Павел Севярынец стаў лаўрэатам беларуска-ўкраінскай літаратурнай прэміі «Воін святла» імя Жызнеўскага

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла 26 студзеня ў Кіеве, паведамляе «Радыё Свабода».
Павел Севярынец / «Радыё Свабода»

Павел Севярынец / «Радыё Свабода»


Беларуска-ўкраінская літаратурная прэмія «Воін святла» імя Міхаіла Жызнеўскага, які сем гадоў таму загінуў падчас масавых акцый пратэсту ва Украіне, сёлета дасталася беларускаму палітыку і пісьменніку Паўлу Севярынцу. Узнагароду яму прынёс раман «Беларусалім. Сэрца святла».

Дагэтуль Павел Севярынец ужо атрымліваў прэміі Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча, імя Францішка Аляхновіча, «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Дзве з больш як дзясятка яго кніг напісаныя ў зняволенні — «Лісты з лесу» і «Беларуская глыбіня».

Прэміяльную статуэтку Севярынца павінна была атрымаць яго маці Таццяна Севярынец але яна не змагла прыехаць у сувязі з карантыннымі абмежаваннямі. Статуэтку атрымала прадстаўніца Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая, яна перадасць яе ў Мінск.

Прэмія «Воін святла» заснаваная ў 2015 годзе, ініцыятарам яе стварэння стаў украінскі пісьменнік Уладзімір Даніленка, які цяпер узначальвае Кіеўскую арганізацыю Саюза славянскіх пісьменнікаў Украіны. Гэтую ідэю падтрымаў і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Паводле Уладзіміра Даніленкі, ідэя супольнай беларуска-ўкраінскай прэміі ўзнікла «для папулярызацыі літаратуры, якая паказвае моцных асоб, герояў, з якіх можна браць прыклад, якія могуць адстойваць свае ідэалы, ідэалы свабоды, справядлівасці, маралі, найлепшыя чалавечыя якасці, што ёсць ва ўсіх рэлігіях свету і што было закладзена ў найлепшых літаратурах свету».

Сярод ранейшых беларускіх лаўрэатаў прэміі — пісьменнікі Анатоль Бароўскі (2016), Міхась Скобла (2017) і Валянцін Дубатоўка (2018).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: