Польскі інстытут запрашае на анлайн-прэзентацыю кнігі беларускіх перакладаў Станіслава Ежы Леца

Чарговая сустрэча з цыкла «Санаторый пад клепсідрай» адбудзецца 18 траўня ў форме анлайн-прэзентацыі кнігі Станіслава Ежы Леца «Цынік на прагулцы», якая зусім нядаўна выйшла пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута кнігі (Кракаў) у выдавецтве Логвінаў.


Станіслаў Ежы Лец (1909–1966) — знакаміты польскі лірык, сатырык, празаік і аўтар афарызмаў. Чытачам усяго свету добра вядомыя яго „Непрычасаныя думкі” (Myśli nieuczesane). А ў кнігу «Цынік на прагулцы» ўвайшлі найлепшыя творы з дванаццаці зборнікаў паэта ў беларускіх перакладах Андрэя Хадановіча.

Чытачы кнігі, а таксама гледачы і слухачы “Санаторыя” змогуць ацаніць паэтычныя эксперыменты авангарднага і правакатыўнага Леца перыяду яго дэбютнага зборніка “Колеры” (Barwy, 1933).

Ваенны досвед партызана і вязня канцлагера адлюстраваны ў кнігах “Палявы нататнік” (Notatnik polowy, 1946) і “Новыя вершы” (Nowe wiersze, 1950), творы з якіх таксама прадстаўленыя па-беларуску.

Спроба эміграцыі, расчараванне ў ёй і няпростае рашэнне паэта вярнуцца на радзіму адбіліся ў вершах з “Ерусалімскага рукапісу” (Rękopis jerozolimski, 1957).

Найболей у беларускім выбраным Леца прадстаўленыя вершы з яго “галоўных” паэтычных кніг “Дражню і пытаю дарогі” (Kpię i pytam o drogę, 1959), “Авелю і Каіну” (Do Abla i Kaina, 1961), “Аб’ява аб вышуку” (List gończy, 1963) і “Паэмы, гатовыя да скачка” (Poema gotowe do skoku, 1964).

Акрамя рыфмаванай і верлібрычнай паэзіі, значнае месца ў кнізе займаюць сатырычныя і гумарыстычныя творы Леца са зборнікаў “Цынік на прагулцы” (Spacer cynika, 1946), “З тысяча і адной фрашкі” (Z tysiąca i jednej fraszki, 1959) і “Фрашказбор” (Fraszkobranie, 1966).

Лецаўскія фрашкі някепска дапаўняюць творчы партрэт Леца-паэта. Яны ўжо наўпрост набліжаюць чытача да мастацкіх адкрыццяў Леца-афарыста, які таксама будзе прадстаўлены, дзякуючы ўдзелу ў сустрэчы спецыяльнага госця, перакладчыка “Непрычасаных думак”, пісьменніка Уладзіміра Арлова.

Вядзе прэзентацыю перакладчык кнігі Андрэй Хадановіч.

Прэзентацыя адбудзецца 18 траўня а 18-ай гадзіне на старонцы Польскага Інстытута ў Мінску ў Фэйсбуку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: