Праблемы дырэктарскага крэсла

Чаму змена кіраўніка заўсёды ператвараецца ў катастрофу?

Фота: МТРК «МИР» / Вікторыя Грышына

Фота: МТРК «МИР» / Вікторыя Грышына

У Вялікім тэатры Беларусі новы генеральны дырэктар: Аляксандр Пятровіч. Яго папярэднік Уладзімір Грыдзюшка працаваў на гэтай пасадзе дзесяць гадоў запар. Творчы калектыў нават накіраваў на імя кіраўніка краіны адкрыты ліст з просьбай працягнуць кантракт са спадаром Грыдзюшкам, але выніку гучная інфармацыйная кампанія не прынесла. За гэтым розгаласам мы практычна выпусцілі з-пад увагі больш важнае. Пры любым раскладзе нават самыя знакамітыя дырэктары, што сёння ўзначальваюць беларускія тэатры, рана ці позна сыдуць, бо навука яшчэ не вынайшла эліксір неўміручасці. А вось ці ёсць тыя, хто прыйдзе пасля іх?

Дзе пакаленне калі не маладых, дык актыўных, якія ведаюць тэатр, разбіраюцца ў спецыфіцы хоць установы, але перш-наперш тэатральна-відовішчнай? Чаму калектыў Вялікага тэатра так хваляваўся з-за зыходу былога дырэктара? Пакінем за дужкамі плюсы і мінусы яго асобы, што абмяркоўваюцца на адкрытых пляцоўках і за кулісамі. Людзі разумеюць, гэты чалавек ужо досыць даўно ў тэатральным працэсе, а на яго месца маглі накіраваць каго заўгодна. За прыкладамі хадзіць далёка не трэба: быў час, калі дырэктарскую пасаду ў адным са сталічных тэатраў займаў… былы загадчык базы агародніны.

Калісьці я разам з калегамі інтэрв’юіравала нязменага ўжо чацвёрты дзясятак гадоў дырэктара Тэатра імя Максіма Горкага Эдуарда Герасімовіча. Ён у свой час прайшоў «школу» будучых дырэктараў у міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча. У тэатр спадар Герасімовіч прыйшоў ужо добрым знаўцам сваёй сферы. А пасля сам гадоў пятнаццаць чытаў у Акадэміі мастацтваў лекцыі па кіраванні тэатральнай справай. Сярод яго выпускнікоў — Аляксандр Козак, які некалькі дзясяткаў гадоў узначальваў Брэсцкі абласны тэатр драмы, Яўген Клімакоў — сённяшні дырэктар сталічнага Тэатра лялек. Чалавека, у якім бачылі задаткі лідара, расцілі ў калектыве. Зараз ратацыя быццам і не прадугледжана. Так, існуюць у сферы культуры спісы рэзервовых кадраў, аднак людзям з таго пераліку часцяком не хапае профільных ведаў. Вось і атрымліваецца, што кожная змена дырэктара ператвараецца ў бітву са страхамі: а ці не будзе горш?

Эдуард Герасімовіч, фота minsknews.by

Эдуард Герасімовіч, фота minsknews.by

Дзе шукаць будучых тэатральных дырэктараў? Прыклад, калі ў ТЮГу на некаторы час асеў дырэктар Ігар Варонін, успамінаецца са смуткам. Не здарма пасля гэтага ў тэатры аб’ядналі пасады дырэктара і мастацкага кіраўніка, каб за творчы і фінансавы кірункі адказваў рэжысёр Уладзімір Савіцкі. РТБД грымеў пры дырэктары Уладзіміры Карачэўскім, пасля ж яго зыходу тэатр пачаў здаваць абароты. Думаць пра тое, што будзе са сталічным Тэатрам лялек пасля таго, як калі-небудзь праз узрост яго пакіне Клімакоў, увогуле страшна.

Па завядзёнцы новых дырэктараў бяруць з іншых сфер, аднак не ведаючы тэатральнай спецыфікі, немагчыма павесці гэткаю махіну, як тэатр, у патрэбным напрамку. У найгоршым выпадку, недасведчаны дырэктар не толькі праваліць фінансавую гісторыю, аднак і зламае творчы складнік. Бо па існуючых зараз законах дырэктар юрыдычна мае праве не даваць згоды на пастаноўку. Для гэтага дастаткова не падпісаць загад аб пачатку працы над новым спектаклем…

У суседніх краінах пры тэатральных ВНУ даўно дзейнічаюць прадзюсарскія факультэты. У Санкт-Пецярбургу тэатральных менеджараў пачалі рыхтаваць яшчэ ў 1968 годзе. Тады спецыялізацыю «Эканоміка і арганізацыя тэатральнай справы» ўводзілі на тэатразнаўчым факультэце Ленінградскага дзяржаўнага інстытута тэатра, музыкі і кіно (сённяшні Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў). У 2009 годзе ВНУ адкрыла прадзюсарскі факультэт. У вучэбным раскладзе побач з мастацтвазнаўчымі дысцыплінамі стаіць эканамічная тэорыя і менеджмент, маркетынг і фандрайзінг.

У Маскве прадзюсарскі факультэт пры Школе-студыі МХАТ быў створаны ў 1990-м па ініцыятыве Алега Яфрэмава і Алега Табакова. Зараз кафедрай «Менеджмент і прадзюсіраванне выканаўчых мастацтваў» кіруе дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Урын. Разам з мастацтвазнаўчымі дысцыплінамі студэнты вывучаюць, да прыкладу, «Замежную эканоміку і эканамічную палітыку», «Эканоміку культуры», «Фінансавае забеспячэнне прадзюсарскай дзейнасці», «Падаткі і падаткавае планаванне», «Эканоміку працы», «Бухгалтарскі ўлік», «Планаванне і арганізацыю творча-вытворчага працэсу», «Менеджмент», «Майстэрства прадзюсара выканаўчых паслуг», «Маркетынг».

У ГИТИС улетку сваю майстэрню набраў дырэктар маскоўскага тэатра імя Вахтангава Кірыл Крок. Да слова, самага эфектыўнага на сённяшні дзень тэатральнага дырэктара ВНУ доўга ўпрошвала, шукала варыянты, каб патэнцыяльнаму выкладчыку было зручна. Ці можна такое ўявіць у беларускай акадэмічнай рэчаіснасці? Спадар Крок абяцае студэнтам «як мага менш тэорыі і як мага больш практыкі», а таксама заняткі не толькі ва аўдыторыях, але і на базе свайго тэатра.

Акадэмія мастацвтваў

Акадэмія мастацвтваў

А што ў нас? У Акадэміі мастацтваў няма прадзюсарскага факультэта. На сайце ВНУ змешчаны расклад заняткаў на першае паўгоддзе трэцякурснікаў-мастацтвазнаўцаў, побач з якім пазначана «арганізацыя тэатральнай дзейнасці». За семестр яны вывучаць замежную мову, бяспеку жыццядзейнасці чалавека, гісторыю кіно і музычнага тэатра, тэатральную крытыку. І толькі дзве пары на тыдзень будуць прысвечаны фінансам і крэдыту.

Кірыл Крок гаворыць, што адна з галоўных праблем тэатра — «адсутнасць кадравых рэзерваў, адкрытых конкурсных працэдур на займанне пасады дырэктара, дзе б спаборнічалі людзі са сваімі уменнямі і навыкамі, распрацаванымі праграмамі па кіраванні і развіцці тэатра». У беларускай тэатральнай сферы праблемы тыя ж. Аднак суседзі спрабуюць зрабіць хоць якія крокі, каб пераадолець гэтую праблему. Мы ж працягваем спрачацца па лакальных пытаннях і адмаўляемся пабачыць праблему у цэлым: дырэктары, якія маглі б падтрымліваць творчыя памкненні рэжысёраў і пры гэтым знаходзіць грошы пад новыя праекты, не з’явяцца, пакуль мы не пачнем іх рыхтаваць.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!