Мастакі прапанавалі альтэрнатыўны варыянт выкарыстання Астравецкай АЭС

Ажыятаж вакол будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад Астраўцом, што на мяжы з Літвой, у апошні час ператварыўся ў папулярны медыйны серыял з усё новымі скандальнымі дэталямі і трывожнымі экспертнымі прагнозамі.
На гэты раз да грамадскага абмеркавання гэтай праблемнай тэмы для беларусаў падключыліся актывісты і мастакі, якія прапанавалі сваё бачаньне будучыні энергетычнага аб'екта. Разам яны стварылі выставачны праект «Астравец Культуры», створаны пры падтрымцы грамадскага аб'яднання «Экадом» і экалагічнай установы «Агра-Эка-Культура». Яго прэзентацыя 23 жніўня праходзіла ў «Галерэі Ў».

На адкрыцці куратары выставы расказалі, што асноўнай матывам стварэння «Астраўца Культуры» стала вялікае жаданне забраць станцыю сабе і стварыць магчымасць новай будучыні.

«На нашых вачах апошнія пяць гадоў мы бачылі, як з'яўляецца страшны аб'ект. Калі станцыя цалкам набыла свае абрысы, нарадзілася такая зусім неверагодная ідэя, разгледзець сам будынак у адрыве ад яго асноўнага прызначэння, — распавяла Валянціна Кісялёва, дырэктар «Галерэі Ў». — Мы проста змянілі свой погляд на гэтыя будынкі. І стала відавочным, што ў такім маляўнічым месцы, дзе поўна азёр і зеляніны, павінен з'явіцца цэнтр або станцыя мастацтва, экалогіі і навукі».

І менавіта з гэтага пункту гледжання аўтары і разглядалі працэс падрыхтоўкі выставы. Па іх словах яны экспрапрыявалі будучыню гэтага месца, змянілі яму цалкам прызначэнне, збудаваўшы замест недабудаванай АЭС станцыю навукі, мастацтва і экалогіі. Так адзін з рэактараў ператварыўся ў сучасны музей, другі — у планетарый і цэнтр навукі. У іншых збудаваннях размясціліся басейны, кафэ, гасцініцы, клубы і г.д.

«Аб'ект, які мы разглядаем — гэта самае вялікае проціпастаўленне прыродзе. Ён максімальна далёкі ад гарманічнага навакольнага асяроддзя. І мы пастараліся выправіць гэта, зрабіўшы культурны дызайн навакольнага мясцовасці: на тэрыторыі станцыі з'явіліся лясныя сады з пляцоўкамі для адпачынку, сістэма для ўтрымання жывёл, якая эфектыўная і не прыносіць ім шкоды, а наадварот аднаўляе навакольнае асяроддзе. Мы гэтую тэрыторыю распланавалі па прынцыпах пермакультуры», — пракаментавала праект Лана Сяменас, эксперт« Агра-Эка-Культуры».

Над праектам працавала дванаццаць мастакоў з Беларусі, Польшчы, Расіі і Чэхіі на працягу некалькіх тыдняў.

«Некалькі дзён мы правялі ў палявых даследваннях: ездзілі вакол Астраўца, таксама былі ў інфармацыйным цэнтры БелАЭС, і дзякуючы прыукраснай лектарцы даведаліся вельмі шмат пра ядзерную энергію, - прызналася арт-дырэктарка «Галерэі Ў» Ганна Чыстасэрдава. — І мы знайшлі свой адказ, куды гэтую энергію можна пусціць. Каб там здарыўся выбух, але не сапраўдны, а культурніцкі».

Навенікі галерэі па-рознаму адрэагавалі на «Астравец Культуры». Адны ўспрынялі праект сур'ёзна, іншыя наадварот — як спробу разгледзець будаўніцтва ААЭС ў іранічным ключы.

«Я нядаўна ездзіў у Літву і з вокнаў аўтобуса бачыў БелАЭС. Памятаючы, як нас з дзяцінства палохалі Чарнобылем, страшнымі плакатамі пра радыяцыю — вядома, першае ўражанне, якое робяць гэтыя гіганцкія будынкі — гэта страх, яны сапраўды палохаюць, — разважае Алесь Сухадолаў. — Вядома, атамныя станцыі — гэта несучасна, з гэтага можна іранізаваць, з несучасных метадаў здабычы энергіі, але з іншага боку, магчыма, існуюць эканамічныя перадумовы для таго, каб ўрад пайшоў на такі крок, вырашыўшы будаваць гэтую электрастанцыю. Ну а так, з пункту гледжання эстэтыкі, экалогіі і здаровага сэнсу не хацелася, каб з БелАЭС паўтарыўся наш сумны досвед».

Камілу Гілевіч ўразіла, што да тэмы будаўніцтва АЭС у Астраўцы аўтары здолелі падысці з гумарам.

«Гэта цудоўна, калі людзі, якія ствараюць шэдэўры, змаглі падыйсці да тэмы ядзернай энергетыкі з пункту гледжання мастацтва – вельмі класна. Што тычыцца тых арт-аб’ектаў, якія тут выстаўлены, яны дапамагаюць людзям усвядомліваць тое, што будоўля АЭС сапраўды адбываецца, няхай сабе ў 300 км ад Мінска. Але адбываецца тут і зараз. Пакуль ідзе адкрыцце выставы, будаўніцтва працягваецца, і мне, як чалавеку, які нарадзіўся пасля выбуху ЧАЭС і ведае пра гэта па аповедах бацькоў, тых людзей, якія былі жывымі сведкамі катастрофы – для мяне гэта страшна, гэта пужае. Цяжка адказаць, што з намі будзе ў 2019 годзе, калі запусцяць першы рэактар. Я спадзяюся, што ў выніку ён не запрацуе па розных прычынах, бо павінна прыйсці нейкае ўсведамленне, што атамная энергетыка – гэта энергетыка ўчорашняга дня».

Паводле Зялёнага партала

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!