Пешка ў палітычнай гульні. Чаму прэм’ера «Купалы» ў Маскве — гэта параза для яго стваральнікаў

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі разважае на budzma.by пра сусветную прэм’еру стужкі «Купала» ад «Беларусьфільма».



Дзе і калі адбудзецца прэм’ера драмы «Купала» — вось галоўная інтрыга, якой жыла беларуская кінасуполка ўвесь апошні год. Ад пачатку адказ на гэтае пытанне нагадваў сапраўдную рулетку, немагчыма было ўявіць, што выпадзе. Тым больш кіраўніцтва «Беларусьфільма» давала цьмяныя абяцанні, што падзея адбудзецца на буйным азіяцкім ці еўрапейскім кінафестывалі, культуролагі, што мысляць цвяроза, ківалі на мясцовы «Лістапад», а звычайныя беларусы чакалі пракату ў звычайных кінатэатрах. Памыліліся ўсе.

У канцы кастрычніка з’явілася навіна, што «сусветная прэм’ера» беларусьфільмаўскага блакбастара адбудзецца ў Маскве, на па ўсіх пунктах дзіўным фестывалі краін садружнасці «Маскоўская прэм’ера», які стаў сапраўды міжнародным літаральна год таму. Як такі незайздросны лёс напаткаў стужку, якую нацыянальная студыя пазіцыянавала як свой галоўны праект за апошняе дзесяцігоддзе?

Правільны адказ хаваецца ў спляценні афіцыйнай ідэалогіі і вялікай палітыкі. Ідэя зняць стужку пра нацыянальнага паэта Янку Купалу прыйшла ў светлыя галовы чыноўнікаў Мінкульта не ў адзін момант. Яна блукала, як распавядаюць старажылы, па нацстудыі с першай паловы 90-х гадоў, з часоў росквіту беларускамоўнай культуры і ідэі нацыянальнай незалежнасці. У той момант у нацстудыі пачало з’яўляцца нацыянальна зараджанае кіно — экранізацыя рамантычнай прозы Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных паданнях» Віктара Турава, экранізацыя купалаўскай п’есы «Тутэйшыя» і фільм пра Слуцкі збройны чын «На чорных лядах» Валера Панамарова і інш.

Уся гэта хваля была вельмі хутка збітая адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі, які, прыйшоўшы да ўлады, галоўнай сваёй задачай бачыў арыентацыю на ўсходні вектар і аднаўленне каштоўнасцяў СССР. Кіраўніцтва «Беларусьфільма», якое трапіла ў новую палітычную кан’юнктуру, адмовілася ад былых тэмаў, звязаных з нацыянальным адраджэннем першай паловы ХХ стагоддзя, пад негалосную забарону трапіла на доўгі час беларуская мова. Пра «Купалу» успомнілі напрыканцы 2010-х, калі стала зразумела, што расійскія ўлады больш не хочуць бясплатна субсідыяваць беларускі рэжым і патрабуюць стварэння саюзнай дзяржавы з даміноўнай роляй Масквы. Менавіта ў гэты момант беларуская ўлада пачалі шукаць пункты апоры для адстойвання ідэй незалежнасці і нацыянальных каштоўнасцяў сярод спалоханага грамадства. Тады нацстудыя і дастала з пыльнай шуфляды сцэнар біяграфічнага фільма пра Янку Купалу, які тым больш яшчэ на беларускай мове! Разлік замоўцаў быў відавочным — зрабіць кіно пра калыску нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і паказаць яе ворага — спачатку царскую, а затым савецкую ўладу.

Канцэпт стужкі аказаўся надзейным, але стваральнікаў фактычна загубілі звышамбіцыі і неспадзяваная эпідэмія каранавіруса. «Купалу» вырашылі спачатку не паказваць звычайным гледачам, а зладзіць прэм’еру на адным з вялікіх кінафестываляў, атрымаўшы рэпутацыйных балаў для нацстудыі. Але ўсё пайшло не паводле плана — абсалютная большасць вялікіх фэстаў адмянілася ці прайшла анлайн. Потым здарыліся звышнервовыя выбары прэзідэнта і паднялася вялікая хваля грамадскага пратэсту, падаўляючы які, афіцыйны Мінск фактычна страціў падтрымку на Захадзе, пераарыентаваўшыся на Усход, што дагэтуль разглядаўся як пагроза незалежнасці.

У гэтай сітуацыі ў дурным становішчы аказаўся менавіта «Беларусьфільм» са сваім нацыянальна арыентаваным праектам. На еўрапейскіх фестывалях «Купалу» больш не прэзентуеш, бо дзейную ўладу Еўрасаюз не прызнаў, а значыць, афіцыйныя стасункі, нават у культурным напрамку, немагчымыя. Паказваць фільм у кінатэатры ці на фестывалі «Лістапад» таксама рызыкоўна — гэта лішні раз падагрэла б і без таго бурлівыя настроі ў грамадстве. Людзям, якія паглядзелі ў сеціве пірацкую версію чарнавіка «Купалы», ідэі і настрой стужкі вельмі спадабаліся.

Фактычна, уладам застаўся толькі адзіны шлях — дэманстрацыя ўсімі фібрамі лаяльнасці расійскім партнёрам. Па гэтай логіцы з’яўленне «Купалы» на расійскім кінафестывалі бачыцца не выпадковай, а заканамернай з’явай, бо братэрства на стагоддзі! Пытанне толькі ў тым, чаму пляцоўкай для прэм’еры быў абраны малавядомы фестываль краін садружнасці «Маскоўская прэм’ера» (ён фінансуецца за кошт фонду гуманітарнага супрацоўніцтва СНД, у якім больш няма Грузіі, Украіны і балтыйскіх краін), а не іншыя, больш уплывовыя фестывалі, напрыклад «Кінатаўр», ММКФ, «Акно ў Еўропу», «Пасланне чалавеку» ды інш?

Варыянтаў тут два.

Першы — служба прасоўвання «Беларусьфільма» проста дрэнна працуе і не змагла дамовіцца з адміністрацыямі гэтых фестываляў аб прэм’еры «Купалы» на іх пляцоўцы. Тут хтосьці, вядома, можа заўважыць, што пытанне ў якасці стужкі, якое не зацікавіла нікога з адборшчыкаў. Але гэта не так — дырэкцыя «Лістапада», якая вельмі крытычна ставіцца да прадукцыі «Беларусьфільма», разглядала магчымасць паказу, пра што казаў праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў «Нашай ніве».

Другі — гэта было выключна палітычнае рашэнне, паказаць «Купалу» на ангажаваным фестывалі.

Так ці інакш, для стваральнікаў стужкі прэм’ера у Маскве выглядае безумоўнай паразай. Змест «Купалы» нясе ў сябе яскравую антыкаланіяльную ідэю самастойнасці беларусаў ад савецка-расійскай імперыі, які недарэчна выглядае на фестывалі, што транслюе ідэю неакаланіялізму для постсавецкіх краін, пад якім разумецца цяпер прастора СНД. Пры такім раскладзе пытанне кінамастацтва адыходзіць на другі ці нават трэці план, а значыць, пакуль ганарыцца няма чым.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: