Пятро Васючэнка пасмяротна вылучаны на «дзіцячага» літаратурнага Нобеля

Беларускі пісьменнік Пятро Васючэнка, які пайшоў з жыцця сёлета ў жніўні, вылучаны на прэстыжную міжнародную прэмію ALMA Astrid Lindgren Memorial Award, піша «Еўрарадыё».


Прэмію ўручаюць за дасягненні ў галіне дзіцячай літаратуры. Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” літаратарка і выдавец Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская.

Прэмію ALMA заснавалі ў Швецыі. Яе абвяшчаюць штогод на кніжным кірмашы ў Франкфурце, а саму прэмію ўручаюць увесну на кніжным кірмашы дзіцячай літаратуры ў Балоні.

У лік намінантаў трапляюць найлепшыя пісьменнікі ды ілюстратары з усяго свету, а таксама арганізацыі, якія займаюцца прасоўваннем чытання сярод дзяцей. ALMA прыраўніваецца да Нобелеўскай прэміі ў галіне дзіцячай літаратуры.

Беларускі літаратар упершыню трапляе ў спіс намінантаў гэтай прэміі.

Пятро Васючэнка памёр ва ўзросце 60 гадоў. Ён быў аўтарам кніг прозы, казак, ствараў п’есы, а таксама выдаў літаратуразнаўчыя манаграфіі. Яго апошняя кніга для дзяцей “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” выйшла ў 2018 годзе.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!