Праўда пра Курапаты ў Кіеве

17 траўня ў цэнтры Кіева адкрываецца дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», падрыхтаваная грамадзянскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў» разам са шматлікімі структурамі грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Сярод іх суполка «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій, грамадскае аб’яднаньне «Дыярыуш», грамадскі электронны архіў «Вытокі», прафсаюз РЭП, Арт Cядзіба, грамадскае аб’яднаньне «Цэнтар Супольнасьць», праваабарончы цэнтар «Вясна» і Таварыства беларускай школы.

З украінскага боку партнёрам арганізатараў выступіў Украінскі інстытут нацыянальнай памяці. На ягонае запрашэнне беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у мемарыяльных захадах Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій ва Ўкраіне, які штогод адзначаецца ў трэцюю нядзелю траўня.

Праўда пра Курапаты была адкрытая ў 1988 годзе. Археолаг Зянон Пазьняк і інжынэр Яўген Шмыгалёў сабралі факты, успаміны сведак і надрукавалі артыкул «Курапаты — дарога смерці». У ім было даказана, што ў лясным урочышчы плошчай больш за 26 гектараў на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінску ў 1930-я гады савецкія органы бяспекі расстралялі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых мірных людзей. Пра гэтую трагедыю на курапацкіх пагорках і сёньня сведчаць каля 510 западзінаў — пахаванні нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў.

З тых даваенных гадоў, як Курапаты сталі месцам згубы ахвяраў сталінізму, урочышча перажыло цяжкія часы. Праз яго праклалі магістральны газаправод высокага ціску, пабудавалі, а затым пашырылі Мінскую кальцавую аўтадарогу, у лясным масіве раскапалі і, відаць, эксгумавалі шмат з выяўленых на сёння пахаванняў, хаваючы сляды злачынстваў. Толькі праз пяць гадоў пасьля адкрыцця Курапатаў дзяржава пад ціскам грамадскасці надала ім статус гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння. І толькі праз 16 гадоў зацвердзіла межы зонаў аховы, якія вызначаюць рэжымы ўтрымання прылеглых абшараў. Аднак гэтыя межы няўхільна скарачаюцца праз адносіны ўладаў да каштоўнасці.

У школьных падручніках гісторыі Беларусі ўвогуле ня згадваюцца Курапаты — гэты нацыянальны знак бяды, вядомы ўсяму цывілізаванаму свету. Ва ўрочышчы зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў вандалізму, аднак праваахоўныя органы ані разу не затрымалі злачынцаў. А калі ў 2008 годзе гэта здзейснілі грамадзкія актывісты, чыноўнікі зрабілі ўсё, каб злачынцы засталіся непакаранымі. У 1989 годзе беларускі ўрад прыняў пастанову аб узвядзенні ў Курапатах помніку, але гэтая пастанова ня выкананая і па сёння.

Людзі самі ўшанавалі ў Курапатах памяць ахвяраў НКВД, у тым ліку сваіх дзядоў і бацькоў, месца спачыну якіх невядомае. Менавіта грамадства ўзвяло ва ўрочышчы народны мемарыял і даглядае яго. Менавіта беларуская моладзь зімой 2001–2002 гадоў абараніла ўрочышча ад наступу будаўнікоў падчас пашырэння МКАД. Менавіта грамадзяне спынілі планы будаўніцтва на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» катэджавага пасёлку «Сонечны» з праваслаўнай царквой. Менавіта грамадскасць сыстэматычнымі захадамі, у тым ліку судамі, ліставаннем да чыноўніцтва і зваротамі да людзкой супольнасці, дагэтуль стрымлівае адкрыццё незаконна і самавольна ўзведзенага ля заходняй мяжы ўрочышча забаўляльнага комплексу з першапачатковай назвай «Бульбаш-хол», абразлівай для беларусаў. Менавіта грамадства дамаглося ўключэньня ў ахоўную зону Курапатаў «Дарогі смерці», па якой у 1930-я гады людзей везьлі ў «чорных варанках» на расстрэл.

Ва ўрочышчы стаяць сотні крыжоў, пастаўленых людзьмі з усёй Беларусі. Мемарыяльны камень у Курапатах паставілі беларускія габрэі, ёсьць крыж памяці ад палякаў, стаіць помнік ад амерыканскага народу — мэмарыяльная лава, якую перадаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. У 2013 годзе на сродкі архітэктара Маі Кляшторнай, дачкі расстралянага ў 1930-я гады пісьменьніка Тодара Кляшторнага, па пэрымэтры Курапатаў усталявана 11 ахоўных памежных камянёў.

І на новыя выклікі супраць Курапатаў павінна адказаць грамадства. Трэба адвесці ад мемарыяльнага курапацкага лесу экалагічную пагрозу, якая ідзе ад далейшай забудовы наваколля. З межамі ахоўнай зоны трэба спыніць маніпуляцыі, якія выкарыстоўваюцца, каб пачынаць чарговае будаўніцтва, накшталт узвядзення офіснага будынку з паўднёвага боку Курапатаў.Шмат высілкаў спатрэбіцца, каб уключыць „Дарогу смерці“ ў склад каштоўнасці, правесці нацыянальны конкурс на найлепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў, адкрыць імёны забітых ва ўрочышчы людзей і належна ўшанаваць іх памяць, пабудаваць міжканфесійную капліцу і адчыніць Музей ахвяраў сталінізму, урэшце, зрабіць так, каб пра нацыянальны некропаль змог дазнацца кожны жыхар краіны. Менавіта пра гэта мараць сёння арганізатары выставы і тыя, каму баляць Курапаты.

Ініцыятары і аўтары выставы — грамадзянская ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў», якая сфармавалася ў канцы 2013 году. Яе склалі спецыялісты ў розных галінах – археолагі, архітэктары, гісторыкі, мастакі, скульптары, журналісты, інжынэры, культуролагі, педагогі і юрысты. Ёсць і былыя вязьні ГУЛАГу. Сярод прыярытэтаў — судовая абарона Курапатаў і зонаў іх аховы ад чынавенства, дзялкоў і вандалаў, адкрыццё імёнаў ахвяраў сталінізму ды іхнае ўшанаванне, а таксама пашырэнне ведаў пра нацыянальны некропаль.

Пры ўкладанні выставы выкарыстаныя фотаздымкі Ўладзімера Кармілкіна і Георгія Ліхтаровіча, іншых, у тым ліку невядомых фатографаў, публікацыі Зянона Пазьняка і іншыя выданні прысвечаныя Курапатам, матэрыялы з беларускіх СМІ і электроннага архіву «Вытокі», архіваў грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», грамадскіх аб’яднанняў «Хрысьціянская злучнасьць «Курапаты» і «Дыярыуш», архіву Яўгена Гарэліка, зьнішчанага Бабруйскага музею ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, з асабістых збораў арганізатараў выставы і іхных калегаў, а таксама з інтэрнэту.

Найбольш актыўны ўдзел у стварэнні выставы прымалі сябры ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», у тым ліку Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка і Генадзь Драздоў. Аўтары выставы шчыра ўдзячныя ўсім, хто дапамагаў у яе падрыхтоўцы, найперш былому вязню ГУЛАГу Зінаідзе Тарасевіч, архітэктарам Вадзіму Глінніку і Раману Забеле, мастакам Аляксею Марачкіну і Ігару Марачкіну, археолагам Валянціне Вяргей, Міколе Крывальцэвічу, Алегу Йову, географу Аляксею Галічу, краязнаўцу Алесю Макаву, барду Зміцеру Захарэвічу, палітолагу Валянціне Свяцкай і яшчэ дзясяткам сяброў і паплечнікаў, якія ўклалі свае веды, працу і матэрыялы дзеля стварэння выставы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць