Чакайце рэйды і адмены канцэртаў

Пракуратура палічыла, што ідэолагі выдавалі «гастролькі» з парушэннямі.
Усе беларускія аматары не-шансона, не-балета і не-ідэалагічна правільных артыстаў ужо не ведаюць, чаго ім чакаць заўтра. Канцэрты ў краіне адмяняюцца то ідэолагамі (на роўным месцы), то пракуратурай (пасля скаргаў грамадзянкі Б.) — і часам за дзень да іх правядзення. Вядома, можна паехаць на тую ж Die Antwoord у Кіеў ці Маскву, але ж хочацца нешта дома.

Вось толькі аказалася, што і настолькі закручаныя гайкі пад прыкрыццём часцяком пустых фразаў пра нізкі мастацкі ўзровень — гэта яшчэ не мяжа. Генеральная пракуратура правярала-правярала і выявіла, што гастролькі выканкам выдаваў з парушэннямі. То бок, гэта ў тых крохах, якія ідэолагі зрабілі ласку зацвердзіць, апынуліся канцэрты, якіх у Беларусі быць не павінна.

Пасланне ідэолагам

«Згодна з арт. 210 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры арганізатар мерапрыемства абавязаны ў парадку і ў адпаведнасці з крытэрамі, усталяванымі Радай Міністраў, прысвоіць знак узроставай катэгорыі інфармацыйнай прадукцыі, якая будзе распаўсюджвацца на культурным мерапрыемстве. Такі знак прысвойваецца да пачатку распаўсюджвання інфармацыі з улікам яе магчымасці нанесці шкоду здароўю і развіццю дзяцей.

У асобных праграмах, прапанаваных арганізатарамі мерапрыемстваў, была інфармацыя, якая заахвочвала ўжыванне алкаголю, спажыванне псіхаактыўных рэчываў, заклікала да дыскрымінацыі па рэлігійнай прыкмеце, якая паспрыяла распальванню міжканфесійнай варожасці, прымусу да здзяйснення небяспечных для жыцця дзеянняў.

Пры гэтым службовыя асобы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама згаджаліся з правядзеннем такіх мерапрыемстваў без дачы належнай ацэнкі відавочна заніжанаму знаку узроставай катэгорыі.

Як паказаў маніторынг сеткі Інтэрнэт, арганізатары культурна-відовішчных мерапрыемстваў у шэрагу выпадкаў праз сацыяльныя сеткі паведамлялі аб дапушчальнасці знаходжанні на іх асоб узроставай катэгорыі, доступ якім першапачаткова быў абмежаваны.

Па выніках праверкі Генеральная пракуратура ўнесла прадстаўленне старшыні Мінскага гарвыканкама, у якім запатрабавала:
  • ліквідаваць выяўленыя парушэнні пры выдачы пасведчанняў на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў і забяспечыць кантроль пры іх непасрэдным правядзенні;
  • арганізаваць прафілактычныя акцыі ў культурна-забаўляльных (начных) клубах і установах г. Мінска па прадухіленні іх наведвання непаўналетнімі асобамі ў начны час згодна з патрабаваннямі заканадаўства з адначасовым маніторынгам захавання нормаў супрацьпажарнай бяспекі», — заявіла Генпракуратура.

Чаго чакаць

Вось яно — развіццё. Правільнае, выверанае і шматвектарнае. Зараз з яшчэ большай верагоднасцю беларус зможа слухаць толькі тую музыку, якая падабаецца ідэолагам і пракурорам. Якую-небудзь каліну можна, а гурт з сусветным імем — нельга. У іх узровень не той, а ўсе вакол, акрамя гуртка беларускіх чыноўнікаў, гэтага не зразумелі.

Карацей, чакайце рэйдаў па клубах, забарона на выступ тых, каго раней яшчэ прапускаў, і цётка з начосамі і камеры на канцэрты. Яны будуць «забяспечваць кантроль пры непасрэдным правядзенні».

Паводле kyky.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць