які ў вершы «Vita mea» (зачынны ў кнізе «Крэйдавае кола»), як слушна адзначыла літаратуразнаўца Вольга Шынкарэнка, «прадстае аналагам чалавечага жыцця, уключаным у прасцяг чужых лёсаў».


Серабрыцца лісце бярозы

Пад шаўковым ветрыкам жніўня.

Замыкаецца кола лёсу,

Замяняецца кроў у вадзіцу.

Трэці радок — гэта сэнсавы цэнтр верша. Ён самадастатковы, гучыць як завершаны твор. Калі прад тым матыў развітання толькі легкавейна праступае праз лірычны абрыс сярэбранага лісця, бо не адчуваецца яшчэ знішчальнай сілы, магутнага павеву, усяго толькі шаўковы ветрык, то тут пачынае гучаць на высокай і адначасна стрыманай, але ад таго не менш трагічнай ноце. Пачатак жыцця, яго рухавік гарачая кроў, што нараджае жаданні, памкненні, ператвараецца ў ваду. Кола замыкаецца…

Назва верша «Раздвоенасць» скіроўвае чытача да творчасці Максіма Гарэцкага, да той праблемы, якую ён упершыню ўзняў у беларускай прозе: раздваенне душы. У гэтай назве мноства сэнсаў. Найпершы — у адпачатковай супярэчнасці, што закладзена ў слове: раздвоенасць узнікае толькі ў выніку пэўных раз’яднальных працэсаў у пэўным адзінстве. Раздвоенасць — гэта незавершанасць, якая нясе ў сабе вынік разбурэння, таму яна павінна імкнуцца да сваёй першапачатковай сутнасці — адзінства.

Пачатак верша — амаль пейзажная замалёўка-зачын, што ўводзіць нас у пэўнае месца, у пэўны час: «Ў затонах ціхіх нашага падворка // Стаіць цяпло. І ўвесь гарод цвісці гатоў».

Гэта яшчэ не росквіт таго, чым Творца шчодра ўпрыгожвае свет. Гэта толькі прадчуванне пышнага «буяння» хараства ў найдасканалых формах і фарбах, у сцяблінах, лістах, пялёстках, суквеццях. І гэта зачыннае, звычайнае спатрэбілася паэту, каб падысці да асэнсавання спрадвечнага — заўсёднага красавання жыцця пад вечным небам:


І зацвіце жыццё пад гэтым небам зорным,

Як год таму і тысячы таму гадоў.


У кульмінацыйнай другой страфе — найдасканалая раздвоенасць, дадзеная зямному свету: жанчына і мужчына, яна і ён, інь і янь. Кожны сам у сабе заключаюць цэлы свет, цэлы космас, недарэмна ж у Яна Чыквіна: «жанчына-дрэва» і «мужчына-дрэва», што сімвалізуе касмічнае дрэва, у якім магутныя, скіраваныя ўглыб зямлі і геннай памяці карэнні. І гэтая раздвоенасць мае сэнс толькі ў адзінстве, вечным, як само жыццё, што ўзнікае праз найвялікшае з пачуццяў — каханне.

У фінале — той погляд зверху, з вечнасці. Лірычны герой над чалавечым, канкрэтным, штодзённым. Ён у бясконцым, усёчалавечым. А там — заўсёдная самотнасць, бо няма ад чаго ў тым свеце запалымнець цяплу, пачуццю, якое існуе тут. І ў гэтым аснова трагічнай раздвоенасці — адсутнасці гармоніі праз адсутнасць любові, святое месца якой у чалавечай душы не можа быць вольным: там пасяляецца смутак, прыручэнне якога справа небяспечная, бо вядзе да разладу з самім жыццём:


А мы ў самотнасці тугу

ўсечалавечую

галубім…

Ці нас жыццё не любіць?

Ці мы жыцця не любім?


Вялікі свет раздвойваеца, на першы погляд, у малым, нязначным. Але тое малое для канкрэтнага чалавека ёсць гэткім жа вялікім. Таму ён, чалавек, і паядноўвае сваімі пачуццямі і ўспрыняццямі раздвоенае ў часе і прасторы. І ў гэтым сэнсе ён — у цэнтры Сусвету.

Ян Чыквін вядомы як даследчык літаратуры, аўтар многіх манаграфій. Асаблівы ўклад зрабіў ён у адкрыцці беларускага замежжа, вяртанні творцаў, незаслужана забытых у Беларусі. Артыкулы з ягонай кнігі «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа» прысвечаныя знакавым імёнам: Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Ларыса Геніюш… Гэтыя працы хораша ўспрымаюцца студэнтамі, знаходзяць водгук у літаратуразнаўцаў.

Што да асобы паэта Масея Сяднёва, то з ім аўтар быў асабліва блізкім, мяркуецца, найперш успрыняццем прыгожага («красы староннік найзвычайны»), што адчуваецца і ў артыкуле «Узыходжанне на вышыню (Лірыка Масея Сяднёва)» з кнігі «Далёкія і блізкія», і ў дыстыху «Бемоль Сяднёва», дзе падказаны яшчэ адзін накірунак для развагі. Жыццё не напоўніцу, бо на эміграцыі, бо далёка ад роднага берага, ды і наогул, «між берагамі» (Наталля Арсеннева), «у акіяне ночы» (Масей Сяднёў), бо «я толькі кропля ў акіяне». Алюзіяй на гэтую апошнюю цытату з верша Масея Сяднёва бачацца радкі Яна Чыквіна, дзе новае, цалкам супрацьлеглае разуменне гэтай «кроплі», бо яна не «толькі кропля», а ўмяшчае вялікі змест, у ёй адбіліся, адлюстраваліся, увасобіліся, а, значыць, назаўсёды ў аналах памяці засталіся шматлікія падзеі. Іншая рэч, што ўсё гэта «пераблытана», бо знішчана, перарвана асноўная жывая повязь — з першапачаткам, з Радзімай, таму і ўзнікае адчуванне хаосу, дысгармоніі. Жыццё ўспрымаецца як вялікая самакаштоўнасць, як вялікі дар, але напоўнена яно цемрай, калі дзень і ноч аднолькава невыразныя, цьмяныя. «Па-за кадрам» час, які паскорыўся, які ляціць, нясецца і нясе на сваіх крыллях усё, і не дае мажлівасці прыпыніцца, асэнсаваць і разблытаць нітку лёсу. Таму вельмі змрочная мазаіка запаўняе кроплю жыцця:


Ноч у імгле і дзень у тумане —

ліхаманкавы вобраз падзей

і мыслення,

пераблытаны лёсы, людзі і звенні

у кроплі жыцця, мне дараванай.


І таму «наводдаль»– гэта не толькі ў пазамежнасці, вечнасці, але і на страчанай Радзіме, у Беларусі, якая здалечы зазвычай ідэалізуецца, успрымаецца светлаю явай, адсюль — «светлае кола быцця», а два сонцы можна расчытаць як два асноўныя складнікі шчасця ў паэтаў-рамантыкаў: Айчына і каханая. Згадаем знакамітых выгнаннікаў з нашага Краю ХІХ стагоддзя: «Шукаю Літву … і цябе» (Адам Міцкевіч), «Толькі Айчына і Зося // сёння мне шчасцем адзіным» (Ян Чачот)…

Спадзяюся, для тых, хто чуў-чытаў паэта, змрочныя дні, што надараюцца ў жыцці, будуць асвечаныя ягонымі вершамі. І, магчыма, для кагосьці гэта будуць радкі, што часта гучаць у маёй душы:


І як ні ідзі ты, а будзе твой шлях

заўжды па ўскрайку,

Бо ты адтуль, дзе толькі актавы

болю і скрухі…

І ты, як кастрычнік,

палка ўспылаўшы,

Сваю маладосць у вогнішча дзён

ярэмных кідаеш.







Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-05-05 16:07:13
ЧУЖ-ЧУЖЫНА

На чужыну слязу
Ў будучыню звязу,
Непагадзь вазьму й няшчасце.
Каб не меркаваць
Плакаць ці чакаць,
Каб засталося вам шчасце.

Чуж-чужына глядзі
Прыбыў я не адзін
Мне не самотна й не сумна.
Тут ужо я быў,
Тут ужо я жыў
Й нарадзіўся тут ля гумнаў.

Зараз мы зажывём!
Песенку запяём!
Жыццё крышнічыць, бач, мірна!
Да праблем прывык,
Ад сяброў адвык...
Што ж засталося, блін, дзіўна?!

На чужыну слязу
Ў будучыню звязу,
Непагадзь вазьму й няшчасце.
Каб не меркаваць
Плакаць ці чакаць,
Каб засталося вам шчасце.

© Anatol Starkou
September 17, 2012
P.S. Слушал Полину Агурееву. "Пролитую слезу из будущего привезу..." на стихи Иосифа Бродского, і атрымаўся вось такі вершык.

Больш цікавага на «Новым Часе»: