Польшча на XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы

Польскі Інстытут у Мінску, Інстытут кнігі ў Кракаве і Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску запрашаюць на Польскі стэнд на Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе 5-9 лютага ў выставачным цэнтры «Белэкспа» (Мінск, пр-т Пераможцаў, 14).

На стэндзе будуць прадстаўлены навінкі і бестселеры літаратуры розных жанраў: мастацкай, дакументальнай, папулярна-навуковай і навуковай, а таксама даведнікі, падручнікі, альбомы і коміксы. Асартымент складаецца з мноства пазіцый розных польскіх выдавецтваў і скіраваны да ўсіх узростаў: дзяцей, моладзі і дарослых, да тых, хто вывучае польскую мову і да тых, для каго польская мова ўжо не з'яўляецца праблемай. Большасць выданняў будзе прадстаўлена на польскай мове, але публікацыі на беларускай і рускай мовах таксама зоймуць свае пачэсныя месцы. Шырокай аўдыторыі будуць прадстаўлены кнігі, выдадзеныя пры падтрымцы Польскага Інстытута, і цікавыя экзэмпляры са збораў Бібліятэкі Польскага Інстытута.

Праграма мерапрыемстваў

5 лютага, серада
16:00-17:00, Польскі стэнд
Паланістка, выкладчыца польскай мовы Інэса Кур’ян прэзентуе свой падручнік «Польская мова. Графіка. Арфаграфія. Вымаўленне. Фанетыка (тэарэтычна-практычны курс)», які выйшаў у 2019 годзе ў Цэнтры "Студыя-Мовія". Гэта не камунікатыўна-лексіка-граматычны тып падручніка, а рэдкае навуковае выданне, што прадстаўляе падрабязны аналіз фанетычных асаблівасцяў польскай мовы, іх параўнанне з беларускай, месцамі і рускай мовай, а таксама праекцыю на правілы сучаснай польскай арфаграфіі. Пры гэтым праца мае шмат выключна рэдкіх звестак пра сутнасць польскай мовы. Падручнік можа быць цудоўным дапаможнікам для паланістаў і тых, хто сур’ёзна і паглыблена займаецца вывучэннем польскай мовы.

6 лютага, чацвер
17:30-18:30, Польскі стэнд
«Жылі мы як каралі. Гарэлку пілі шклянкамі. Кахалі нас прыгожыя дзяўчаты. А мы купаліся ў золаце. Плацілі золатам, срэбрам і далярамі. Плацілі за ўсё: і за гарэлку, і за музыку. За каханне плацілі каханнем, за нянавісць — нянавісцю.»
Прэзентацыя рамана Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» (Kochanek Wielkiej Niedźwiedzicy). Культавы раман упершыню перакладзены з аўтарскай версіі, дапоўненай і папраўленай Сяргеем Пясецкім у 1964 годзе. Гэты твор захаваў на сваіх старонках магічнае, невядомае і насычанае жыццё ракаўскіх кантрабандыстаў, якое б знікла назаўжды, калі б не пільнае вока аўтара, які за гэтай стыхіяй назіраў. Каларытная дакументальная аснова, асабісты досвед, яркія характары і шчырыя пачуцці — а над усім гэтым коціцца дзіўны Вялікі Воз... валадарыць цудоўная, адзіная, зачараваная Вялікая Мядзведзіца.
У прэзентацыі бяруць удзел перакладчыца Марыя Пушкіна, рэдактар кнігі, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пісьменнік Павал Касцюкевіч, акцёры Раман Падаляка і Міхаіл Зуй.


7 лютага, пятніца
14:00-15:00, Польскі стэнд
Новы раман Януша Леона Вішнеўскага «Канец адзіноты» — гэта пачуццёвы працяг легендарнага рамана «Адзінота ў сеціве» (S@motność w sieci). Яго галоўныя героі — новае пакаленне, сучасная моладзь, перад якой адкрыты ўвесь свет. Якуб і Надзя, як і персанажы папярэдняй гісторыі, знаёмяцца дзякуючы інтэрнэту, але… у кляштары, і іх адносіны таксама некаторы час падтрымліваюцца з дапамогай гаджэтаў. Усіх герояў нечакана аб’ядноўвае адна кніга, дзіўным чынам звязаная з жыццём рэальных людзей. Надзя пачынае амаль дэтэктыўнае расследаванне і спрабуе разабрацца ў таямніцах, якія ўрэшце рэшт прыводзяць яе да падзей дваццацігадовай даўніны.

Відэазварот Януша Вішнеўскага да беларускіх чытачоў і адказы на пытанні, размова з перакладчыцай Ганнай Янкутай.

17:30-18:30, Польскі стэнд
Прэзентацыя двухтомнага збору перакладаў выбраных твораў Збігнева Герберта (1924—1998), аднаго з найвыбітнейшых польскіх аўтараў ХХ стагоддзя.

У І томе «Пасланне Пана Когіта. Выбраныя вершы і п’есы» грунтоўна прадстаўленыя ўсе дзевяць яго прыжыццёвых зборнікаў, а таксама значная колькасць вершаў, што не ўваходзілі ў кнігі паэта. Большая частка вершаў і драма «Пячора філосафаў» друкуецца па-беларуску ўпершыню. Шмат якія пераклады публікуюцца ў новай рэдакцыі. Некаторыя вершы друкуюцца ў новых беларускіх перакладах. ІІ том «Варвар у садзе» — кніга, якую склалі 15 эсэ класіка. Уцякаючы з несвабоды камуністычнай Польшчы, пісьменнік блукае па дарогах Грэцыі і Італіі, Брытаніі і Францыі. Разважаючы над лёсам этрускаў і катараў, будаўнікоў гатычных храмаў і шукальнікаў зніклых у лабірынце над морам цывілізацый, «варвар» адкрывае для сябе сваю сапраўдную прарадзіму − запаветны сад еўрапейскай культуры.

Зборнік прадставіць каманда, якая працавала над выданнем — калектыў перакладчыкаў і рэдактараў, мадэратар — укладальнік Андрэй Хадановіч. Прагучаць арыгінальныя запісы чытання твораў Збігневам Гербертам, а па-беларуску — у акцёрскім прачытанні Рамана Падалякі.  

8 лютага, субота
14:00-14:30, Цэнтральная пляцоўка Нацыянальнага стэнда Беларусі
Сустрэча з пісьменніцай Катажынай Рырых-Карчыньскай і прэзентацыя беларускамоўнага выдання яе кнігі «Лапуховае поле» (выдавецтва «Янушкевіч»).

14:30-15:30, Польскі стэнд
Сустрэча з пісьменніцай Катажынай Рырых-Карчыньскай.
Аўтографсесія пісьменніцы Катажыны Рырых-Карчыньскай і ілюстратаркі кнігі Гражыны Рыгаль.

16:30-17:30, Польскі стэнд
Запрашаем на майстар-клас і сустрэчу з мастачкай, ілюстратаркай кніг Гражынай Рыгаль. Мастачка распавядзе пра сваю дзейнасць на прыкладзе кніг для дзяцей і падлеткаў «Лапуховае поле» Катажыны Рырых-Карчыньскай і «Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга» Раксаны Енджэўскай-Врубель, якія выйшлі па-беларуску ў выдавецтве «Янушкевіч». Да ўдзелу запрашаем прафесіяналаў у галіне ілюстраванай кнігі, графікаў, супрацоўнікаў і навучэнцаў мастацкіх напрамкаў, а таксама прафесійна не звязаных, але зацікаўленых мастацтвам і літаратурай.

Катажына Рырых-Карчыньска — польская паэтка, мастачка, аўтарка кніг для дзяцей, моладзі і дарослых. Педагог, перакладчыца, выкладчыца англійскай мовы. На яе рахунку шмат прэстыжных узнагарод, сярод якіх узнагарода Кніга Года IBBY за кнігу «Лапуховае поле» («Łopianowe Pole»), якая ўжо перакладзена на 15 моў.
Сярод амаль 40 кніг аўтаркі мала такіх, якія не атрымалі ўзнагарод, адзнак ці намінацый на літаратурныя прэміі. Шматразовыя перавыданні твораў («Кароль», «Выспа маёй сястры», «Ясныя дні, цёмныя дні», «Канец свету нумар 13») трымаюць Катажыну Рырых-Карчыньску ў дзясятцы самых папулярных польскіх пісьменнікаў. У сваіх кнігах яна закранае важныя тэмы: адзінота, расстанне, заблытаныя складаныя сітуацыі, абмежаваныя фізічныя магчымасці, нетыповыя сямейныя адносіны, складаны працэс сталення — але робіць гэта простай, зразумелай мовай, не без долі чорнага гумару навучаючы адказнасці, уменню рабіць правільны выбар, талерантнасці і радасці жыцця ў любых абставінах. Кнігі Катажыны Рырых вучаць і заклікаюць да павагі да іншага чалавека, адкрытага мыслення, крытычнай ацэнкі свету і здаровай самаацэнкі, любові да навакольнага асяроддзя і каштоўнасцяў, якімі павінен кіравацца чалавек, незалежна ад узросту.

Гражына Рыгаль — выпускніца Факультэта жывапісу гданьскай Акадэміі мастацтваў. Ілюстратарка, мастачка. Стварае інсталяцыі з выкарыстаннем лялек уласнай работы. Аўтарка ілюстрацый да дзясятку дзіцячых кніг, у т.л. Катажыны Рырых «Лапуховае поле» (узнагарода Кніга Года IBBY 2017, прыз Журы партала «granice.pl» за найлепшую кнігу восені 2017 года), Мажэны Матушак «Чалавек які ёсць, кожны бачыць" (адзнака на міжнародным конкурсе «Празорцы-2014»), Раксаны Енджэўскай-Врубель «Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга». Аўтарка кулінарнай кнігі (разам з Алаізіем Рыгалем) «Баба Алі —глыбы ў прасторы, гародніна ў космасе». З'яўляецца суаўтаркай сцэнаграфіі для Мабільнага музея дзіцячага малюнка, а таксама да спектакля «Аліса ў краіне літар» Альжбеты Езнах у Парыжы. Аўтарка лялек да спектакля «Прыгажуня ў сонным лесе» і «З печы азбука ўпала» ў пастаноўцы Любы Зарэмбіньскай. Сааўтарка кліпаў да песень Гжэгажа Наўроцкага «Фальшывыя ўзыходы сонца» (намінацыя на прэмію DOKI, Гданьск 2017) і «Касмічная хуткая дапамога».

Чытайце таксама:



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: