Пралітае святло на таямніцы Лошыцкай сядзібы (ФОТА)

У Мінску адбылася прэзентацыя гістарычна-дакументальнай кнігі Юрыя Кур’яновіча «Старасвецкая Лошыца».


Імпрэза праходзіла ў месцы, якому прысвечана кніга, — на вялізнай адкрытай верандзе Лошыцкай сядзібы, якая была цалкам запоўнена гасцямі.

Перад прысутнымі выступілі загадчык філіяла музея “Лошыцкая Сядзіба” ад “Музей гісторыі горада Мінска” Сяргей Бяспанскі, намеснік дырэктара Лошыцкай садова-паркавай гаспадаркі Яўген Церахаў, былая селекцыянерка, якая працавала ў Лошыцкім садзе Алена Сямашка, пісьменнік Аляксандр Клышка ды іншыя літаратары і даследчыкі.

Выступоўцы падкрэслівалі важнасць скурпулёзнай даследчай працы, якую правёў у бібліятэках і архівах Юрась Кур’яновіч, укладаючы кнігу “Старасвецкая Лошыца”. У ёй сабраныя шматлікія гістарычныя цікавосткі, звязаныя са знакамітымі беларусамі, якія мелі дачыненне да Лошыцы. А з Лошыцкай сядзібай звязаны лёс Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, кампазітара Станіслава Манюшкі, сусветна вядомага навукоўца Мікалая Вавілава, грамадскага дзеяча Эдварда Вайніловіча. Да сядзібы маюць дачыненне прадстаўнікі сем’яў Друцкіх-Горскіх і Прушынскіх, Любанскіх і Кеневічаў, Чапскіх і Путкамераў, а таксама вялікая колькасць вядомых грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў культуры і навукі.

З дапамогай кнігі Юрася Кур’яновіча можна апынуцца ў ХІХ ці XVIII стагоддзі, паблукаць па старадаўніх алеях, адчуць гукі дома часоў Прушынскіх і пазнаёміцца з людзьмі, якія гасцявалі ў маёнтку. Удзельнікі прэзентацыі пазнаёміліся і з гісторыяй Лошыцы па-за свецкага жыцця: у савецкія часы ў сядзібе працавалі навукоўцы-селекцыянеры і сфарміравалася беларуская селекцыйная навука, у часы Другой сусветнай вайны ў доме месцілася рэіздэнцыя нямецкіх уладаў.

“Гэтая кніжка — глыбокае гістарычнае даследаванне куточкаў нашай Беларусі, менавіта Міншчыны. Яна каштоўная тым, што ў ёй багата сабрана гістарычных звестак пра многіх знаных беларусаў са шматлікіх бібліяграфічных крыніцаў.

Яна адлюстроўвае блізкія для нас часы мінулага стагоддзя: дарэвалюцыйны, паслярэвалюцыйны, паваенны. У кнізе паказана, наколькі каштоўнымі гэтыя мясціны былі і для гісторыкаў і для навукоўцаў-біёлагаў”, — адзначыў у гутарцы з журналістам НЧ пісьменнік Алесь Клышка.


Паводле літаратара, кніга “Старасвецкая Лошыца” важная кожнаму чалавеку, які займаецца даследаваннем гісторыі сваёй радзімы, тым, што гэта неад’емная староначка гісторыі гэтага краю і ўсёй Беларусі. Гэта гістарычныя моманты, якія непаўторныя і вельмі важныя для ўзмацнення нацыянальнай тоеснасці беларусаў.
Юрый Кур’яновіч — беларускі гісторык, пісьменнік і перакладчык. У яго перакладзе беларускаму чытачу адкрыліся ўспаміны ўкраінскага навукоўца і пісьменніка Пятра Франко, а таксама творы шэрагу ўкраінскіх аўтараў, якія склалі зборнік прозы «Цвітуць сланечнікі» (2013). Юрась таксама аўтар зборнікаў прозы "Ён і яна" (1996) і "Гарадская элегія" (2007), “Легенды Старасвецкай Лошыцы” ды іншых кніг.

Фота аўтара




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: