Першая паэтычная кніга Тані Скарынкінай

Пабачыў свет дэбютны зборнік вершаў Тані Скарынкінай “Книга для чтения вне помещений и в помещениях”. Выданне выйшла ў серыі “Пункт адліку” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.



Вокладка паэтычнага зборніка Сашы Скрынкінай


Таня Скарынкіна — прадстаўніца рускамоўнай паэзіі Беларусі, цяпер жыве ў Партугаліі. Родам са Смаргоні, у розны час працавала паштальёнам, ілюстратарам дзіцячых кніг, журналістам. Спрабавала сябе ў мастацкім перакладзе. Цяпер акрамя літаратуры займаецца фотакалажамі — стварае мастацкія кампазіцыі з розных на першы погляд непатрэбных рэчаў і жывёл. Прыкладам, фатаграфуе мёртвых птушак.

Паэзія для Тані — “генератар касмічных галасоў”.

У нядаўняй гутарцы з журналістам і крытыкам Сашай Дорскай аўтарка прызнаецца:

— Вельмі доўга я пісала толькі для сябе і нікому не паказвала.  Я і дагэтуль думаю, што вершы – гэта такая рэч у сабе. Дзіўна, што нехта іх чытае, здаецца, гэта ўсё падман, няпраўда. Як Райкін казаў: “Каждый раз, когда выхожу на сцену, мне кажется, что меня разоблачат”. Я тое самае пра сябе магу сказаць. Таму што вершы, асабліва добрыя, – табе не належаць. Напісаўшы аднойчы, больш так ніколі не скажаш.

Вершы Тані Скарынкінай нагадваюць пра існаванне паэзіі плыні свядомасці, культываванай французскімі сюррэалістамі (Андрэ Брэтон, Гіём Апалінэр) у пачатку мінулага стагоддзя. Яе прывабнасць  — у вялікай свабодзе фантазіі і самавыяўлення, у тонкіх гульнях розуму, у пошуках сябе. І калі вартасць найноўшай, дый увогуле паэзіі вызначаецца арыгінальнасцю і ўнікальнасцю, кніга Тані Скарынкінай — адзін з самых яркіх таму прыкладаў.

Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць