Польскі інстытут запрашае на прэм'еру спектакля «Баладына»

Польскі Інстытут у Мінску запрашае на прэм’еру спектакля «Баладына» паводле драмы Юльюша Славацкага, якая адбудзецца 2 снежня ў рамках XVII Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і моладзевых тэатраў «Тэатральны куфар» .


Спектакль стаў працягам распачатай у верасні інсцэнізацыі твора ў межах правядзення акцыі “Нацыянальнае чытанне” («Narodowe Czytanie»).

“Баладына” была завершана ў снежні 1834 года, а выдадзена праз пяць гадоў у Парыжы. Драма паўстала ў эміграцыі падчас дыскусій пра прычыны нядаўняга разгрому лістападаўскага паўстання і дэбатаў аб агульнай гісторыі і будучым лёсе народа. Паэт злучыў у творы рэалізм і фантастыку, засяродзіўшыся на аналізе характараў і ўчынкаў герояў. Расказаная на фоне казачных падзей гісторыя пра дзвюх сясцёр – Баладыну і Аліну – стала вельмі папулярнай. Яна аказала вялікі ўплыў на нацыянальную культуру, а відовішчныя тэатральныя пастаноўкі натхнялі і захаплялі цэлыя пакаленні.

Сёстры Баладына і Аліна жывуць з маці ў беднай хаце ў лесе. Гаплана, каралева возера Гопла, закаханая ў Грабца – каханка Баладыны. З-за сваёй рэўнасці яна ўмешваецца ў чалавечыя справы і блытае лёсы герояў. Аднойчы служка Гапланы Скерка прыводзіць у лясную хату багатага каралевіча Кіркора. Гаплана спадзяецца, што Кіркор закахаецца ў Баладыну – і тады Грабец застанецца ёй. Аднак воляю Скеркі каралевіч закахаўся ў абедзвюх сясцёр адразу. Каб вырашыць, чыім мужам стане Кіркор, дзяўчаты спаборнічаюць у зборы малін. Кіркор стане мужам той, якая першая назбірае поўны збан. Калі выяўляецца, што выйграла Аліна, Баладына забівае сястру... Прага ўлады, павольнае ператварэнне ў сапраўднага злачынцу і зацятая барацьба дабра з ліхам з’яўляюцца асноўнымі матывамі трагедыі..

Рэжысёр: Андрэй Саўчанка.
Акцёры: Кацярына Сірыўля, Іван Патапаў, Андрэй Новік, Павел Міхаленя, Мікола Варабей, Алена Зуй-Вайцехоўская, Паліна Дабравольская, Аляксей Любчанка, Яраслава Федчанка, Аня Рудак.
Кампазітар: Канстанцін Яськоў.

 Падзея адбудзецца 2 снежня ў арт-прасторы "Hide" (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 19/4). Пачатак а 20-й гадзіне.

Уваход вольны па папярэдняй рэгістрацыі.

Запісацца анлайн ТУТ.
Запісацца па тэлефоне: +37517 209 54 69

Звярніце ўвагу: падчас імпрэзы дзейнічае строгі масачны рэжым!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: