Павел Латушка распавёў пра 25-гадовае існаванне ў сістэме і барацьбу з цэнзурай

Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, былы міністр культуры і дыпламат Павел Латушка ў інтэрв'ю Сяргею Будкіну расказвае пра сваё 25-гадовае існаванне ў сістэме, хлусню і пакаянне. Сярод іншага ён расказваў пра змаганне з цэнзурай за часы кіравання Міністэрствам культуры, піша Радыё Свабода.
— Былі такія спрэчкі, вельмі жорсткія (з Ірынай Дрыгай, намесніцай кіраўніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта. — РС). Я ўспамінаю сітуацыю, калі было 130-годдзе Купалы і Коласа і мы рыхтавалі дзяржаўны канцэрт у сувязі з уручэннем прэміі «За духоўнае адраджэнне». І тады падчас падрыхтоўкі рыхтуецца сцэнар, які падпісвае міністар культуры і які ідзе наверх, на ўзровень кіраўніка дзяржавы, бо ён удзельнічае ў канцэрце.

І яна выкрэслівае творы Купалы і Коласа! Я тады сказаў ёй: «Ірына Уадзіміраўна, прабачце, значыць Штраўс і Моцарт — гэта наша нацыянальная спадчына і духоўнае адраджэнне, калі яны застаюцца ў канцэрце, а вершы Купалы і Коласа гэткімі не ёсць? Дык візуйце гэты дакумент самі!» Ну тады яна вымушаная была змяніць сваю пазіцыю.


Калі прымушалі рабіць цэнзуру — тут дарэчы згадаць і Купалаўскі тэатр. Гэта быў спектакль «Не мой» (паводле аповесці Алеся Адамовіча — РС), калі мяне проста скідвалі з пасады.

Я Пяткевіч (Наталля Пяткевіч, тагачасная намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. — РС) сказаў: «Я гатовы падаць у адстаўку!» На што яна мне сказала: «Вы не даражыце крэслам, якое вам даў прэзідэнт?» Размова была ў духу: у савецкія часы за такія спектаклі здымалі з пасады! Я кажу: «Ну дык здымайце!» А сама Пяткевіч ніколі не была на спектаклі «Не мой», ніколі! Была хто? Дрыга. І Дрыга паспела напісаць на купалаўцаў дакумент...

Я памятаю першую Нацыянальную тэатральную прэмію. Мне звоніць Макей, тады кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, і кажа: «Як вы дайшлі да таго, што паставілі Святлану Зелянкоўскую на адкрыццё гэтага канцэрту? Вы ведаеце, чыя яна каханка?..»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: