Помнік Якубу Коласу паставяць на малой радзіме паэта

Міністэрства культуры абвясціла конкурс праектаў помніка народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу ў Стоўбцах, паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на БЕЛТА. Помнік будзе ўсталяваны ў скверы па вуліцы Цэнтральная​.
euroradio.fm

euroradio.fm

«Конкурс мы праводзім для таго, каб знайсці найбольш выразны вобраз класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа для стварэння помніка на малой радзіме паэта. Яго кампазіцыйнае і пластычнае выкананне павінна быць вытрымана ў лепшых традыцыях класічнага і нацыянальнага манументальнага мастацтва», — цытуе БЕЛТА міністэрства.

Да ўдзелу ў творчым спаборніцтве запрашаюцца прафесійныя скульптары і архітэктары. Пераможца атрымае права на стварэнне помніка, кошт якога не можа перавышаць 200 тысяч BYN, якія выдаткуе Стаўбцоўскі раённы выканаўчы камітэт.

Якуб Колас нарадзіўся 22 кастрычніка 1882 году ў засценку Акінчыцы Мінскага павету Мінскай губэрні, цяпер гэта тэрыторыя гораду Стоўбцы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!