Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Пяць адрозненняў «Камяніцы-2017» (+ фота і відэа)

У Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам 16 верасня прайшоў дзявяты фестываль «Камяніца». Чым ён розніўся ад васьмі папярэдніх?

Фота Алены Ляшкевіч

Сёлетняя “Камяніца” стала для мяне восьмай. Першую прапусціла, бо на той момант не была ў Беларусі. А да таго працавала ў Музеі народнай архітэктуры і побыту цэлы год. Гэта вельмі шмат для 20-гадовай дзяўчынкі. Таму магу драць цяльняшку на грудзях: і музей, і фестываль мне як родныя. Дык ці розніцца чымсьці сёлетні фэст ад папярэдніх? Натуральна!

Фота Алены Ляшкевіч


Адрозненне першае: моцны ўхіл у электронную музыку

Сёлетнімі хэдлайнерамі сталі Theodor Bastard (Расія) і Onuka (Украіна). Павінны былі граць яшчэ Shuma (Беларусь), але праз тэхнічныя накладкі іх выступ скасавалі. Усе тры гурты міксуюць фолк з электронікай. З аднаго боку, хто зараз не міксуе? Электронная музыка ў модзе, народныя матывы таксама, выніковы прадукт просіцца сам сабой…


На “Камяніцы” і раней гралі “электроншчыкі”, але, каб два адразу, і гурты такога ўзроўню — не было. Атрымалася амаль клубная дыскатэка на вольным паветры. Мне здаецца, такі фармат прыцягнуў на “Камяніцу” новую публіку, якая проста “на фолк” не паехала б.


Адрозненне другое: удзел аўтэнтычных гуртоў

Фактычна сёлета ў межах “Камяніцы” праект “Традыцыя” арганізаваў фестываль у фестывалі: прайшоў канцэрт “Аўтэнтычныя спевы Палесся”. Выступіў дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі з вёскі Вулька пад Драгічынам і трыа “Чабатухі” (Надзея Шылавец, Венера Пакіпіч і Антаніна Бобрык) са Сташанаў на Піншчыне.

З дуэтам арганізатар імпрэзы Сяржук Доўгушаў пазнаёміўся падчас ваджэння Кусты на Троіцу ў вёсцы Церабень Пінскага раёна, куды пара завітала ў госці (гурт з Церабня нядаўна выступіў на Спеўным сходзе ў Мінску). “Чабатухі” ж — старыя знаёмыя Спеўнага сходу, выступалі ў Мінску ўвесну.

Як ні дзіўна, сёлета аўтэнтычныя выканаўцы завіталі на “Камяніцу” ўпершыню. Раней выступалі гурты-пераймальнікі, гурты-інтэрпрэтатары, але ўласна носьбіты фальклору — ні разу.

Адрозненне трэцяе: менш апранутых у традыцыйныя строі

Сёлета не было дармовага ўваходу для людзей у строях. Арганізатары спадзяваліся, што гэта не паўплывае на колькасць наведвальнікаў у традыцыйным адзенні.


Статыстыкі, канечне, няма, але візуальна ўсё ж здалося, што “прыстроеных” было менш, чым у мінулыя гады. Затое тыя, што былі, карысталіся падвышынай увагай фатографаў. Мабыць, паўплывала яшчэ халаднаватае надвор’е і людзі вырашылі пакінуць святочнае адзенне дома.

Ды і не склалася ў нас яшчэ культуры нашэння традыцыйнага адзення “проста так”. Тут вам не Скандынавія! Дзеля дармовага ўваходу апрану, а інакш — навошта?

Адрозненне чацвёртае: тэхнічныя накладкі

Канечне, і ў мінулыя гады здаралася ўсякае. Але сёлета па тэхнічных прычынах выступ “Рады” з малой сцэны быў перанесены ў будынак царквы на экспазіцыйным сектары “Цэнтральная Беларусь”, а канцэрт гурта Shuma так і не адбыўся (за што арганізатары аператыўна выбачыліся ў сацсетках).

Гурт Shaman Jungle на галоўнай сцэне наладжваў гук хвілін 20, і да самага канца выступу прасіў гукарэжысёра памяняць то тое, то гэта. Гурты-пераймальнікі на малой сцэне, здавалася, больш арганічна слухаліся б увогуле без мікрафонаў.

Адрозненне пятае: атмасфера

Можа, я старэю, канечне. Але было неяк сумна. Драйв папярэдніх “Камяніц” кудысьці падзеўся. Асаблівых карагодаў пад сцэнай ніхто не заводзіў. Беларуская карчма, што абяцала нацыянальныя напоі, была зачыненая на спецабслугоўванне. Надвор’е — зусім не сонечнае, у параўнанні з папярэднімі фестывалямі дык можна сказаць нават, што пахмурнае і халаднаватае. Абяцаную арганізатарамі ежу неяк даволі хутка з’елі. Міліцыя стаяла пад кожным кустом.

Але ж адфестывалілі! І на дзясятую, юбілейную, “Камяніцу” абавязкова паедзем!


Відэа аўтаркі, фота Паўла Аксіновіча

Абмеркаванне:

  • Галінка_Міхалінка
  • 2017-09-17 23:57:21
Цалкам згодна з меркаваннем аўтара! Менавіта так і было, менавіта панура-халаднаваты настрой і панаваў....Чакайма новую "Камяніцу-2018" з сонцам ды імпэтам!!! Было б проста файна, калі б перанеслі дату правядзення фэсту хаця б на тыдзень-два раней.
  • Ганна
  • 2017-09-19 21:48:53
Здаецца, спачатку і планаваліся ранейшыя даты. Звычайна Камяніца ці то ў 1, ці то ў 2 выходныя верасьня. Можа, юбілейная-2018 не парушыць традыцыю і будзе цяплей.

Каментаваць