«Польскі пейзаж» Францішака Мазурека ўпершыню можна будзе ўбачыць у Мінску

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь 23 сакавіка адбудзецца адкрыццё выставы «Польскі пейзаж. Францішак Рышард Мазурек. Жывапіс».

Выстава арганізавана пры падтрымцы Амбасады Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь у рамках святкавання 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь. У Беларусі карціны мастака экспануюцца ўпершыню.

Францішак Рышард Мазурек (род. 1951) - мастак-пейзажыст, член Саюза польскіх мастакоў. На выставе будзе прадстаўлена каля 40 жывапісных твораў 2004-2016 гадоў. якія паказваюць прыгажосць і зменлівасць прыроды Любліншчыны. У сваіх працах Францішак Мазурек імкнецца перадаць паэтычнасць і настальгію, характэрную для яго роднага краю ў розныя часы года.

З 1987 года творчасць Францішака Мазурека была прадстаўлена на больш за 50 персанальных выставах у краінах Усходняй і Заходняй Еўропы, Канадзе, ААЭ і В'етнаме. Таксама яго працы прымалі ўдзел у групавых выставах у Польшчы, Італіі, Балгарыі, Чэхіі, Германіі, Расіі, Румыніі і Венгрыі. Карціны аўтарства Ф.Р. Мазурека знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Еўропы, ЗША, Канады і ААЭ. Мастак узнагароджаны срэбным крыжам Заслугі, срэбраным медалём «За заслугі ў пажарнай справе», медалём «За заслугі перад польскай культурай» Міністэрства культуры і Нацыянальнай спадчыны, залатым крыжам Заслугі ад Прэзідэнта Рэспублікі Польшча, бронзавым медалём «За заслугі ў культуры Gloria Artis» Міністэрства культуры і Нацыянальнай спадчыны.

Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 23 сакавіка 2017 года ў 17:00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь па адрасе: вул. Леніна, 20. Выстава  будзе доўжыцца да 23 красавіка 2017 года. 

Паводле artmuseum.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: