Першае каханне беларускіх паэтаў

У мінскай бібліятэцы ім. Цёткі 26 красавіка прайшла творчая вечарына Паэтычнага тэатра «Арт. С» – «Першае каханне». Беларускія паэты шчыра апавядалі пра патаемныя старонкі свайго жыцця, натхнённа ўзгадвалі сваё першае каханне – школьнае, юначае, студэнцкае. Задавала адпаведную атмасферу музыка на беларускіх народных інструментах – гучалі цымбылы, жалейка, а таксама варган.
Ансамбль цымбалістаў «Музыкі» пры музычнай школы № 10 ім. Я. Глебава

Ансамбль цымбалістаў «Музыкі» пры музычнай школы № 10 ім. Я. Глебава

Распачалі вечарыну юныя выканаўцы – ансамбль цымбалістаў «Музыкі» пры музычнай школы № 10 імя Яўгена Глебава, пад кіраўніцтвам педагога Алёны Дзегцяровай. Музыкі зайгралі вясёлую польку. І гэта быў іх прэм’ерны выступ перад публікай. 30 красавіка можна будзе іх пачуць на сцэне Белдзяржфілармоніі ў праграме «Музыка беларускіх кампазітараў у сэрцах нашых дзяцей». Склад ансамбля ў некаторым сэнсе ўнікальны (гл. фота). Паказалі сваё майстэрства і ўжо прафесійныя выканаўцы – лаўрэат шматлікіх прэмій Юлія Платун і педагог музычнай школы Алена Дзегцярова, якія выканалі канцэртную п'есу на тэму беларускай народнай песні «Ой, не кукуй, зязюленька, рана».

Беларускія паэты падзяліліся сваімі юначымі перажываннямі ад першага закахання, рамантычнымі гісторыямі поспехаў і няўдач, асалоды і няёмкасці ад першых пацалункаў. І на што яны былі гатовыя, каб даказаць каханым шчырасць і моц сваіх пачуццяў. Так, мовазнавец і паэт Юры Пацюпа паехаў у іншы горад у бальніцу да сваёй каханай, набыўшы ўпершыню за ўласныя грошы яблыкаў ранетак і букет гладыёлусаў. Прыехаўшы ў дзень, закрыты для наведванняў, яго не спыніў не высокі плот, не закрытыя дзверы. Для сапраўднага кахання няма нічога недасягальнага. Як ён сам прызнаўся, школьнае каханне яго натхніла гэтак моцна, што ён напісаў вершаў столькі, колькі не напісаў за ўвесь час потым. Але нікому іх ніколі не паказваў і нідзе так і не публікаваў.

Юры Пацюпа

Юры Пацюпа


Віктар Шніп, закахаўшыся ў вобраз, пабачаны па тэлевізары, пісаў свае вершы да каханай на снезе. А ў знак свайго першага кахання зрабіў наколку на руцэ, якая захавалася і дагэтуль – «Ш. З.» (дзяўчынку звалі Зоя). Цікава, што калі ён ужо пазнаёміўся 8 верасня 1986 года са сваёй будучай жонкай, Людмілай Рублёўскай, у Маскве, то пажартаваў, што літары татуіроўкі расшыфроўваюцца як «Шніп – зэк», і зрабіў ён яе быццам бы ў турме, дзе сядзеў са сур’ёзнае злачынства. І ў гэтую гісторыю Людміла пэўна час верыла (хаця паэт Шніп ніколі не сядзеў). Так таўро першага кахання засталося з ім пажыццёва.

Віктар Шніп

Віктар Шніп


Загадчыца бібліятэкі Цёткі і паэтка Рэгіна Багамолава захавала памяць на ўсё жыццё пра сваё першае каханне па-свойму. Яна і дагэтуль беражэ лісты і вершы ад хлопца, які быў у яе закаханы. А паэтка і літаратуразнаўца Таццяна Барысюк, калі ў свой час яе першы мужчына паставіў пытанне рубам – ён ці яе вучоба, Таццяна абрала вучобу. На той час яна вучылася на філфаку БДУ, і любоў да беларускай мовы і літаратуры аказалася вышэй. А можа, і той мужчына не быў таго варты.

Рэгіна Багамолава

Рэгіна Багамолава


На думку паэткі і этнакультуролага Антаніны Хатэнка, кожнае каханне можна назваць першым. Бо гэта кожны раз пережыванні нанова, новыя эмоцыя і пачуцці. Але часам нават праз усё жыццё так цяжка сказаць чалавеку, што ён самы дарагі на свеце. А варта.

Антаніна Хатэнка

Антаніна Хатэнка

Пісьменнік і драматург Максім Клімковіч у сваю чаргу падзяліўся цікавымі гісторыямі кахання са свайго юнацтва ў двары дома на вуліцы Карла Маркса, у якім жылі беларускія пісьменнікі. Дзед Максіма, Міхась, быў старшынёй Саюза пісьменнікаў БССР. І вельмі цікава было паслухаць і даведацца, якія ж захапленні панавалі сярод дзяцей вядомых беларускіх літаратараў.

Максім Клімковіч

Максім Клімковіч


Прагучалі падчас вечарыны і гісторыі кахання з жыцця вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Але тэма апынулася настолькі шырокай і цікавай, што вырашана яе працягнуць і ў наступным годзе, і запрасіць і іншых беларускіх літаратараў, гісторыі якіх таксама было б цікава пачуць.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!