Польскія гуру кінематографа папрацуюць над праектамі беларусаў

Майстэрня сацыяльнага кіно пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА адкрывае набор на бясплатную міжнародную лабараторыю з выкладчыкамі-практыкамі з вядомай польскай кінашколы Wajda School.
З 27 па 30 верасня ў 7 беларускіх кінапраектаў будзе магчымасць дэталёва прааналізаваць свае сцэнары з ментарамі і атрымаць практычныя парады па іх рэалізацыі. Пасля гэтага ўдзельнікі змогуць пры падтрымцы Майстэрні сацыяльнага кіно і тэхнічнай падтрымцы кампаніі First Rental зняць адну сцэну свайго фільма для далейшага разбору і прасоўвання на пітчынгах. Лабараторыя пройдзе ў Мінску.

Лабараторыю правядуць сцэнарысты, рэжысёры і выкладчыкі Wajda school Дэніал Хазановіч і Філіп Марчэўскі.

Дэніал Хазановіч — настаўнік міжнароднай праграмы для кінапрафесіяналаў EKRAN+ пры Wajda School у Варшаве, выкладчык факультэта сцэнарнага майстэрства Польскай нацыянальнай кінашколы ў Лодзі. Прэм'ерны паказ яго стужкі «Ліст» адбыўся на 52-ім Берлінале і быў адзначаны на кінафестывалях у Каіры і Бруселі. Фільм «Вяртанне» атрымаў прыз за лепшы сцэнар на 22-ім Варшаўскім МКФ і спецыяльную згадку экуменічнага журы на 59-ім Канскім МКФ.

Філіп Марчэўскі — настаўнік рэжысёрскага курса «Development Lab» у Wajda School, выкладчык кінашколы ў Гдыні, член Гільдыі рэжысёраў Польшчы, намінант на студэнцкі «Оскар» за кароткаметражную стужку «Меладрама». Уладальнік больш чым 50 кінаўзнагарод. Яго поўнаметражны дэбют «Без сораму» («Shameless») атрымаў CIVIS Media Prize-2013 як найлепшы еўрапейскі фільм пра талерантнасць і ўвайшоў у топ-10 фільмаў кінафестывалю ў Карлавых Варах-2012 паводле версіі IndieWire.

Для ўдзелу сцэнарыстам і рэжысёрам трэба падаць заяўку на рускай і англійскай мовах, якая ўключае трытмент сцэнара кароткаметражнага або поўнаметражнага фільма (да 8 старонак), адну сцэну, рэзюмэ і партфоліо рэжысёра. На мерапрыемствах праекта будзе сінхронны пераклад на рускую мову. Праекты адбіраюцца на конкурснай аснове.

Заяўкі прымаюцца да 6 верасня ўключна. Больш падрабязна аб праекце можна даведацца на сайце cinema-lab.tilda.ws.

Лабараторыя пройдзе ў рамках праекта «Умацаванне патэнцыялу маладых беларускіх спецыялістаў у сферы кіно з дапамогай правядзення міжнародных практыка-арыентаваных трэнінгаў», які рэалізуецца Майстэрняй сацыяльнага кіно пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

Даведка:
Майстэрня сацыяльнага кіно — некамерцыйная арганізацыя (г. Мінск), заснаваная ў 2013 годзе з мэтай аб'яднання творчых людзей для стварэння відэа і кіно на вострасацыяльныя тэмы. Арганізацыя з'яўляецца членам Еўрапейскай сеткі кінематаграфістаў NISI MASA, членам Гільдыі прадзюсараў і кінавытворцаў (Беларусь). Арганізацыя праводзіць доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя курсы ў сферы кінематаграфіі, пітчынгі кінапраектаў, праграмы падтрымкі маладых кінематаграфістаў Беларусі.

Wajda School — кінашкола, заснаваная легендарнымі польскімі рэжысёрамі — пераможца Канскага, Берлінскага, Венецыянскага кінафестываляў, лаўрэат прэміі «Оскар» Анджэй Вайда і ўладальнік «Срэбранага мядзведзя» Берлінале Войчэх Марчэўскі. Яны распрацавалі ўнікальную для Еўропы праграму, якая аб'ядноўвае адукацыю з вытворчасцю фільма. 



Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!