Пра абрад «стралы» распавядуць у Нацыянальным гістарычным

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь ладзіць 31 кастрычніка прэзентацыю калектыўнай манаграфіі «Цень Стралы: культурныя і вербальныя коды традыцыі».
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У першую калектыўную манаграфію серыі «Інтэгратыўная фалькларыстыка» па задумцы яе ўкладальнікаў Рымы Кавалёвай (БДУ) і Вячаслава Калацэя (БДУКМ) увайшлі матэрыялы міжнародна вядомых, а таксама маладых даследчыкаў, прысвечаныя абраду ваджэння і пахавання «стралы», які штогод ладзіцца на Ушэсце ў шэрагу сумежных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны, а ў Рэспубліцы Беларусь – афіцыйна ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

Наведвальнікі прэзентацыі першага выдання серыі атрымаюць эксклюзіўную магчымасць азнаёміцца, а таксама, пры жаданні, набыць манаграфію «Цень Стралы: культурныя і вербальныя коды традыцыі». Эфект паглыблення ў этнамастацтва будзе ўзмоцнены спеўным музычным суправаджэннем аўтэнтычнага фальклорнага гурта «Стаўбунскія вячоркі» Святланы Парашчанкі (вёска Стаўбун), а таксама постфальклорнага гурта «Страла» Эвеліны Шчадрыной (кафедра этналогіі і фальклору БДУКМ, Мінск) і дэманстрацыяй прысвечанай ваджэнню і пахаванню «стралы» дакументальнай кінастужкі ў жанры аўдыявізуальнай антрапалогіі.

Абрад «Страла» звязаны з землямі Падняпроўя, іх урадлівасцю і дабрабытам мясцовых жыхароў. Ён мае глыбокія архаічныя карані, жыхары падняпроўскіх вёсак сёння часам самі і не ўзгадаюць, з чаго ўсё пачалося. Але мадэль свята стагоддзямі застаецца нязменнай: на апошняе навалунне вясны мясцовыя жанчыны прыбіраюцца ў святочныя ільняныя строі, збіраюцца разам і ідуць шэрагавай працэсіяй праз вёску, спяваючы «стрэльныя» песні (песні, якія, дарэчы, паўплывалі як на музыку Пятра Чайкоўскага, так і на творчасць шэрагу рок-гуртоў ХХІ стагоддзя). Карагодніцы рухаюцца да жыта, дзе закопваюць у зямлі «стралу», тым самым хаваючы цёмную сілу разбурэння Сусвету, пераўтвараючы яе ў дабро, плоднасць, багацце і поспех.  

Прэзентацыя адбудзецца 31 кастрычніка а 15 гадзіне. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: