Подзвіг Юдзіф: калі сіла ў слабасці

Іўдзейская гераіня Юдзіф стала сімвалам барацьбы іўдзеяў супраць прыгнятальнікаў, а яе подзвіг — прыкладам жаночага гераізму ў імя выратавання Радзімы.

Юдзіф, любячы край, дзе калісьці на свет нарадзілася, не шкадавала самое сябе, каб адвесці ад краю айчыннага небяспеку.
Францыск Скарына. З прадмовы да «Кнігі Юдзіф»


Подзвіг Юдзіф выклікаў небывалае натхненне ў жывапісцаў і скульптараў, пісьменнікаў і паэтаў, кампазітараў і рэжысёраў… Толькі карцін намалявана вялікімі мастакамі больш за паўсотні. Што казаць, калі захавалася больш за дзясятак карцін Юдзіф, створаных толькі Лукасам Кранахам Старэйшым (1472-1553) нямецкім жывапісцам і графікам эпохі Адраджэння.

Юдзіф з галавою Алаферна. 1530 г. Лукас Кранах Старэйшы (1472-1553). Музэй Вены, Аўстрыя. Картмаксімум пошты Парагваю, выдадзены ў 1972 годзе


Можна падумаць, што Юдзіф прынесла галаву Алаферна прама ў майстэрню Кранаха! Так дэталёва яна вымаляваная… І на гэтым фоне непарушны твар прыгожай маладой жанчыны ў раскошным адзенні, выпісаным вельмі падрабязна. На карцінах Кранаха намаляваная Юдзіф Пераможца. Яе твар адлюстроўвае прыгажосць і рашучасць, якія дапамаглі ёй здзейсніць місію па выратаванні народа Вецілуі ад заваёвы непераможнай арміяй Алаферна.

Чаму Юдзіф выклікала такую ўвагу творцаў?

Подзвіг Юдзіф апісаны ў старазапаветнай Біблейскай Кнізе Юдзіф. Галоўны царскі военачальнік Алаферн, атрымаўшы загад свайго гаспадара, рушыў з вялікай арміяй да Юдэі.

Першым горадам на шляху заваёўнікаў была Вецілуя. Варожае войска абклала горад з усіх бакоў і захапіла крыніцу, з якой бралі ваду жыхары горада. Прайшло крыху больш за месяц, і запасы вады ў горадзе скончыліся. Змардаваныя гараджане сталі патрабаваць здаць горад Алаферну. З цяжкасцю начальнік горада Озія ўпрасіў іх пацярпець яшчэ пяць дзён і пакляўся, што калі не прыйдзе дапамога, ён выканае іх патрабаванне.

У Вецілуі жыла маладая і багатая ўдава Юдзіф. Юдзіф славілася сваёй мудрасцю, шанаваннем Бога і яе вельмі паважалі. Даведаўшыся аб маючай адбыцца здачы горада ворагам, яна звярнулася да гарадскіх старэйшын, дакарала іх у маладушнасці і ўзяла з іх абяцанне не перашкаджаць ёй у выкананні задуманай справы. Тыя адказалі: ідзі з мірам, і Гасподзь Бог перад табою на помсту ворагам нашым.

Юдзіф моліцца Богу, просіць яго дапамагчы ажыццявіць сваю задуму, мыецца, умашчаецца пахошчамі, апранае святочную сукенку — упрыгожвае сябе, «каб увесці ў зман вочы мужчын, якія ўбачаць яе» (Юдзіф.10:4).

Юдзіф з галавою Алаферна. 1901 г. Густаў Клімт (1862-1918). Галерэя Бельведэр, Вена. Картмаксімум пошты Аўстрыі, выдадзены ў 2003 годзе

Юдзіф з галавою Алаферна. 1901 г. Густаў Клімт (1862-1918). Галерэя Бельведэр, Вена. Картмаксімум пошты Аўстрыі, выдадзены ў 2003 годзе



Такой убачыў прыгажосць Юдзіф Аўстрыйскі мастак Густаў Клімт. Негледзячы на старажытнасць сюжэту, яго Юдзіф — жанчына пачатку XX стагоддзя. Доўгая тонкая шыя ўпрыгожана высокім залатым калье-каўняром, візуальна адлучаюць галаву Юдзіфі ад яе раскошнага белага цела. Дзякуючы залатому ўпрыгожванню і фону вобраз Юдзіф выглядае азораным незямным ззяннем.

Юдзіф у суправаджэнні служанкі, якая несла ежу і віно, адправілася да варожых пастоў. Паставым сказала, што яна габрэйка, бяжыць з асуджанага на гібель горада і папрасіла адвесці яе да галоўнага военачальніка, якому яна скажа, як хутка і лёгка перамагчы габрэяў. Воіны павялі Юдзіф па лагеры і ўсіх дзівіла яе прыгажосць. Юдзіф паведаміла Алаферну, што абложаныя, знемагаючы ад голаду і смагі, вырашылі харчавацца ежай, якую габрэям Бог забараніў, і чакаюць толькі дазволу з Ерусаліма. Як толькі дазвол будзе атрыманы і яны накінуцца на забароненую ежу, Бог аддасць горад на вынішчэнне асірыйцам, якія пры гэтым не страцяць ніводнага ваяра. Юдзіф папрасіла ў Алаферна дазволу застацца ў Асірыйскім лагеры і па начах выходзіць у даліну маліцца пакуль Бог не адкрые ёй, што час надышоў. Гаворка яе спадабалася Алаферну і ўсяму яго атачэнню.

Так прайшло тры дні. Юдзіф сілкавалася прынесенай з сабой ежай, а кожную ноч у суправаджэнні служанкі на час пакідала лагер. На чацвёрты дзень Алаферн зладзіў баль і паслаў свайго кіраўніка запрасіць на яго Юдзіф, так як з першага імгнення быў аслеплены яе прыгажосцю. Юдзіф надзела самую прыгожую вопратку і «ўсё жаночае ўпрыгожванне» (Юдзіф 12:15) і з’явілася перад Алафернам ва ўсім бляску. Алаферн, любуючыся ёю, непрыкметна для сябе паглынаў адзін келіх віна за другім. Нарэшце ўсе запрошаныя і слугі разышліся і засталіся толькі Юдзіф з Алафернам. Той быў да таго п’яны, што адразу паваліўся на ложак і заснуў.

Юдзіф звяртаецца да Бога з малітвай: «Госпадзе, Божа ўсякай сілы! паглядзі ў гэту гадзіну на справы рук маіх да ўзвышэння Ерусаліма, бо цяпер час абараніць спадчыну Тваю і выканаць мой намер, уразіць ворагаў, якія паўсталі на нас» (Юдзіф 13:4-5).

Джорджа Вазары фіксуе на карціне наступны верш Кнігі Юдзіф: «Потым, падышоўшы да слупка ложка, што стаяў у галовах у Алаферн, яна зняла з яго меч яго і, наблізіўшыся да ложка, схапіла валасы галавы яго і сказала: Госпадзе Божа Ізраіля! умацуй мяне ў гэты дзень. і з усёй сілы двойчы ўдарыла па шыі Алаферна і зняла з яго галаву» (Юдзіф 13:6-8).


Джорджа Вазары (1511 — 1574). Юдзіф адсякае галаву Алаферну (верхняя левая марка). Мастацкі музей Сэнт-Луіса, ЗША. Малы марачны ліст пошты Саламонавых Выспаў, выдадзены ў 2017 годзе


Меч занесены для ўдару. Лёс Алаферна вырашаны.

Калі ў Кранаха, як і ў іншых яго сучаснікаў, моманту забіцця на карцінах не было, то праз 100 гадоў пасля яго Караваджа апісаў саму расправу. Зусім нясмелая і нерашучая Юдзіф адхіляецца ад неўласцівага для яе дзейства. Нахмураныя бровы, далікатны, але рашучы твар… Кропля гідлівасці. Алаферн сцякае крывёй, паміраючы, дарэмна спрабуе супраціўляцца. Юдзіф у Караваджа сімвал пераможцы над злом, яна нават не прыкладвае асаблівага намаганні для забойства, ёй дапамагае Бог.

Караваджа Мікеланджэла (1573-1610). Юдзіф, забівае Алаферна. 1598 г. Палацо Барберыні, Рым. Блок пошты Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны, выдадзены ў 2015 годзе


Валянцен дэ Булонь намаляваў сваю карціну прыкладна праз 30 гадоў пасля Караваджа. Яна больш спакойная, менш крыві і больш дзелавітасці…

Валянцен дэ Булонь (1591 — 1632). Юдзіф і Алаферн. 1628. Нацыянальны музей выяўленчых мастацтваў, Ла Валета, Мальта. Марка пошты Мальты, выдадзеная ў 1962 годзе


«Жывы Гасподзь, які захаваў мяне ў шляху, якім я ішла! бо аблічча Маё прывабіла Алаферна на пагібель яго, але ён не зрабіў са мною кепскага і ганебнага граху» (Юдзіф 13:16) — кажа Юдзіф. Але Тон Крал напэўна ёй не верыць…

Юдзіф і Алаферн. 1934. Тон Крал (Тone Кralj) (1900 -1975). Галерэя Божыдара Якача — каштанаў на Крке. Марка пошты Славеніі, выдадзеная ў 2000 годзе


Тыцыян прысьвяціў Юдзіф дзве працы. Паміж гэтымі шэдэўрамі 55 гадоў. На першай карціне Юдзіф юная і трапяткая, падобная на Юдзіф Джарджоне. На другой — больш сталая і спрактыкаваная.

Юдзіф з галавою Алаферна. 1570. Тыцыян (1480/85-1576). Інстытут мастацтваў, Дэтройт. Марка пошты Даменікі, выдадзеная ў 1988 годзе

Юдзіф з галавою Алаферна. 1570. Тыцыян (1480/85-1576). Інстытут мастацтваў, Дэтройт. Марка пошты Даменікі, выдадзеная ў 1988 годзе



«Яна выйшла і аддала сваёй служанцы галаву Алаферна, а гэтая паклала яе ў мяшок з ежай, і абедзьве разам выйшлі, па звычаю свайму, на малітву. Прайшоўшы табар, яны абышлі вакол цясніну, падняліся на гару Ветылуі і пайшлі да брамы яе» (Юдзіф 13:9-10).

Юдзіф абезгалоўлівае Алаферна. 1531. Фрагмэнт. Лукас Кранах Старэйшы і майстэрня (Ганс Кранах?). Музей замка Фрыдэнштайн. Марка пошты Грэнады Каррыаку і Петыт Марцінікі, выдадзеная ў 2003 годзе



На карціне, акрамя галоўнай падзеі ёсць яшчэ ілюстрацыя свету прыдворнага жыцця, турніраў, баляў, якія Кранах застаў пры саксонскім двары. Гісторыя Алаферна падаецца тут як тое, што Лукас Кранах бачыў сам. У куце яго аўтапартрэт. Ён паказвае пальцам на стол, дэманструючы сваю прысутнасць.

Юдзіф, маладая светлавалосая жанчына, апранутая па-венецыянску ў XVI стагоддзі, якая толькі што забіла Алаферна і збіраецца аддаць галаву сваёй пакаёўцы, паўстае перад гледачамі на карціне Веранезе.

Юдзіф з галавою Алаферна. 1580. Паола Веранезе (1528–1588). Музей гісторыі мастацтваў, Вена. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1972 годзе

Абедзве выйшлі з шатра, накіраваўшыся да выхаду з лагера. Ніхто іх не затрымліваў.

Юдзіф і Алаферн. 1508 г. Мікеланджэла Буанароці (1475 — 1564). Фрэска Сыкстынскай капэлы (фрагмент). Марка пошты Грэнады, выдадзеная з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння Мікеланджэла ў 1975 годзе


На фрэсцы Юдзіф і служанка, якая трымае на падносе адсечаную галаву. Злева за дзвярыма спіць стражнік, абняўшы шчыт, а справа ў прыцемку ложак з целам Алаферна ў агоніі.

Менавіта момант вяртання дадому адлюстраваў Сандра Батычэлі. Дзяўчына рашуча і хутка рухаецца да роднага горада. Вочы і выраз твару Юдзіф задуменны і сумны. За ёй, ледзь паспяваючы, ідзе служанка. На галаве ў яе кошык з жахлівым трафеем — галавой забітага палкаводца. Юдзіф — пераможца, але Батычэлі адлюстраваў яе зусім не гераіняй без страху і папроку. Гэта тонкая, далікатная дзяўчына, валасы і сукенка якой развявае ветрык. Здаецца, можна адчуць, якімі лёгкімі, бязважкімі крокамі нясецца Юдзіф, каб перадаць гараджанам радасную вестку. У яе руцэ далікатная, як яна сама, аліўкавая галінка, сімвал перамогі.

Вяртанне Юдзіф у Вецілую. 1470 г. Сандра Батычэлі (1445-1510). Галерэя Уфіцы, Фларэнцыя, Італія. Марка пошты Саудаўскай Аравіі, выдадзеная ў 1968 годзе


Яны падышлі да гарадской брамы. На голас Юдзіфі збегліся ўсе гараджане, хоць была глыбокая ноч. «Яна ж сказала ім гучным голасам: хваліце Госпада, хваліце, хваліце Госпада, што Ён не выдаліў міласці Сваёй ад дома Ізраілевага, але ў гэтую ноч скрышыў ворагаў нашых маёю рукою. і, выняўшы галаву з мяшка, паказала яе і сказала ім: вось галава Алаферна, правадыра Асірыйскага войска» (Юдзіф.13:15-16).


Юдзіф з галавой Алаферна. 1613 г. Крыштафана Алоры (1577–1621). Галерэя палаца Піцьці, Фларэнцыя. Марка пошты Емэну, выдадзеная ў 1968 годзе


Юдзіф у Алоры чароўна прыгожая. Пад пышнай вопраткай адгадваецца крохкае цела вельмі маладой жанчыны, якая адважылася на гераічны ўчынак. Адсечаная цёмная галава вылучаецца на фоне парчовага ўбору Юдзіф. Твар служанкі, поўны здзіўлення і пашаны.

Незвычайная і прыгожая Юдзіф Джарджоне. Юдзіф выканала сваю місію, яна спакойная, пад нагой — галава зрынутага ворага.

Юдзіф з галавою Алаферна. 1504 г. Джарджоне (1478 —1510). Эрмітаж, Санкт-Пецярбург. Картмаксімум пошты СССР, выдадзены ў 1975 годзе

Юдзіф з галавою Алаферна. 1504 г. Джарджоне (1478 —1510). Эрмітаж, Санкт-Пецярбург. Картмаксімум пошты СССР, выдадзены ў 1975 годзе



Назаўтра па загадзе Юдзіф галаву Алаферна павесілі на гарадской сцяне. Затым расчыніліся гарадскія вароты, хрыпла зараўлі баявыя трубы і з горада насустрач ворагу выйшла жменька абаронцаў. Падначаленыя Алаферна адправіліся за сваім военачальнікам, і, знайшоўшы яго забітым, прыйшлі ў жах. Асірыйцы кінуліся ва ўцёкі і былі разбітыя войскамі Ізраільцян.

Юдзіф так і засталася ў родным горадзе. Захоўваючы вернасць свайму памерламу мужу, яна больш не выйшла замуж, хоць многія сваталіся да яе. Памерла яна, пражыўшы 105 гадоў, і ўся краіна аплаквала яе скон сем дзён. Пахавалі Юдзіф побач з мужам.

Кніга Юдзіфі не ўваходзіць у склад кананічных, але Францыск Скарына ўключыў яе ў сваё пражскае выданне («Книги Иудифъ вдовици»).

Иудифъ вдовица отсече главу Олферну воеводе. Гравюра з Тытульнага ліста кнігі «Юдзіф». 9 ліпеня 1519 г. Праект маркі з марачнага ліста, падрыхтаванага да 500-годдзя перакладу Бібліі Скарынам і 500-годдзя Беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе

Иудифъ вдовица отсече главу Олферну воеводе. Гравюра з Тытульнага ліста кнігі «Юдзіф». 9 ліпеня 1519 г. Праект маркі з марачнага ліста, падрыхтаванага да 500-годдзя перакладу Бібліі Скарынам і 500-годдзя Беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе



Марачны ліст з відарысамі 30 гравюр Белпошта не прыняла да выдання і ён быў выдадзены ў выглядзе налепак Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Згуртаванне Беларусаў свету Бацькаўшчына» і Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк).

«Як зьвяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць», — гэты знакаміты ўрывак з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф» цяпер можна прачытаць і пачуць на 70 мовах народаў свету. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: