Перакладчыцкую прэмію Шэрмана ўручаць 26 кастрычніка

26 кастрычніка ў Палацы мастацтва адбудзецца цырымонія ўручэння прэміі Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.

 
Сёлетні кароткі спіс складаецца з 3 кніг у кожнай з трох намінацый:

Пераклад прозы:

Марыя Мартысевіч — Ігнат Карповіч "Сонька" (пераклад з польскай мовы). Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Марына Шода — Вольга Такарчук "Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых" (пераклад з польскай мовы). Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня.

Сяргей Шупа — Мойшэ Кульбак "Мой панядзелак" (пераклад з ідышу). Выдавецтва “Вясна”, Прага.

 Пераклад паэзіі:

Антон Францішак Брыль — Марк Валерый Марцыял “Выбраныя вершы” (пераклад з лацінскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Андрэй Хадановіч — Арцюр Рэмбо "Выбранае" (пераклад з французскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

Юлія Цімафеева — Уолт Уітмэн "Выбраная паэзія" (пераклад з англійскай мовы). Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

 Пераклад дзіцячай кнігі:

Надзея Кандрусевіч — Свэн Нурдквіст “Мітусня ў агародзе” (пераклад са шведскай мовы). Выдавецтва “Кнігазбор”, Мінск.

Надзея Кандрусевіч — Юя Вісландэр “Ёрдзіс” (пераклад са шведскай мовы). Выдавецтва “Коска”, Мінск.

Юлія Цімафеева — Стыян Холе "Лета Гармана" (пераклад з нарвежскай мовы). Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

Прыз прэміі сёлета складае 3000 беларускіх рублёў для пераможцы ў кожнай намінацыі. Уручэнне прэміі адбудзецца 26 кастрычніка а 16.00 у прасторы ZAL#2 у Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3).

У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: паэтка, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак, перакладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Марына Казлоўская, перакладчыца, магістр філалагічных навук Кацярына Маціеўская, філолаг, літаратуразнаўца, крытык Ціхан Чарнякевіч, перакладчыца, пісьменніца, кандыдат філалагічных навук Ганна Янкута.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.

У 2018 годзе лаўрэаткай прэміі імя Карласа Шэрмана стала Вера Бурлак за пераклад кнігі Льюіса Кэрала “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса”. Раней прэмію атрымлівалі Андрэй Хадановіч і Якуб Лапатка.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!